Выбрать главу

— Цудоўны краявід! — сказаў ён.

— О так, цудоўны,— адгукнулася яна.

Вось і домік маці Альберта. Яна развешвае ў двары бялізну, а Віль брыдзе ўслед і падае ёй прышчэпкі. Па абедзе сюды прыедзе Альберт з хлопчыкам. Яны слаўна адпачнуць тут. А ўвечары прыедзе Глум, спяе, мабыць. А ў панядзелак яны, магчыма, паедуць некуды далей.

«Спыніце машыну!» —ледзь не вырвалася ў яе.

Але яна змаўчала і толькі каля павароту зноў азірнулася. Віль цярпліва стаяў з прышчэпкамі ў руках, а маці Альберта, паставіўшы на дол ярка-жоўты кош, развешвала яго белую начную кашулю. Нэла з сумам глядзела на гэты сцяг міру, які застаўся далёка ззаду, пакуль дрэвы не схавалі яго.

— Цудоўныя мясціны,— сказаў ён.

— Цудоўныя,— пацвердзіла яна.

Ён зноў недаверліва зірнуў на яе. Магчыма, нешта ў яе голасе змусіла яго насцярожыцца. Але ўсмешка зноў усыпіла яго падазрэнні. Жаночая ўсмешка — цудадзейны бальзам, ад якога святлеюць насупленыя твары мужчын. «I зноў ззяе сонца, і зноў жыццё цудоўнае!» Гезелер наддаў газу, стрэлка спідометра падскочыла да сямідзесяці пяці. Ён упэўнена і лёгка браў крутыя павароты, і ўсё тыя ж кадры мільгалі на экране. «Наведайце замак Брэрніх, пярліну нямецкага барока ў маляўнічай даліне Брэра».

Унізе журчаў Брэр, вузенькая зялёная ручаінка, якая даўно ўжо перасохла б, калі б да яе не падводзілі ваду па падземнай бетоннай трубе. Няхай па-ранейшаму шуміць маляўнічы ручай, надаючы ідылічны выгляд акаляючым лясам і лугам. А вось і непазбежны вадзяны млын. Бадзёры грукат драўлянага кола — чуллівая мелодыя маляўнічай даліны Брэра.

— Божа мой, як прыгожа! — сказаў ён.

— Вельмі прыгожа,— згадзілася яна.

Недаверлівы позірк, гаючая ўсмешка, кадры змяняюць адзін аднаго. На імгненне Нэла нават забылася, што сядзіць каля Гезелера. Нуда зламіла яе, як раптоўная хвароба. Душачы пазяханне, яна праз сілу падтрымлівала «свецкую» гутарку: толькі б ён не заўважыў, як ёй нудна.

Але не, мяркуючы па ўсім, ён упэўнены, што ей вельмі весела слухаць расповед пра тое, як у выніку доўгіх і заблытаных інтрыг яму пашэнціла стаць рэдактарам у «Весніку».

Гезелер збавіў хуткасць. Па абодва бакі дарогі праплываў мірны вясковы пейзаж. Жывыя загародкі, каровы на лузе, свінні каля платоў. Да плаціны было ўжо недалёка — Брэр унізе раптоўна забурліў, быццам дзікая горная рачулка. Пэўна, наглядчык за плацінай павярнуў рычаг, і свежая вада хлынула ў ручай. Брэр прыняў чарговую порцыю вясковай ідыліі. Гэты фільм, як бачна, быў зняты вельмі добрасумленным і старанным аматарам. Шэрае святло, без паўтаноў. Пры гэткім асвятленні ўсё навокал здавалася плоскім, быццам ажылі раптоўна фотаздымкі ў нейкіх сумных альбомах. Цэлая гара альбомаў, і ўсе іх давядзецца перагартаць. Мярцвяна-шэрыя кадры, зафіксаваныя на плёнцы няўмелай рукой, што націснула на спускавую кнопку фотаапарата. Гэтакія ж шэрыя здымкі запаўнялі альбомы яе школьных сябровак. Пранумараваная нудота, альбомы, набітыя здымкамі, якія праяўлялі і друкавалі пыхлівыя фатографы на модных курортах. Ад Фленсбурга да Медыны, ад Кале да Карлсбада, на працягу ўсяго доўгага шляху ад аднаго летняга курорта да іншага было ўвекавечана рашуча ўсё, што заслугоўвала ўвекавечвання. Нуда групамі, нуда ў адзіночку, нуда фарматам 8 на 8 і фарматам 12 на 16, а дзе-нідзе нуда ў партрэтным фармаце. Вось яна — Лота на беразе Медынскага заліва, фармат 18 на 24. Гэта — у альбоме № 12, які адлюстроўвае дзявоцтва Лоты ад выпускнога экзамена да заручын. За ім ідзе альбом № 13 — о, мы не прымхлівыя,— цалкам прысвечаны вяселлю і вясельнаму падарожжу Лоты. Нуда пад вэлюмам і без вэлюму, нуда цнатлівая і нуда пазбыўшыся цнатлівасці. «А вось і тата Бернгарда! Ты яго ўжо бачыла?» — «Не».— «Ды што ты?!» Нікому не вядомы весялун, увекавечаны ў фармаце 6 на 8. Ну, а ў альбоме № 14, вядома, цудоўны малы. Міла, Божа, як міла! Адважная рука генія адрэтушавала здымак і нанесла выразныя шэрыя цені на тварык немаўляці.

Ён, зразумела, спыніць машыну ў самай маляўнічай мясціне, палезе цалавацца, затым выцягне «лейку» з партфеля. Яшчэ адзін здымак для альбома: Нэла на развілку дарог. Унізе бачны Брэр, справа плаціна ў лесе, ціхае возера — суцэльная ідылія. Вёска

Ў даліне, вежа старой царквы ўся ў барочных выкрутасах і гэтакі ж старадаўні шынок «Блакітная свіння».

— Як, вы не ведаеце, адкуль пайшла гэтая назва? Вось паслухайце...

Непазбежны гістарычны анекдот, затым зноў пацалунак, яны выходзяць з машыны, наведзены апарат.

Гатова! Шчоўкнуў і барочную царкву, і «Блакітную свінню»...