Выбрать главу

Крыху ратавала агульную карціну купка з трох чалавек, якія трымаліся трохі воддаль. Марцін пазнаў былую жонку ў строях Афеліі, побач з якой быў, праўда, не Гамлет, а хтосьці са схаваным пад маскаю тварам, падобны да басконскага баевіка, якімі іх паказваюць у тэлерэпартажах пра заявы ЭТА. Найверагодней, ён быў усё ж спадарожнікам іншай жанчыны — мастачкі Віты, хоць яна і стаяла ў добра знаёмым Марціну заплямленым фарбамі балахоне, павярнуўшыся да басконца спінай. Яе тонкі нервовы профіль Марцін пазнаў бы з безлічы іншых, магчыма, яшчэ і таму, што Віта любіла дэманстраваць яго, паўтараючы, што анфас — маска, а сутнасць пазнаецца ў профілі.

Але гэтая купка выглядала не ўдзельнікамі, а староннімі назіральнікамі таго, што адбывалася. Тым часам сітуацыя вакол ратонды імкліва мянялася.

Марцін, бясспрэчна, стакроць згадзіўся б мець справу са сваімі зласліўцамі, чым з чалавечападобнымі істотамі, якія пачалі адціскаць людзей ад шкла і хутка цалкам запанавалі вакол ратонды. Ён дзесьці ўжо бачыў гэтых пачварных стварэнняў з неміргатлівымі вачыма на безвалосых ілбах і шэрымі кашлатымі хабаткамі замест насоў.

Яны прысмоктваліся хабаткамі да шкла і рабілі яго ў тым месцы відавочна празрыстым і з другога, свайго боку. Бязбровыя вочы, якія прынікалі да пакінутых хабаткамі круглых плямак, сведчылі, што ён не памыляецца.

Неўзабаве чалавекападобныя з’адзіночыліся ў адным месцы, і хабаткі- мацуны заміж бязладных плямак на шкле ўтварылі малюнак, падобны да пчаліных сотаў. Тады Марцін убачыў, што яны цягнуць не падобны ні на што загадкавы апарат са шматлікімі стырчакамі-іголкамі. Апарат прыставілі да «сотаў», і ён пачаў роўна гусці. Праз хвілю Марцін зразумеў, што стырчакі-іголкі насамрэч — тонкія свярдзёлкі, якія пачалі прагна ўгрызацца ў шкло ягонай ужо ненадзейнай фартэцы. Хутка і ўадначас свярдзёлкі паказаліся ўжо з гэтага боку шкла.

Ён злякана адбегся да процілеглай сцяны і ўбачыў, як свярдёлкі ўцягнуліся назад, але затое там, знадворку, хобатаносыя ўтварылі жывы калідор, па якім хтосьці ў масцы ката ішоў з цяжкім молатам у руках-лапах. Марцін з апошняй надзеяй кінуў позірк на Віту з басконцам і Жанну-Ганну, ды іх ужо шчытна атачылі хобатаносыя.

Чалавек-кот размахнуўся молатам, і пад першым жа ўдарам зробленыя агіднымі хабаткамі «соты» разляцеліся на драбочкі, утварыўшы ў шкле вялікае вакно.

Марцін прачнуўся ў халодным поце і доўга ўтаймоўваў сэрца. Урэшце дапамагло тое, што чалавекападобныя істоты, якія кагадзе трымалі яго ў аблозе, былі створаныя ягоным жа ўяўленнем і калісьці жылі ў жоўтым нататніку з сонейкам на вокладцы, увасабляючы сабой падступных і жорсткіх іншапланетнікаў.

34

Пасля ранішняй кавы Марцін паставіўся да сну ўжо амаль весела і сустрэўся з думкаю, ці не завесці яму на прыклад Сведэнборга свой «Журнал сноў».

Нільс папрасіў дазволу папрацаваць, і Марцін атрымаў магчымасць на самоце паблукаць па горадзе. Спачатку яму здавалася, што вось-вось насустрач з-за павароткі пакажуцца стакгольмскія каханкі, але тыя, мусіць, з’ехалі або, не даючы суседзям за сцяной спакою, утрапёна займаліся недзе каханнем.

Марцін з выдаўцом сустрэліся на абедзе ў той самай кавярні. Афіцыянта-шкіпера таксама не было відаць, і ўчорашнія сустрэчы ўжо здаваліся яму прыснёнымі ў добрым і камфортным, параўнаўча з сённяшнім, сне.

35

Народу ў гарадской бібліятэцы сабралася паболей, чым на кніжным кірмашы: гарадок, напэўна, не быў распешчаны культурнымі імпрэзамі. Разам з тым Нільс і дырэктар бібліятэкі пайшлі на невялікую хітрасць. Частка прысутных яўна засталася паслухаць замежнага госця пасля вернісажу ў холе.

Выстава складалася з фотапартрэтаў, аўтарам якіх быў сам дырэктар — невысокі, круглагаловы і наогул круглявы лысы чалавек, што няспынна выпраменьваў цеплыню і гасціннасць. Аказалася, ён усё свядомае жыццё здымае землякоў. Фатаграфіі не столькі чаплялі вока і розум майстэрствам, колькі, падумаў Марцін, своеасаблівым выбарам герояў. Ці не кожны другі з іх меў якуюсьці, часам невідавочную, але часцей выразную загану.