Выбрать главу
15

Спярша Марціну здалося, што звініць будзільнік. Ён намацаў на століку пры ложку тэлефон і зрабіў спробу вымкнуць званок, аднак нічога не атрымалася. Канчаткова прачнуўшыся, ён даўмеўся, што тэлефон невінаваты. Вусцішны прарэзлівы гук вырастаў і запаўняў усю прастору. «Такім і нябожчыкаў з магіл падымеш», — змрочна падумаў Марцін і запаліў настольную лямпу, бо за вакном яшчэ раскашавала ноч.

У наступнае імгненне першы раз па-шведску, а затым па-англійску грамавым голасам загаварылі сцены: Fire! Fire! Please, leave your rooms at onse!

У нявыспанай свядомасці мільганула: «Вось табе і прыгоды. Дачакаўся!»

Марцін ведаў за сабой каштоўную асаблівасць: пры небяспецы галава на хвілю рабілася пустой і звонкай, а затым нейроны ўключалі поўную хуткасць.

Дымам не пахла, затое яшчэ чуўся вечаровы водар канвалій. Нумар на другім паверсе. Вакно адчынілася без праблем: унізе ў начной падсветцы зелянеў газон. У калідоры чуліся галасы, ляпанне дзвярэй і тупат шматлікіх ног. Марцін пастанавіў, што, калі спатрэбіцца, выкіне валізку ў вакно, а сам у горшым разе саскочыць на траву.

Ён апрануўся і склаў рэчы, не забыўшы пра гарнітур, што адвешваўся ў шафе. Забраў з лазенкі зубную шчотку і пасту. Там паветра таксама захоўвала чысціню. Чуйка, як Марцін называў інтуіцыю, падказвала, што трывога нейкая несапраўдная, хоць сірэна працягваля нястомна выць, а заклікі пакінуць нумары гучалі на мяжы прыймальных для чалавечага вуха дэцыбелаў. Набраўшы поўныя лёгкія паветра, Марцін асцярожна прачыніў дзверы ў калідор. Дыму не было і там.

Стоячы на парозе нумара, ён назіраў даволі забаўнае відовішча. У прасторны калідор павыходзілі, мусіць, ужо ўсе госці. Большасць апранулася і стрымана чакала развіцця падзеяў. Многія павыносілі і рэчы, астатнія займаліся гэтым цяпер. Між тым у калідоры мітусілася і некалькі не надта апранутых пастаяльцаў, сярод якіх вылучалася амаль голая маладая парачка: яна — у цынамонавай кашульцы і ён — у адных паласатых чорна-белых майтках, але з пачатай пляшкаю віскі ў руцэ.

Выглядала на тое, што парачка ў паніцы запамятавала, з якога яна нумара, бо раз-пораз рабіла роспачныя высілкі пратачыцца то ў Марцінавы, то ў суседнія дзверы злева і справа. Гэтыя высілкі скончыліся тым, што прысадзісты і барадаты, падобны да шкіпера чалавек у клятчастай начной піжаме элегантным рухам выхапіў у зебрастых майткоў пляшку і схаваў яе сабе ў шырокую кішэню.

16

Марцін супакоіўся і ціха радаваўся прыгодзе. Чуйка не здрадзіла: аглушальныя абвесткі, а ўслед за імі і завыванне сірэны, сціхлі. У калідоры з’явілася задыханая супрацоўніца гатэля, якая папрасіла прабачэння: пажарная сігналізацыя спрацавала, бо двое гасцей курылі ў нумары на чацвёртым паверсе. Чалавек з абліччам шкіпера па-англійску, але з нейкім моцным акцэнтам выказаў здагадку, што гэта расейскія турысты і прапанаваў неадкладна выселіць парушальнікаў на вуліцу. Сарваныя з ложкаў пастаяльцы ўхвальна зашумелі, аднак кабета ў гатэльнай уніформе зрабіла выгляд, што не пачула.

Публіка паціху вярталася да сваіх дзвярэй. У выніку выявілася: паўголая парачка, што выскачыла ў калідор, зачыніўшы ў ліхаманцы дзверы, за якімі застаўся і ключ, паходзіць з нумара, сумежнага з Марцінавым.

Пакуль адміністратарка хадзіла па запасны электронны ключ-картку, пастаяльцы не спяшаліся разыходзіцца: дзяліліся ўражаннямі і, як падалося Марціну, досыць некарэктна — што, відаць, тлумачылася агульным узбуджэннем — разглядвалі ягоных гаротных суседзяў.

Худы і даўгалыгі маладзён у майтках мог ганарыцца шыкоўнымі рудымі бакенбардамі. Яго спадарожніца, наадварот, мела пышныя формы і сарамліва ўсміхалася з-пад кароткай светлай грыўкі. Сярэдзіну ейнага ілба аздабляла ці то акуратная радзімка, ці то чырвоная плямка-кропка накшталт тых, што ўпрыгожваюць твары індыйскіх жанчын. Марцін успомніў: такая кропелька называецца біндзі, што на адной з індыйскіх моваў, здаецца, на хіндзі, азначае поўню і сімвалізуе трэцяе вока.

Наогул парачка глядзелася імпазантна, і, калі нарэшце перад ёю адчыніліся дзверы, у калідоры прагучалі воплескі. Найбольш заўзята апладзіраваў шкіпер. Натхнёны гэтым, маладзён у паласатых майтках наблізіўся да шкіпера і запатрабаваў вярнуць рэквізаваную бутэльку, на што той пахітаў галавой і ляпнуў даланёй па пустой кішэні.