Выбрать главу
38

Нільс вырашыў павесці ў пытаннях рэй і пацікавіўся, якой госць бачыць ролю класічнай літаратуры. «Мой сябар, літаратар і мысляр, — загаварыў Марцін, — называе класіку машынай часу і, паволе ягоных слоў, знаходзіцца цяпер недзе ў эпосе Плутарха». — «А вы?» — «Мне здаецца, я ў адным часе з вамі, хоць, здараецца, трапляю ў стагоддзе Сервантэса і Шэкспіра». Нільс тонка ўсміхнуўся. «Але для мяне, — працягваў Марцін, — класіка ўсё ж нешта іншае. Бывае, што яна нагадвае, перапрашаю, захапляльны паноптыкум, і тады я з пачуццём вінаватасці думаю, што гэта, вядома, не так. Класіка — перадусім сістэма каардынатаў. Прычым не толькі ў літаратуры, але таксама ў прасторы і часе. І тут я ў нечым згодны са сваім сябрам…»

Хтосьці нясмела паапладзіраваў. Марцін адчуў, што ўжо засумаваў па абмене паглядамі з жанчынай у зялёным швэдры.

Наступны запыт прагучаў якраз з другога шэрагу.

Пружыніста падняўшыся і паправіўшы пышныя каштанавыя валасы, красуня, што сышла з фатаграфіі, спыталася, ці вядуцца ў Марцінавай краіне эльфы, гномы, ундзіны ды іншыя істоты падобнага кшталту. Напэўна, праз складанасць назваў гэтых суседзяў чалавека пытанне прагучала па- шведску, і, пакуль Нільс перакладаў, а Марцін смакаваў яе грудны голас з уніклівымі ласкавымі ноткамі, у зале — а мо яму адно мірсцілася — запала напятае, з адценнем трывогі маўчанне.

На тэму нацыянальнага пантэона добрых, злых ці абыякавых да чалавека стварэнняў Марцін здатны быў прачытаць грунтоўную лекцыю і пабуджаны пасярод ночы. Ён абмежаваўся тым, што коратка адзначыў: яго народ тут не абдзелены, згадаў колькі імёнаў паганскіх бажкоў і з усёй магчымай сур’ёзнасцю паведаміў, што найбольш жывучымі і трывушчымі выявіліся якраз найбліжэйшыя да людзей дамавікі, лазнікі, лесавікі ды вадзянікі з русалкамі-ўндзінамі. Свой лаканічны адказ Марцін расквеціў аповедам пра родную бабулю, у якой дамавік, па яе словах, почасту прысаджваўся за стол на вячэру, а лесавік, бывала, зладзеявата даіў казу, а ў калядныя халады без дазволу залазіў начаваць у падпечча. На такі адказ ягонай англійскай не хапіла, але, мяркуючы па смеху ў зале, Нільс справіўся з перакладам няблага.

І тут грымнула.

39

Прыгажуня ў швэдры зноў устала, абцягнула зялёныя рукавы на пальцы і хутка, глытаючы словы, загаварыла па-англійску. З усімі дзівоснымі істотамі, пра якіх расказаў госць, яна цудоўна знаёмая. Чаму? Ды з тае прычыны, што яны або жывуць у яе, або часта наведваюцца ў ейны дом, куды яна, каб госць пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, запрашае яго на гарбату ці на нешта мацнейшае ды цікавейшае.

Дырэктар бібліятэкі зрабіў спробу перавесці прапанову ў жарт, аднак расхваляваная красуня не падтрымала ягонага тону і настойвала. Усе будуць радыя, казала яна, маючы на ўвазе сваіх кватарантаў, а можа — хто ведае? — і паўнапраўных гаспадароў. Яны сыграюць прывітальны марш, бо маюць свой аркестрык. Госць можа спыніцца ў яе на гэтую ноч і на колькі заўгодна. Авал твару ў абладзе каштанавых валасоў залівала густая чырвань, у вачах успыхвалі неспакойныя агеньчыкі.

40

Публіка перашэптвалася. Дырэктар абвясціў прэзентацыю скончанай, і Нільс дзьмухнуў на свечку. Усіх чакаў пачастунак ад выдаўца і ўнікальная магчымасць узяць аўтограф у аўтара, які жыве крыху бліжэй за паўночныя шведскія фіёрды.

Прысутныя з гатовасцю адгукнуліся на абодва заклікі. Хвілінаў пятнаццаць Марцін падпісваў кнігі, гадаючы, ці падыдзе да яго стакгольмская парачка і ўдзельнік вечарыны, падобны да Любаміра. Аднак апошняй у невялікай чарзе апынулася гаспадыня дома з дамавікамі.

Марцін ужо рыхтаваўся дадаць да стандартнага With the best wishes from the author штосьці адмысловае, але заміж кнігі на столік перад ім лёг ліст — пульхная ружовая капэрта з напісаным буйнымі літарамі словам Urgent і драбнейшым подпісам — Emma.

Ён узняў галаву, іхнія позіркі сустрэліся. У Эміных зялёных вачах пульсавала няпростая гама эмоцый, з якіх Марцін здолеў вылучыць роспач і надзею. Ён убачыў у яе валасах нітачкі ранняй сівізны. Кропелька восені чулася і ў празрыстым водары парфумы.

Марціну хацелася супакоіць Эму ціхімі словамі, пацалаваць ёй руку, ды жанчына імпэтна адышла да вакна, паспеўшы ўсёй сваёй істотай — ад секунднага дотыку цёплай рукі да перарывістага гарачага дыхання — пакінуць мужчынскую існасць Марціна разгублена-расхваляванай.