Выбрать главу

— Зразумела,— адказаў Генрых,— але на тваім месцы я ўсё ж пайшоў бы дадому. Дзядзька Альберт вельмі непакоіўся, а ён жа заязджаў сюды ўжо з гадзіну таму.

Марцін зноў змаўчаў, і Генрых паўтарыў сярдзіта:

— Ну і нягоднік жа ты! — I ўжо цішэй дадаў: — Рабі бутэрброд, чаго чакаеш?

Твар яго зрабіўся яшчэ больш сур’ёзным, і было бачна, што ён страшэнна хоча расказаць пра тое, якое адказнае заданне яму даручана. Генрых толькі чакаў пытання. Але Марцін рашыў нізавошта не распытваць яго. Ён стараўся не думаць пра дзядзьку Альберта — злосць паступова прайшла, цяпер ён адчуваў толькі згрызоты сумлення. Вядома, глупства зрабіў: пайшоў чамусьці ў кіно. Марцін паспрабаваў зноў распаліць у сабе злосць. I дзядзька Альберт зрабіўся гэтакім жа «запісачнікам», як і іншыя,— усё часцей піша ён кароткія запіскі на абрыўках газеты, тройчы падкрэслівае самае важнае, на яго думку, слова. Гэтую штуку з падкрэсліваннем прыдумала мама. Яна чамусьці заўсёды падкрэслівае выразы накшталт: «павінна», «не змагла», «нельга было».

— Уставай жа,— раздражнёна сказаў Генрых,— штаны загвэндаеш! Зрабі сабе бутэрброд.

Марцін устаў, абтрос штаны і ўсміхнуўся Вільме. Тая перагарнула старонку задачніка і поўная радасці паказала пальчыкам на барана, які важыў роўна шэсцьдзесят чатыры кілаграмы пяцьсот грамаў. Мяснік купіў яго і заплаціў гэтулькі марак за кожны кілаграм жывой вагі, а пасля прадаў яго, але ўжо на фунты і з гэтакай нацэнкай. Марцін, як і астатнія, не заўважыў падвоху, калі рашаў гэтую задачу, і механічна напісаў шэсцьдзесят чатыры, пяць дзесятых фунта: ён забыўся, што ў кілаграме два фунты. Пасля гэтага настаўнік не прамінаў пераможна заяўляць, што такім чынам усе мяснікі ў горадзе ўмомант збяднеюць. Але мяснікі ў горадзе і не думалі бяднець — справы ў іх ішлі лепей нельга. Вільме вельмі спадабаўся баран, яна прапішчала: «Цукар, цукар!»—і перагарнула старонку. Тут была намалявана нейкая дурнаватая цётка, што купляла ў растэрміноўку матаролер. Генрых па-ранейшаму сядзеў за сталом і падлічваў нешта, моршчачы лоб: Марцін зазірнуў у ягоны лісцік і ўбачыў мноства лічбаў, перакрэсленыя слупкі і падкрэсленыя вынікі. Ён падышоў да буфета, адсунуў убок крышталёвую вазу са штучнымі фруктамі. Шкляныя бананы, персікі, апельсіны. Асабліва выштукаваны быў вінаград — Марцін заўсёды здзіўляўся, да чаго ж ён быў падобны на сапраўдны! Ён ведаў, дзе што стаяла. Вось алюмініевая бляшанка з хлебам, маслёнка з маргарынам, бліскучая бляшанка з яблычным джэмам. Марцін адрэзаў тоўстую лусту хлеба, намазаў яго маргарынам і джэмам і пачаў таропка есці. Ён нават уздыхнуў ад задавальнення. Дома ніхто не мог зразумець, акрамя хіба Глума і Больды, што яму вельмі смачны маргарын. Бабуля жахалася, калі бачыла ў ягоных руках бутэрброд з маргарынам, і сваім бурклівым голасам заводзіла доўгую гаворку пра розныя хваробы, распісвала іх ва ўсіх падрабязнасцях. Гэта былі жудасныя хваробы, і самая небяспечная з іх называлася тэбэцэ. «Глядзіце, справа скончыцца «тэбэцэ»,— галасіла бабуля. Але Марцін лічыў маргарын смачным. Не адыходзячы ад буфета, ён намазаў другі бутэрброд. Вільма радасна заўсміхалася, калі ён зноў сеў каля яе на падлогу. «О ружы, ружы пунсовыя»,— спявала наверсе фрау Барусяк. Яе голас, глыбокі, трудны, здаўся яму раптам крыніцай, з якой бруіла кроў. На імгненне ён выразна ўявіў сабе ружы, пунсовыя ружы, што падалі з рота фрау Барусяк, іх абрысы расплываліся, зліваліся ў адно, і вось ужо з яе рота бруіць кроў. Марцін вырашыў некалі намаляваць гэта: белакурую фрау Барусяк і плынь крывавых руж, якаЯ ліецца ў яе з рота.

Вільма перагартала задачнік амаль да апошняй старонкі. Тут таксама гаворка ішла пра тоны і кілаграмы. На малюнках былі караблі ў порце і таварныя вагоны, што беглі па рэйках: грузавікі і пакгаўзы. Вільма паказвала пальчыкам на матросаў, чыгуначнікаў і шафёраў і падзяляла іх на «татаў» і на «Леа». «Леа» сустракаліся значна часцей: большасць людзей на малюнках мелі нахмураныя, змрочныя твары. «Леа — Леа — тата — Леа — Леа — Леа — тата». На адным малюнку рабочыя валам валілі з заводскіх варот — усіх іх без разбору Вільма залічыла ў «Леа». Катэхізіс расчараваў яе — у ім не было малюнкаў, калі не лічыць пары віньетак. Назваўшы гронкі і гірлянды «цукрам», Вільма адклала катэхізіс. Затое хрэстаматыя аказалася проста скарбам: тут «татаў» на малюнках аказалася значна больш, чым «Леа»; святы Мікалай, святы Марцін, дзеці, што танцуюць у крузе,— усе падрад былі «таты».

Марцін ізноў узяў Вільму на калені і пачаў карміць яе, адломваючы кавалак за кавалкам ад свайго бутэрброда. Яе бледны тоўсты тварык ззяў, і перад кожным кавалкам яна абвяшчала: «Цукар!» Затым яна раптам раздурэлася і пачала безупынку выкрыкваць: «Цукар, цукар, цукар!»