— Ведаеш, хто піша на сцяне гэтае слова? — цверда прагаварыў ён, павярнуўшыся да Марціна. Леа. Цяпер я пераканаўся ў гэтым.
Цагляна-чырвоная морда, што пахне адэкалонам. Ён спявае нейкія дзіўныя песні на матыў царкоўных псалмоў. Словы не разабраць, але гэта ўжо, відаць, нешта непрыстойнае. Мама заўсёды злуецца і гаворыць: «Перастань, калі ласка».
Марцін не адказваў. Навошта? Усё роўна нічога не паправіш. Маўчаў і Генрых. Ён вырашыў адмовіцца ад назначавай паездкі за горад. Няма чаго хадзіць па тонкім лёдзе — так і глядзі, правалішся. Гэта пачуццё ніколі не пакідала яго нават у Бітэнхане — у дзядзькі Віля і маці Альберта, дзе яны гадзінамі гулялі ў футбол, і дзядзька Альберт таксама гуляў з імі, дзе яны лавілі рыбу, хадзілі праз даліну Брэра да плаціны. Ярка свеціць сонца, ніякага клопату, што яшчэ, здаецца, трэба? А на душы неспакойна, прадчуванне нечага непазбежнага, што парушыць гэтую радасць. Пасля Вялікадня Марцін скончыць пачатковую школу і паступіць у гімназію. Ён баяўся нават думаць пра гэта. Вільма мармытала нешта ў сне, на падлозе засталіся параскіданыя цацкі і раскрытая хрэстаматыя. Святы Марцін на вараным кані мчыць праз завею. Залатым мячом ён рассякае свой плашч напалам, каб палову аддаць жабраку,— жабрак вельмі мізэрны: голы, кашчавы дзед сярод снежных гурбаў.
— Паслухай, табе трэба ісці,— сказаў Генрых.— Дзядзька Альберт проста з глузду з’едзе.
Марцін не адказаў, ён задрамаў. Стомлены і галодны, ён усё ж не хацеў ісці дадому. I не таму, што баіцца Альберта, а таму, што сам дзейнічаў па-свінску, і яму было сорамна.
— Эх ты,— сказаў Генрых. Цяпер ён гаварыў і не важнічаў, як звычайна ў такіх выпадках, а толькі ціха і сумна.— Дрэнь ты! Калі б я меў такога дзядзьку, як Альберт...
Голас яго задрыжаў, і ён змоўк, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы. Быў бы Альберт ягоным дзядзькам... Вось адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць Альберт у форме кандуктара. Яго лёгка можна ўявіць у гэтай форме. I ён надзяляе Альберта, акрамя ўласцівых яму вартасцей, усімі прывабнымі рысамі Герта і Карла. Мабыць, ён бы не пасаромеўся сказаць «дзярмо» — слова, што засталося ў спадчыну ад Герта. Гэтае слова не зусім да твару дзядзьку Альберту, але ў ягоных вуснах яно гучала б лагодна, без злосці.
Зрабілася зусім ціха. Толькі недзе высока гудзеў самалёт, які цягнуў за сабой па небе свой доўгі шлейф:
«Ці гатовы ты да ўсяго?» — і раптам зноў заспявала фрау Барусяк. Яна спявала сваю любімую песню. Працяжная мелодыя, поўная пяшчотнага суму: «Не пакінь нас, Дзева прасвятая». Голас сцякаў зверху павольна, кропля за кропляй, як густы духмяны мёд.
Дабрадзейная гераіня,— яна адмовілася ад пенсіі, каб жыць па законе. Пышная бялявая прыгажуня знайшла нарэшце ціхую прыстань. Заўсёды ў яе кішэні цукеркі, мядовыя карамелькі для дзетак. «Не пакінь нас у юдолі смутку»,— спявала яна. А на вуліцы па-ранейшаму было ціха, толькі недзе зусім далёка гудзеў самалёт.
— У панядзелак мы ўсё ж пойдзем у кіно, як дамовіліся,— не расплюшчваючы вачэй, сказаў Марцін,— калі тваю маму не адпусцяць з работы, Больда пасядзіць з дзяўчынкай.
— Добра,— адказаў Генрых,— мы ж з табой дамовіліся.
Ён усё хацеў сказаць, што не паедзе за горад, але ніяк не мог рашыцца. Вельмі ўжо хораша было ў Бітэнхане, хоць ён і ведаў, што будзе там бянтэжыцца, чаго дома з ім ніколі не здаралася. Але там, у трэцім незразумелым свеце, Генрых заўсёды бянтэжыўся. Школа і дом суіснавалі неяк разам. Нават царква пакуль што магла суіснаваць з дамашнім светам. Ён жа яшчэ не зрабіўся распусным, не здзейсніў нічога бессаромнага. Хоць ён бянтэжыўся і ў царкве, але гэтая збянтэжанасць была іншай, гэта было цвёрдае разуменне, што тут-то, мабыць, дабром справа не скончыцца. Надта многія рэчы схаваныя ўглыбіні, і толькі вельмі нямногае застаецца на паверхні.
«У юдолі смутку» — лепей не скажаш. Добра спявае фрау Барусяк.
— У «Атпрыум» ісці няварта,— сказаў Марцін, карціна там нейкая дурацкая.
— Як хочаш.
— А што ідзе ў «Монтэ Карла»?
— Туды зараз не трапіш,— адказаў Генрых, дзяцей да шаснаццаці гадоў не пускаюць.
Напаўраспранутая прыгажуня, пышная і бялявая — ні даць ні ўзяць фрау Барусяк у начной кашулі. Смуглы, падазронага выгляду бамбіза надта ўжо палка абдымае яе. Над парачкай надпіс: Сцеражыцеся бландзінак, а пад грудзямі ў яе прыклеена чырвоная палоска, быццам пелька накінута на прыгажуню і яе смуглага бамбізу — дзеці да 16 гадоў на сеансы не дапускаюцца.