Выбрать главу

Калі-нікалі гульня дзячыла яму за вернасць. Ён не вёў дакладнага ўліку таго, што адбывалася 23 красавіка ці ў суседнія дні, ды якраз тады, пры канцы красавіка, некалі перажыў бурнае развітанне з жонкай-актрысаю Жаннай, якую ў сапраўднасці звалі Ганнай. Праз колькі гадоў гэтай парою завязалася знаёмства з мастачкаю Вітай. Яно перарасло ў працяглую, збольшага шчаслівую гісторыю, што, на жаль, пяць гадоў таму — праўда, не ў красавіку, а ў траўні — завяршылася ад’ездам Віты на міжнародны пленэр у Краіну баскаў, які, даходзілі чуткі, скончыўся для яе шлюбам з неўзабаве асуджаным на працяглы тэрмін байцом ЭТА.

Летась і залетась у красавіку не здарылася нічога прыкметнага, а вось тры гады таму Марцін адзіны раз у жыцці выйграў у латарэю. Грошы прыйшлі не богведама якія, аднак хапіла на велікодную выправу ў Вільню з прыстойным зацішным гатэлем у Старым горадзе і трохвечаровай вандроўкаю па знаёмых кавярнях. Ён піў за Шэкспіра з Сервантэсам моцныя літоўскія настойкі, часам, палохаючы афіцыянтаў, дэкламаваў самому сабе ўлюбёныя санеты славутага грамадзяніна горада Стратфарда, а ў адной пітной установе паблізу Базылянскіх муроў пасля шматлікіх кілішкаў Suktinis’у пакінуў шчодры гасцінец, падпісаўшыся як «Д.К. з Ламанчы», за што назаўтра адчуваў пякучы сорам.

9

Марцін не стаў літаратуразнаўцам. Ён меў дыплом географа і навуковую ступень, але пасля сарака ў пэўным сэнсе вярнуўся да падлеткавага захаплення чытвом з разнастайнымі цікавосткамі — узяўся пісаць турыстычныя даведнікі. Яму падабалася тлумачыць замежнікам, а заадно і неабазнаным суайчыннікам, што ягоная краіна не проста знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, а мае і еўрапейскую гісторыю — з замкамі, магдэбургскім правам, рыцарскімі турнірамі…

У Марціна было лёгкае пяро. Справы ішлі няблага, і ў яго з’явіўся свой выдавец. Пасля кніжкі пра вядомых асобаў, што калісьці адзначыліся ў гэтых шыротах — ад заваёўнікаў розных эпох да Лі Харві Освальда, на прыз якога іхні школьны настаўнік вайсковай падрыхтоўкі ў гады халоднай вайны з Захадам праводзіў штогадовыя стралковыя спаборніцтвы — Марцін пачаў задумвацца пра тое, каб пакінуць выкладчыцкую працу. Студэнты прыносілі на экзамены турыстычныя даведнікі і, падлабуньваючыся, прасілі ў Марціна аўтографы, а яму ўжо мроілася, як ён будзе ставіць подпісы на тытуле свайго гістарычнага рамана, героі якога наведваліся ў сны.

10

У самалёце Марцін, узяўшы маленькую пляшачку чырвонага віна, працягваў думаць пра Шэкспіра і Сервантэса. Ён — гэта сталася важным элементам гульні — выдатна ведаў іх жыццяпісы разам з легендамі, дыскусіямі і здагадкамі і сачыў за ўсімі новымі знаходкамі ды версіямі. Нядаўна, да прыкладу, знайшоў у сеціве сцверджанне, што, прынамсі, за частку славы Шэкспір мусіў быць удзячны яго багатай сучасніцы-габрэйцы, надзеленай бліскучым літаратурным талентам. Вядома, не абмінуў Марцін увагаю і свежае паведамленне пра адшуканне магілы Сервантэса ў мадрыдскім кляштары ордэна босых трынітарыяў, якія заплацілі выкуп за пісьменніка, калі той быў захоплены піратамі і пяць гадоў пакутваў у алжырскім палоне.

Апрача таго Марцін сябраваў з Мнемазінай і калісьці вывучыў усе шэкспіраўскія санеты, прычым расставіў іх у памяці па нумараваных палічках, адкуль санеты вельмі зручна было здымаць у патрэбныя моманты. Зрэшты, парою яны і самі прасіліся на волю.

Вось і цяпер, не паспеў Марцін чарговы раз пагадзіцца з тымі, хто лічыць 126 першых санетаў адрасаванымі маладому мужчыну, да якога аўтар меў зусім не платанічныя пачуцці, як гэтыя вершы загучалі ў ім на вышыні дзесяці тысяч кіламетраў над роўнем мора:

Любоў мая не ідалапаклонства, А мой каханы ідалам не ёсць. Хоць пра яго яму пяю бясконца, Ягоную ўслаўляю прыгажосць.

Ён замовіў яшчэ адну паднябесную пляшачку чырвонага.

Дваццаць шэсць наступных санетаў відавочна звернутыя да жанчыны. То бок Шэспір адрозна, напрыклад, ад Уайлда здолеў пазбыцца небяспечнага ў тыя часы захаплення або, прынамсі, дадаць да яго іншае, да якога грамадства ставілася з большым разумением.

На радасць мне і на пакуту мне Ва мне жывуць адразу два каханні. Адно — кабета, што за ноч цямней, Другое — сябар у анёльскім ўбранні…

Разам з тым цікава, што ў тастаманце драматург пазначыў перадачу жонцы свайго «другога па якасці ложка». Адны шэкспіразнаўцы расцэньваюць тое як падкрэсленую абразу, іншыя, аднак, перакананыя, што гаворка ідзе пра сужэнскі ложак і што нічога зневажальнага ў тастаманце і не начавала.