— Так, — інспэктар занатоўваў.
— Мы ўлічылі заўвагі камісіі, — Сьцяпан высмаркаўся ў хустачку: "Застуда, халера!" — Прынялі меры...
— Якія?
Сьцяпан расказаў нанава.
— Цяпер будзе добра.
— Слухайце, — ажывіўся той. — Ці не здаецца вам, што тут можа йснаваць сувязь са сьмерцю сакратаркі? Скажам, яна ведала такое, што...
— Не-а, — пахаладзеў Сьцяпан.
— Слухайце, дом — гэта не якіх-небудзь пяць грошай...
— Не-а.
Сьцяпан, заклаўшы рукі за сьпіну, падыйшоў да акна. Ён перш— наперш успомніў кампанейскія зборы, каб магчы ўладкавана, пасьля перадышкі, перабраць у думках цэлую гутарку, якая раптам пачала мець сэнс. Інспэктар, па сваёй далікатнасьці, не чакаў такога рэагаваньня ад Сьцяпана. Апусьціўшы зрок, ён бяздумна маляваў (на лістку з нататніка) дзівосны краявід, які нагадваў фатаздымак, зроблены мэтадам салярызацыі. Зімовы пэйзаж, ці што? Ад няёмкасьці збавіў Сьцяпана тэлефонны званок, з каапэранцкай установы.
На разьвітаньне ён падаў інспэктару руку, моцна й рухава, як тыя, у каго прыёмная поўная наведнікаў. Прамовіў да яго звычаёвую фразу, забыўшыся выйсьці з-за пісьмовага стала; ён ужо меў у іх імянное конта пасываў, якое будзе нарастаць яму з году ў год, зь месяца ў месяц (пагамоўваць яго гэтаксама нельга, як апэраваць ракавую апухліну). — Не, няма трагедыі; аднак-жа, час на высновы. Ой, сабраць памылачку да памылачкі ды прыгледзецца ім, вылучыць падабенствы, падзяліць на катэгорыі і пакарыстацца імі, узяць іх у рукі.
10.
— Зноў піў! — Кіра, каторагасьці дня. — Прыходзіш дамоў, як чмель. Калі гэта скончыцца, га? — крычала яна й скардзілася.
— Разумееш, Кіра, людзі патрабуюць цеплыні... Ну, праўда, затрымаліся мы пасьля працы, купілі бутэльку, выпілі. Пагаварылі ад шчырага сэрца. Чалавек, калі выгаварыцца, лепшы, ведаеш... А ты, Кірачка, сварыся, сварыся на мяне...
— Я, Сьцяпан, ня вытрываю... Прападаеш ты вечарамі зь якімісьці тыпамі. I нашто табе гэта? (Насьценны гадзіньнік адзваніў адзінаццатую.) Я чакаю, выглядаю цябе i думаю пра найгоршае: мо хуліганы пабілі або ў міліцыю трапіў ты, у выцьверазільню якую...
— Мы, Кірачка, нікуды ня лазім, не. Пра справы талкуем, высноўваем...
— З кім?
— Як гэта — з кім? З калегамі. Разам-жа працуем. Ёсьць, разумееш, праблемы, якія й ня сьніліся мне!
— Глядзі, Сьцяпан, каб калегі не завялі цябе пад дурнога хату! Усе яны добранькія дзеля таго, каб пацягнуць за язык, падслухаць i пасьмяяцца.
— Не, Кіранька, маеш на ўвазе тых, якія страцілі надзею або не імкнуліся да яе. Маіх-жа сяброў праца не пазбавіла здаровых расчараваньняў. Яны, разумееш, адчуваюць боль. Зь імі не запозна пачынаць новае.
— П'яны ты, Сьцяпанка.
— Лічыш, што я — пляту?
— Кладавіся, Сьцёпа, спаць. Заўтра будзе лепей відаць.
— Ахмялелы, Кірушка, зьяўляецца болей чалавечным... Яго шчырасць, калі хочаш ведаць тое, не абгароджаная тым плотам, у якім кожная штыхеціна ўстаўленая на ўсякі благі выпадак. Гарэлка — ёсьць сродак пазнаньня...
— Ого, дзякуючы гарэлцы ты закончыш унівэрсытэт.
— Не жартуй, любая мая. Пабачыш, мы перастанем піць i возьмемся за такую справу, ад якой ажно крыўдна будзе, што магчыма пажыць усяго гэтых сто гадоў.
— Вылеціце ў космас — у іншыя вымярэньні часу? — Кіра расьсьцілала пасьцель. — Скажаце мне — палячу з вамі. Ідзі памыйся ды папі гарачай гарбаты з малінавым адварам. У цябе застуда...
— Няма ў мяне застуды, чуеш? Хачу табе сказаць, што дабро пераможа зло...
— Нудзіш, Сьцяпанка!
— Дай мне сказаць! Павінны лічыцца талент i праца, i нічога больш. Кліку, што зьмяіным ядам забівае адкрытыя асабовасьці, разгонім. Правядзем рэвалюцыю! Вырвем джала...
— Вы скінеце старшыню?
— А хаця-б! — Ён выпрастаўся, быццам капраль падчас рапарту.
— Вашы адкрытыя асабовасьці адна гадзюка перадушыць!
— Якая ты, Кіра, беспардонная...
— Бярэцеся — за беспардоннае ці не?
Кіра, не спадзяваючыся таго, прадухіляла рызыкоўныя памкненьні Сьцяпана. Ёй падабалася зьбіваць яго спанталыку. Мела яна адпачытыя мазгі й здольнасьць улоўліваць галоўнае. Знакаміта спрыяў гэтаму інстынкт мацярынскасьці ў ёй, чуцьцё накірунку, зь якога можна чакаць пагрозу. Сьцяпан у гутарках зь ёю правяраў як бы слушнасьць надуманага ды прадуманага. Яго адначасова неспакоіла тое, што чагосьці ён не прадбачвае або й звычайна памыляецца ў, здавалася-б, нечым закончана зразумелым. Патрэбныя час і дасьведчанасьць! — суцяшаўся ён, забыўшыся пра дыспут з жонкай. Міналі гады, падобныя да сябе, як павароты шашы за рэчкаю. Хацелася яму сігануць у поле ці ў зялёную даліну, у якой ня быў, брысьці па страшным месцы, да задышкі, да перуноў уваччу, як гэта калісьці, на дрыгвяністых сажалках Козырскага пад Васільковам, у таямніцы перад маці, у бясхмарнае неба... Нельга пагадзіцца з прадчуваньнем, што пачатак жыцьця зьяўляецца цікавейшым за яго сярэдзіну! Як дарога?