Выбрать главу

Па шырокім драўляным падвоканні ішлі сланы, і сярэдні з іх меў чорныя біўні. Антыкварная крама месцілася каля царквы з могілкамі. На фатаграфіі ў глыбіні саду свяцілася вакно з жаночым сілуэтам. У гатэльным калідоры шкіпер элегантна рэквізоўваў пляшку ў маладзёна з бакенбардамі. У Эмы была смочка настаўніцы Тамары. У глыбіні калідора, калі ён паўгадзіны таму адчыняў нумар, мільганулася пара, падазрона падобная да ягоных навязлівых знаёмых. Усё гэта пагражала скласціся ў сістэму ці, праўдзівей, у сціхотную мазаіку, дзе яшчэ не хапала нейкіх кавалачкаў смальты.

Марціну карцела распакаваць падарунак дырэктара бібліятэкі, але гэтае жаданне і палохала. Яму мроілася, што вакно асабняка на здымку будзе пустым.

У дзверы асцярожліва пастукалі. Марцін глянуў на гадзіннік, стрэлкі якога перапаўзлі за поўнач, паказваючы, што пачынаецца пятніца. «Памыліліся». Марцін з астатніх сілаў намагаўся навесці ў бязладдзі думак хоць які парадак.

Стук паўтарыўся і зрабіўся настойлівым. Марціну здалося, што ён чуе ў калідоры прыцішаныя галасы.

З таго боку торгалі за ручку. Марцін ліхаманкава спрабаваў нешта вырашыць. «Запалкі!» Ён знайшоў у кішэні пінжака прыхопленыя з прэзентацыі запалкі і скруціў у жмуток колькі вырваных са штодзённіка аркушаў. Зараз ён чыркне запалкай, і праз хвілю, несучы палёгку, зараве сірэна. Нібыта даведаўшыся пра ягоны намер, за дзвярыма супакоіліся. На ўсялякі выпадак, як і ў ноч пажарнай трывогі, Марцін падышоў да вакна і паглядзеў на блізкі газон.

Якраз тут у дзвярах і спрацаваў электронны замок. Марцін схапіў запалкі з паперай, ды нешта спыніла яго.

Дзверы пачалі павольна, вельмі павольна адчыняцца. У іх яшчэ нікога не было, але на прысценак лёг зялёны водсвет. Марцін памкнуўся схаваць у шуфлядку капэрту з майткамі, аднак замест гэтага адкінуўся ў фатэль ды істэрычна засмяяўся.

2016