Выбрать главу

Абмеркаваньне на рэдкалегii адбывалася ўвогуле дабражадана, некаторыя члены рэдкалегii выказвалiся нават залiшне апалягетычна (Генадзь Бураўкiн, сакратар ЦК камсамола Арсен Ванiцкi). Праўда, былi i такiя, што глыбакадумна прамаўчалi, хоць тое пасьля ня шкодзiла iм сьцьвярджаць, быццам яны галасавалi супроць. Нехта сказаў, што гэта ўжо не аповесьць, а паўнакроўны раман. Але такога азначэньня жанру я пазьбягаў, мяне задавальняла i аповесьць. Пімен Емяльянавiч не хвалiў, хаця i ня ганiў, толькi на самым пачатку сказаў, як пра штось вырашанае: пасаду Сахно трэба зьмянiць. Тое мне ня дужа падабалася, бо такая папраўка шмат што мяняла ў сыстэме iдэяў. Але я зразумеў, i пасьля нядоўгай нарады мы вырашылi ня ўказваць ягонай пасады наогул. Проста — афiцэр штабу. Разумны здагадаецца, а дурню няма чаго ўсё да драбнiц разжоўваць.

Аповесьць друкавалася ў двух нумарах «Маладосцi»[1], даволi хутка паявiлiся i рэцэнзii на яе. Рэцэнзэнты зьвярталi галоўную ўвагу на франтавыя рэалii, дэталi вайны i гераiзм яе радавых удзельнiкаў. Пра «афiцэра штабу» Сахно iмкнулiся ня надта пiсаць, i я супакоiўся. Нават зьявiлася такое адчуваньне, што галоўнай iдэi твору могуць не зразумець, i я ня ведаў, як аднесьцiся да таго.

Улетку мяне запрасiлi ў Маскву на нараду, наладжаную рэдкалегiяй «Юности» i прысьвечаную абмеркаваньню яе маладой прозы. Справа ў тым, што партыйнае кiраўнiцтва было незадаволенае некаторымi публiкацыямi маладых аўтараў, найперш Анатоля Гладзiлiна i Васiля Аксёнава. Перад тым быў зьменены галоўны рэдактар часопiсу, — замест В. Катаева прыйшоў Б. Палявой.

На нараду зь Сярэдняй Азii прыехаў Анатоль Ананьеў, якi ўжо надрукаваў расхвалены крытыкай ваенны раман «Танкi iдуць ромбам», галоўны герой якога надта ж напамiнаў Мiкiту Сяргеевiча Хрушчова. Мы з Анатолем былi аднагодкi, на фронце абодва ваявалi ў саракапятках, ён быў цяжка паранены. Пасялiўшыся ў адным гатэлi на Замаскварэччы, цэлы вечар правялi ў гутарцы пра вайну ды лiтаратуру i выявiлi, здавалася, агульны падыход да творчасьцi маладых. Я меркаваў, што заўтра мы падтрымаем маладую прозу «Юности», i ў гэтым накiрунку рыхтаваў ся да выступленьня. Таму дзiўнавата было пачуць уранку, як Ананьеў адразу пачаў з нападак на Гладзiлiна, Аксёнава i яшчэ некаторых. Вядома, я выступiў у iх абарону, але тады яшчэ болей зьдзiвiў мяне Б. Палявой, якi ў заключным выступе падтрымаў не мяне, а Ананьева за яго «нелицеприятную критику». Зрэшты, Ананьева я неўзабаве зразумеў — калi ён з свае Сярэдняй Азii перабраўся ў Маскву на пасаду намесьнiка рэдактара аднаго аўтарытэтнага часопiсу.

Недзе тою парой цi, можа, трохi раней у Маскву прыяжджаў амэрыканскi пiсьменьнiк, аўтар знакамiтых «Гронак гневу» Джон Стэйнбек, якi завiтаў у «Юность» i дужа горача падтрымаў маладых. «Ня бойцеся быць злымi, маладыя ваўчаняты», — скончыў гэты масьцiты празаiк, зьвяртаючыся да Еўтушэнкi, Гладзiлiна, Аксёнава, Вазьнясенскага ды некаторых iншых. У ЦК, казалi, падняўся вялiкi скандал, i болей амэрыканскаму маэстру вiзу ў Савецкi Саюз не далi. Магчыма, аднак, ён яе i не прасiў. Мiхась Гарбачоў тым часам скончыў пераклад аповесьцi, але «Юность» адмовiлася яе друкаваць. Тады ён аддаў рукапiс у «Новый мир», якi перад тым пачаў набываць дысiдэнцкую славу. I вось аднойчы мне прыносяць тэлеграму з Масквы ад намесьнiка галоўнага рэдактара «Нового мира» Аляксея Кандратовiча з прапановай надрукаваць аповесьць, «если только вам не противен этот журнал». Ведама, я адразу ж адказаў згодай. Гарбачоў чамусьцi маўчаў.

На пачатку восенi ў Рыме зладзiўся чарговы кангрэс КОМЭСА, эўрапейскай пiсьменьнiцкай адзiнай арганiзацыi, зь якой супрацоўнiчаў СП СССР. У Маскве арганiзавалi прадстаўнiчую пiсьменьнiцкую дэлегацыю, у якую ўключылi i мяне. Гэта была ўвогуле рэдкая па тым часе паездка пiсьменьнiкаў на Захад, а для мяне дык першая. Напярэдаднi выезду выклiкаў загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, даваў iнструктаж: трымаць вуха востра, быць асьцярожным, нi з кiм не кантактаваць. За мяжой — усе ворагi. З Масквы на лётнiшча прыехала вялiкая група маладых i старэйшых — Вiктар Шклоўскi, Аляксандр Твардоўскi, Канстанцiн Сiманаў, Рурыкаў, Сучкоў, Аксёнаў, Карым, Марцынкявiчус. Кiраўнiком дэлегацыi быў прызначаны Аляксей Суркоў. У Рыме ўсе разьмясьцiлiся ў адным гатэлi паблiзу ад галоўнай вулiцы Корса i пайшлi аглядаць горад. Рым, канешне, ашаламляў сваiмi старажытнасьцямi, руiнамi Калiзэю, музэямi i палацамi. Схадзiлi ў сабор сьв. Пятра, капэлу Рафаэля. Дужа вабiлi крамы буржуазнага гораду, ды заходзiць туды не было з чым — грошай мы мелi мала. Заставалася хiба разглядваць вiтрыны. У мяне захавалася фота, дзе Юсьцiнас Марцынкявiчус пiльна ўглядаецца праз шкло на выдатную друкоўку, пра якую нам заставалася толькi марыць. Аксёнаў аднойчы згледзеў у кнiжнай вiтрыне раман сваёй мацi, нядаўняй зэчкi Яўгенii Гiнзбург «Ожог» i шапнуў нам, каб пра тое маўчалi.

вернуться

1

Першая была надрукавана ў «ЛiМе», аўтарам яе стаўся крытык Васiль Буран.