Выбрать главу

Цуд здарыўся. Хутка з фоталабараторыі прынясуць пачак нудоты вызначанага фармату.

— Як тут міла! Ці не праўда?

— Але, вельмі міла.

Нэла часта праязджала па гэтай дарозе, да вайны — з мужам, у апошнія гады — з Альбертам, і ніводнага разу яшчэ ёй не было тут нудна. Нават царква і «Блакітная свіння» не наганялі на яе нуды. Але зараз яе так адольвае нуда, што яна больш не мае сілы стрымліваць сябе. Раздражненне неўтаймоўна нарастаў,— гэтак паўзе ўверх ртутны слупок тэрмометра ў спякотны летні дзень.

— Спыніце машыну,— рэзка сказала яна,— я выйду, падыхаю свежым паветрам!

Ён затармазіў. Нэла выйшла з машыны, але не паспела яна прайсці і два крокі ў накірунку лесу, як пачула за спіной шчаўчок і, азірнуўшыся, убачыла Гезелера, які стаяў каля машыны з «лейкай» у руках.

Яна падышла да яго і ціха сказала:

— Ану дайце мне плёнку.

Ён тупа паглядзеў на яе.

— Плёнку дайце, дастаньце касету!

Высока ўзняўшы бровы, Гезелер марудна адчыніў апарат, выняў касету і падаў яе Нэлі. Яна выцягнула з касеты плёнку і парвала яе на кавалачкі.

— Не выношу здымацца,— спакойна сказала яна,— глядзіце не ўздумайце больш здымаць мяне.

Яны зноў селі ў машыну, Нэла крыху павесялела і крадком назірала за Гезелерам. Твар яго набыў упарта-пакрыўджаны выраз, ён нават крыху надзьмуў вусны.

Так і ёсць. Ён спыніў машыну на развілку дарог, адкуль можна было палюбавацца перасыхаючым Брэрам, барочнай царквой і «Блакітнай свіннёй». Пахлапечы гуляючы фотаапаратам, які боўтаўся ў яго на грудзях, ён прамовіў менавіта тыя словы, якіх яна чакала.

— Ну, хіба не чароўна тут!

— Так, вядома,— сказала яна,— а што, доўга яшчэ ехаць да замка?

— З паўгадзіны,— адказаў ён,— вы ведаеце Брэрніх?

— Так, я некалькі разоў была там.

— Як гэта мы з вамі там не сустрэліся? За апошні месяц я двойчы быў у Брэрніху.

— Я ўжо год там не была.

— Ах, вось як? Тады зразумела — я ж тут усяго два месяцы.

— А што вы рабілі да гэтага?

— Вучыўся. Прыйшлося перавучвацца наноў.

— Вы доўга служылі ў войску?

— Так,— адказаў ён,— чатыры гады. Пасля шэсць гадоў замежжа: я ж не меў грамадзянскай прафесіі. Толькі зараз я пачынаю жыць па-чалавечы.

— Жыць? — перапытала яна.— Вы ж, мабыць, гадоў дваццаць восем жывяце на свеце?

— Не, амаль што трыццаць два,— усміхнуўся ён.— Дзякую за камплімент.

— Гэта не камплімент, а звычайная цікаўнасць. Я так і ведала, што вы скажаце, колькі вам гадоў на самай справе. Вы ж не хацелі б выглядаць старэйшым, ці не так?

— Дзеля вас я з задавальненнем накінуў бы сабе гады са два.

— Навошта? — суха запытала яна, абыякава глянуўшы на «Блакітную свінню», якая грэла на сонцы свой наноў пабелены, свежапафарбаваны фасад.

— Тады я быў бы на чатыры гады старэйшым за вас.

— Якія складаныя кампліменты,— стомлена сказала яна.— Але вы памыляецеся, мне ўжо трыццаць сем.

Не, гэта не падобна на паядынак мацёрага бандыта з вопытным следчым. Нешта такое зведвае, мабыць, паліцэйскі чыноўнік, калі дапытвае дробнага зладзюжку.

— Калі і камплімент, то ненаўмысны,— сказаў ён,— вы сапраўды выглядаеце маладзей за свае гады.

— Ведаю.

— Дык што, можа, паедзем далей?

— Паедзем. Толькі, крый Божа, не спыняйцеся ні каля царквы, ні каля «Блакітнай свінні».

Ён з усмешкай глянуў на яе. Нэла змаўчала — дарога перад самым уездам у вёску рабіла крутую пятлю. Гезелер лёгка ўзяў паварот, і яны павольна паехалі па вуліцах мястэчка.

— Забаўная гэтая гісторыя пра «Блакітную свінню», хіба не так? — сказаў ён.

— Пацешная! — згадзілася яна.

Фільм працягваўся — тыповая рэклама бюро падарожжаў.

Лугі, каровы, чыста паголены трэццеразрадны акцёрчык у галоўнай ролі, рэжысуе загадчык аддзелам рэкламы ў бюро падарожжаў — сам быў акцёрам у маладыя гады. А яна? О, яна — кіназорка, якой добра заплацілі за ўдзел у здымках. Фільму патрэбна прыманка! Мірны вясковы пейзаж — як бясплатны дадатак. З кінакамерай — аператар-дылетант, на каротка-тэрміновых аматарскіх курсах яго лічылі здольным хлопцам. Ёй ніяк не ўдаецца абарваць надакучліва мільгаючыя кадры гэтага рэкламнага фільма і ўзнавіць у памяці іншыя кадры: ні фільм, напоўнены ўспамінамі, ні яго другую серыю — непражытае жыццё. Жыццё без баласту, дзеці, свая рэдакцыя, бутэлькі з пярэстымі этыкеткамі ў халадзільніку, Альберт — верны сябра дома. Глума і Больды не было ў гэтым фільме, затое з’явіліся прыгатаванцы 1950 і 1958 гадоў, незачатыя і ненароджаныя дзеці. Яна пакутліва спрабуе ўзнавіць у памяці воблік Рая і зноў распаліць сваю нянавісць. Але памяць падсоўвае толькі шэрыя кадры, цьмяныя, нерухомыя клішэ: італьянскія вёсачкі з рэкламных праспектаў, і на гэтым фоне Рай, быццам турыст, што збіўся з дарогі. Раптам рэчаіснасць урываецца ў мары: яна адчула на сваім плячы руку Гезелера і спакойна сказала: «Прыміце руку!» Ён прыняў руку, і яна марна чакала, што ў душы ўспыхне ранейшая нянавісць.