— Ты ведаў раней Шурбігеля? — спытаў Бразгот.
— Ведаў. А што?
— Як ты лічыш, можа яна сысціся з гэтым Гезелерам?
— Не. Дарэчы, яна ведае, хто ён такі.
— Як гэта «ведае»?
— Яна неяк дзіўна гаварыла пра свой ад’езд, быццам на нешта намякала.
— Куды яны паехалі?
— У Брэрніх, на нейкі семінар.
— Божа,— сказаў Бразгот,— як бы я хацеў паехаць туды зараз жа!
— Кінь,— адказаў Альберт,— яна сама ведае, што трэба рабіць.
— Так? Што яна можа зрабіць?
— Не ведаю, будзь упэўнены,— яна сама з ім справіцца.
— Па мордзе яму б надаваць, ды што там па мордзе — пад зад каленам: лепшага ён не варты! Я б яго проста прыбіў.
Альберт прамаўчаў.
— Хлапчанё мяне непакоіць. Уявіць сабе не магу, куды ён падзеўся. Ён жа ведае, што мы сёння ўвечары павінны паехаць разам. Ты есці хочаш?
— Хачу,— сказаў Бразгот,— давай перакусім.
— Хадзем.
Яны пайшлі на кухню. Альберт паставіў на газ каструлю з тушанай капустай, дастаў салатніцу з халадзільніка. Нэла перад ад’ездам паспела замясіць цеста для блінцоў, нарэзаць сала для скварак і змалоць каву. Яна правіла дома тры дні, не запрашаючы гасцей. У доме ў гэтыя дні былі цішыня і парадак. Альберт утаропіўся на надпіс на сцяне: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік». Нечаканае з’яўленне Гезелера выбіла яго з раўнавагі. Ён баяўся сустрэцца з жывым Гезелерам; гаварыць і думаць пра яго было лёгка. Але цяпер умяшаецца маці Нэлы, яна ўблытае ў гэтую гісторыю хлапчука. Бразгот стаяў каля яго і з выразам змрочнай рашучасці на твары глядзеў, як смажацца блінцы і злёгку падскокваюць завязлыя ў цесце скваркі.
Кожны шоргат, што даносіўся з вуліцы, змушаў Альберта насцярожвацца. Ён добра ведаў хаду Марціна: хуткія, лёгкія крокі — у хлопчыка хада Рая. Альберт ведаў, як рыпіць садовая брамка, калі ў яе ўваходзіць Марцін,— ён толькі злёгку прачыняе яе. Нэла заўсёды расчыняе яе адным рыўком, і брамка грукае аб убіты ў зямлю калочак. Марцін жа прачыняе брамку толькі напалову і бачком уваходзіць у сад, і заўсёды гэта суправаджаецца звыклым шоргатам. Гэтага шоргату чакаў Альберт. На патэльні шыпела масла, глуха мармытала пара ў каструлі з капустай — усё гэта раздражняла Альберта, перашкаджала яму лавіць шаргаценне, што даносілася звонку. Ён зняў з патэльні першы гатовы блінец, паклаў яго на талерку Бразгота, прысунуў яму міску з салатай і сказаў:
— Ты мне прабач, мне проста не па сабе. Я з’езджу пашукаю хлапца. Ужо тры гадзіны, а яго ўсё няма.
— Ды нічога з ім не здарыцца.
— Ён мог затрымацца толькі ў двух месцах туды я і з’езджу. А ты еш, а потым заварыш каву.
Кожны раз, калі Марцін спазняўся дадому, у Альберта разыгрывалася фантазія. Гэтак і зараз ён быў не ў стане пазбавіцца жудасных уяўленняў, якія нахлынулі на яго: вулічная катастрофа, кроў, насілкі. Ён бачыў, як падае зямля на крышку труны, чуў, як спявае хор хлопчыкаў, аднакласнікаў Марціна. І этак спявалі дзяўчынкі-англічанкі, вучаніцы Лін, на яе пахаванні. «Media in Vita — У росквіце гадоў». Кроў, раптоўнасць смерці Media in Vita. Альберт прымусіў сябе зменшыць хуткасць. Павольна едучы ўздоўж алеі, ён узіраўся ў кожны куст, хоць і быў упэўнены, што хлопчыка там няма. Гэтак жа ён быў упэўнены, што Нэла паехала менавіта з Гезелерам. Але зараз яго гэта зусім не хвалявала. Прамінуўшы кінатэатр «Атрыум», Альберт пад’ехаў да школы на рагу Генрых-штрасэ. Пустэльная, ціхая вуліца была залітая сонцам. Шматгалосы шум раптоўна разарваў цішыню — у жаночай школе насупраць пачаўся перапынак. Крыкі і смех напалохалі сабаку, які грэўся на сонцы каля варот, і ён, падціснуўшы хвост, перабег на другі бок вуліцы.