— Ой, гэта ты! — ускрыкнуў Генрых.— А дзядзька Альберт цябе паўсюль шукае!
Генрых сядзеў за сталом і нешта пісаў; перад ім ляжаў аркуш паперы, у руцэ ён сціскаў аловак, і выгляд у яго быў вельмі важны. Адарваўшыся ад сваёй работы, ён спытаў:
— Ты ўжо паспеў забегчы дадому?
Марцін не выносіў, калі Генрых напускаў на сябе важнасць, а рабіў ён гэта даволі часта, калі гаварыў яму: «Ну што ты ў гэтым разумееш?» I Марцін выдатна разумеў, што ён мае пры гэтым на ўвазе грошы. Скажам, у грашах ён сапраўды нічога не разумее, але ўсё ж ён не выносіў, калі Генрых так задаваўся. Твар ягоны набываў тады нейкі асаблівы грашовы выраз.
— Не,— адказаў Марцін,— я яшчэ не быў дома.
— Тады зараз жа ідзі дадому. Дзядзька Альберт ведаеш як хвалюецца?
Марцін моўчкі хітнуў галавой і падышоў да Ведьмы, якая выпырхнула насустрач яму са свайго кутка.
— Ну і свіння ж ты,— сказаў Генрых,— проста свіння!
Ён зноў нахіліўся над сваім аркушам. Вільма тым часам занялася з ранцам Марціна. Марцін сеў проста на падлогу каля дзвярэй і ўзяў Вільму да сябе на калені. Яна засмяялася, саслізгнула на падлогу, учапілася за раменьчык ад ранца і адцягнула яго ўбок. Марцін стомлена назіраў за ёй. Вільма паспрабавала адкрыць ранец, яна торгала за раменьчык, але не магла выцягнуць яго са спражкі. Марцін прыцягнуў ранец да сябе, паслабіў абодва раменьчыкі і зноў падпіхнуў ранец да Вільмы. Тая зноў тарганула за адну спражку і, калі металічны шпянёк выйшаў з дзіркі ў раменьчыку, нават закрычала ад радасці. Яна пацягнула другую спражку і, раскрыўшы яе гэтак жа лёгка, прыйшла ў захапленне і закрычала яшчэ мацней. Рэзкім рухам яна адкінула крышку ранца. Марцін назіраў за ёй, прыхінуўшыся да сцяны.
— Не, гэта проста подласць,— паўтарыў Брылах, не паднімаючы галавы. Не дачакаўшыся адказу, ён зірнуў на Марціна і дадаў:
— Ну, і на каго ж ты будзеш падобны? Штаны ж запэцкаеш!
Твар у яго быў важны, грашовы. Марцін змаўчаў, хоць язык у яго свярбеў адказаць: «Ды кінь ты задавацца! Глядзець агідна на тваю грашовую фізіяномію!» Але ён не сказаў гэтага: гаварыць з Генрыхам пра грошы было небяспечна. Аднойчы Марцін ужо паспрабаваў збіць з яго пыху: ён сказаў Генрыху, што ў іх доме заўсёды ёсць грошы, ва ўсіх — у дзядзькі Альберта, у маці і ў бабулі. Пасля гэтага Генрых на працягу шасці тыдняў не з’яўляўся ў іх, шэсць тыдняў не размаўляў з Марцінам. Дзядзьку Альберту дaвялoся ездзіць да Генрыха і ўгаворваць яго, каб ён зноў прыходзіў да іх. У тыя дні Марцін не знаходзіў сабе месца. Таму цяпер ён маўчаў. Прыхіліўшыся да сцяны, ён абхапіў рукамі калені і працягваў назіраць за Вільмай. Тая знайшла сабе новы занятак: яна выцягнула з ранца ўсе кніжкі, пенал, потым раскрыла задачнік, што ляжаў якраз зверху, і тыцнула пальчыкам у адзін з малюнкаў. Увагу яе прыцягнуў намаляваны на ім торт, які можна было падзяліць на восем, на шаснаццаць, на трыццаць дзве часткі і які каштаваў або дзве, або тры, або чатыры маркі. Трэба было даведацца, колькі каштаваў у кожным з гэтых выпадкаў адзін кавалак. Вільма, мабыць, зразумела, што намалявана на карцінцы,— яна моцна выгукнула адно з нямногіх вядомых ёй слоў: «Цукар!» Але «цукрам» Вільма называла і афрыканскія бананы. За тону іх было на месцы заплачана гэтулькі (дарэчы, колькі кілаграмаў у тоне?), нацэнка ў рознічным гандлі склала гэтулькі працэнтаў, пытанне, колькі каштуе кілаграм бананаў? Услед за бананамі Вільма ператварыла ў цукар і вялікае кола сыру, і хлеб, і мяшок в мукой. На малюнку ў чалавека з мяшком была змрочная фізіяномія — Вільма адразу ж вырашыла, што гэта Леа. Затое пекар, што лічыў мяшкі, весела ўсміхаўся; яго яна назвала «тата». Вільма ведала пакуль што тры словы: Леа, тата і цукар. Партрэт на сцяне — гэта «тата». Усіх мужчын, якія былі ласкавыя з ёй, яна таксама называла «тата», а ўсіх, хто ёй не падабаўся,— «Леа».
— Я зраблю сабе бутэрброд з маргарынам,— сказаў Марцін,— можна?