Выбрать главу

Успомні, успомні — Авесалом Біліг, растаптаны на цэментнай падлозе. Рай, які ніколі не вернецца, яго забілі, прынеслі ў ахвяру прынцыпу, аўтарытэту камандзіра. Але Рай не прыходзіць — памяць маўчыць. Былая нянавісць не вяртаецца, і толькі пазяханнем крывіць рот. Зноў легла на яе плячо рука Гезелера, зноў яна сказала гэтак жа спакойна: «Прыміце руку!» — і ён зноў прыняў руку. I гэта ён называў «жыць па-чалавечы»? Паціскаць жанчыну ў машыне, затым пацалаваць яе на лясной ускраіне... А з галля глядзіць на закаханую парачку пужлівая лань, глядзіць і быццам пасмейваецца. Лань, якая смяецца,— знаходка аператара!

— Кіньце! — сказала яна.— I не спрабуйце больш. Гэта нудна. Раскажыце лепш, на якіх франтах вы ваявалі?

— Не люблю ўспамінаць пра гэта. Спрабую забыць, і гэта мне ўдаецца. Што было, тое прайшло.

— Але на якіх франтах вы былі, гэта, спадзяюся, вы помніце?

— Амаль на ўсіх. На Усходнім, на Заходнім, на Паўднёвым. Толькі на Паўночным не давялося пабыць. Пад канец вайны я быў у арміі Эрвіна.

— У якой арміі? У каго? — перапытала яна.

— У Эрвіна Ромеля. Хіба вам незнаёмае гэта імя?

— Імёны генералаў, прызнацца, мяне ніколі не цікавілі.

— Ну чаму вы такая злосніца?

— Злосніца? Вы быццам з дзяўчынкай размаўляеце: злая дзяўчынка-ўпора, не падае цётцы ручку — у кут яе! Зрэшты, вы, можа, не ведаеце, што мой муж загінуў на фронце?

— Ведаю,— сказаў ён,— патэр Віліброрд мне расказваў. Ды і хто гэтага не ведае. Прабачце мне.

— Што мне вам прабачаць? Што майго мужа прыстрэлілі? Шлёпнулі, і кропка! Перарэзалі стужку кінафільма, якому суджана было ўвасобіцца ў жыццё, ён застаўся нязбыўнай марай, абрыўкі стужкі валяюцца недзе ў архіве. Паспрабуй жа склей іх! Пасля ўсяго гэтага не так ужо і важна памятаць імёны генералаў.

Гезелер доўга маўчаў. Шанавальнае маўчанне! Назіраючы за ім збоку, яна зразумела, што ён думае пра вайну: успамінае суровыя гады нягод, франтавое сяброўства, Эрвіна.

— Як называецца ваш даклад?

— Мой даклад? «Перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».

— Вы будзеце гаварыць пра майго мужа?

— Канешне! — адказаў ён.— У нашы дні нельга гаварыць пра лірыку, не гаворачы пра вашага мужа!

— Мой муж быў забіты пад Калінаўкай,— сказала яна і, глянуўшы на яго са здзіўленнем і расчараваннем, выявіла, што не адчувае аніякага хвалявання. Ніводзін мускул не ўздрыгнуў і на ягоным твары.

— Так, я ведаю, сказаў ён.— Дзіўна, я ж таксама быў у тых мясцінах. Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года я ваяваў на Украіне! Дзіўна, ці не так?

— Так, дзіўна,— сказала яна.

Ёй раптам захацелася, каб ён аказаўся толькі цёзкам таго, сапраўднага Гезелера.

— Забыў, усё забыў,— паўтарыў ён.— Я ўпарта праганяў з памяці вайну. Вайну трэба забыць!

— Так, забыць,— сказала яна.— Забыць усё — удоў і сірот, кроў і бруд, клопаты — і пракладваць шлях у светлую будучыню. Упэўненасці не хопіць — возьмем пазыку ў Крэдытным банку. Забудзем вайну, але абавязкова запомнім імёны генералаў!

— Ах ты, Божа мой, ну што тут асаблівага? Здараецца часам — скажаш слова на жаргоне тых гадоў.

— Сапраўды,— сказала яна,— гэта якраз жаргон тых гадоў.

— Хіба гэта настолькі ўжо кепска?

— Кепска! Кепскія хлопчыкі — так гавораць пра гарэз, якія цягаюць яблыкі з чужога саду. Але для мяне гэта горш, чым «кепска», калі я слухаю ваш «жаргон таго часу». Мой муж ненавідзеў вайну, і я не дам ніводнага верша для вашай анталогіі, калі вы не возьмеце ў дадатак адно з яго пісьмаў, тое, якое выберу я сама. Ён ненавідзеў вайну, ненавідзеў генералаў і ваеншчыну, і я павінна была б ненавідзець вас. Але, дзіўная рэч, вы толькі наводзіце на мяне нуду.

Гезелер усміхнуўся.

— Навошта ж вам ненавідзець мяне? — спытаў ён.

Голас яго прагучаў самотна, і твар набыў той пакутлівы выраз, які цалкам задаволіў бы пастаноўшчыка аматарскага спектакля.

— Я ненавідзела б вас, калі б са смерцю мужа не абарвалася і маё жыццё. Я хачу аднаго — уваскрасіць яго нянавісць, жыць яго нянавісцю. Бо калі б ён ведаў вас у тыя гады або цяпер, усё роўна, ён проста даў бы вам аплявуху. Я павінна была прадоўжыць яго справу, дзейнічаць і думаць так, як ён вучыў мяне, сцябаюць па шчоках людзей, якія забыліся пра вайну, але як слінявыя гімназісты з трапятаннем вымаўляюць імёны генералаў.