Выбрать главу

На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявіць сваю безабаронную адзіноту. "Я ведала, што ты дурненькі, але не спадзявалася, што ажно настолькі", — прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кіра не згадзілася падаць яму чарку жытнёўкі, хоць гэта й мела ўзбудзіць у ім апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забірае ён з крыві кісларод і ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...

— У цябе, Кірачка, усё прадуманае. Жанчыны наогул такія?

— Што мужчыны рабілі-б бяз нас?

— Прапалі-б!

Яна чульліва абняла Сьцяпана за галаву, і ён, забыўшыся пра градусьнік пад пахаю, прыціснуў яе да сябе й, са спрытам вопытнага каханка, расшпіліў на ёй блюзку. Ратуй мяне, шаптаў, нагрэй. Потым, мілы наркаманік, потым, калі паздаравееш і маці дома ня будзе... Сьцяпан дабіўся ў Кіры свайго, але яго калола слоўца "наркаманік", якім паслугоўвалася яна ў выпалку сваёй неахвоты да штодзённага каханьня, хаваючы жаль порсткай жонкі да няскладнага мужа. Паводле яе апазнаньня, чалавек выключнай дабрыні па сутнасьці не адрозьніваецца, скажам, ад алькаголіка: тое-ж шуканьне ім забыцьця. А жыцьцё дамагаецца ад свайго ўдзельніка ўдарніцтва! У слушнасьці Кірыных высноваў прадчуваў ён незадаволенасьць ім, якую баялася яна выказаць уголас. Быццам у вадказ на тое, як бы міжвольна, ён падсумаваў яе павучаньні:

Калі мусіш думаць, дык не гавары. Калі сказаў, дык не пішы. Калі-ж напісаў, дык не падпісвай. А калі падпісаў, дык сам ты таго хацеў...

Кіра паставіла шклянку са сподкам на падлогу.

— Ты ў чымсьці падазраеш мяне, Сьцяпан, — сказала яна. — Ну, сьмела кажы, менавіта, у чым?!

— Я? — Невядома, калі наскочыць на цябе найгоршае. — Кіра, пашкадуй ты мае нэрвы, — Сьцяпан сеў у пасьцелі. — Я хворы, а ты пачынаеш са мною сур'ёзнае, ад якога напраўду можна дайсьці да думкі, што жыцьцё нас абаіх — нішто іншае, як кантракт i толькі кантракт. Справа на пэўны прамежак часу або парадку рэчаў...

— Прабач, Сьцяпанка. У мяне, ведаеш, хутка мэнструацыя, i таму я без дай прычыны ўзбуджаюся, — яна зграбна схілілася па шклянку. — Я нарыхтую табе паранага малака зь мёдам.

"Мэнструацыя! — калацілася ў ім. — Пачуў-бы гэта набабнік з мудрым ілбом міністра, дык запляваў-бы ад тае сьцены. У сукінсыне не шукай ты пашаны, нават да самога сябе, бо яму й сваё гаўно сьмярдзіць!.." Перад жанімствам з Кірай Сьцяпан перажыў дзіўную прыгоду: маладая ўдава прапанавала яму шлюбнае жыцьцё на паўтары гады, да часу, пакуль вернецца з Канады яе жаніх, стары кавалер, які паехаў туды зарабіць валюты ў брата, уласьніка, здаецца, рамонтных майстэрняў. Ня бойся, я нічога табе не нараджу, супакойвала яна Сьцяпана. А тое, што ты навучысься ад мяне, вельмі прыдасца табе, хлопча, калі сам ажэнісься. Пераканаесься, што i ў каханьні патрэбная навука. Я ведаю гэта, павер ты мне. Падумаю, адказаў ёй Сьцяпан i больш не пабачыўся зь ёю; яна, зрэшты, не шукала яго, відавочна дайшоўшы да вываду, што ён не зразумеў-бы яе або, чаго добрага, потым пусьціўся-б яшчэ ў сабачую скуру.

— Кіра, цябе не зьдзіўляе дзівосная раўнавага ў колькасці мужчынаў i жанчынаў на сьвеце?

— Гм.

— Або: гультай як грамадзкае паняцьце? Што людзі — як тыя валуны, удзірванелыя, якія не варушацца i ў буры зь перунамі? Маланка смаліць такому па хрыбце, ажно дым ідзе зь яго, а ён ляжыць сабе й нават не пачухаецца...

— Я прынясу табе паляпірыну, — Кіра зьнікла.

Растварыла яна дзьве таблеткі.

Гарачка ў Сьцяпана апала.

Цешча вярнулася дамоў зь лімонамі. Дастала яна іх недзе па знаёмстве. Сьцяпан выпіў кубак гэтай кісьляціны з цукрам i задрамаў. Выглядала на тое, што давядзецца яму паляжаць, i гэта злавала яго... Старшыня падсеўся бліжэй, загаварыў — зь яго роту ад нядбайна чышчаных зубоў панесла смуродам, мясной гнільлю. Значыць, пане Сумленевіч, э, вы нязгодны дапамагаць мне ў кіраваньні? Добра, гэта ваша справа. Не, дык не. Як гаворыцца, рабу ня быць свабодным працаўніком. Я не пэдэраст і заганяць вас, э, у пасьцель амаральнасьці ня буду. Вы, відаць, не дарасьлі да перамаганьня, э, зла злом... Так. Я, ведаеце, прайшоў вайну й рознае вычаўпаў на ёй. Бывала, э, уварвуся я ў варожы дом i раву на малагодка: "Рукі ўверх!" А на шаснастоўку: "Скідай, фраў, майткі!.." Агідна я рабіў? Вядома. (Самое-ж забіваньне ёсьць супраціўнае чалавеку. Але спрабуй ты, браток, выйграць бітву, э, нікога не забіваючы.) Вось, пане Сумленевіч, i вы, э, палезьлі-б на сінявокае дзяўчо ў разьбітым горадзе, якое й не падазрае, э, існаваньня сусьветнай палітыкі; у першую хвілю не дадумаецца нават, у чым справа — з асмаленым, э, салдатам. Захіхікае яно, ведаеце, быццам намерыўшыся пагуляць зь ім, бугаём, у хованкі. Па-дзіцячаму. Пасьля вайны — я ажаніўся, i жонка, трасца ёй у бок, падсыпала мне дочак. Ох, э, бязьлітасная яна, зараза! Гляджу я на гэтыя свае доні й, цьфу, бачу ў іх тварыкі падабнюткія да тых, ваенных, згвалтаваных недзе ў каменным хутары, у якім, ведаеш, э, толькі гаспадынін сын хадзіў за гаспадаркай; сёстрам яго-ж ніхто з нас ня даў і коўдрай накрыцца, хоць, э, на паўгадзінкі. Яны колькі дзён і елі лежачы, цьфу!.. Што я кажу табе, балванец. Ня хочаш ты быць маёй курвай, дык ня трэба. Пашкадуеш таго. Я не жартую: пашкадуеш! Так. Курэўства ёсьць частка, э, кожнага чалавека, і як-жа тут думаць пра кар'еру, э, ня зьведаўшы прастьгтуцыі целам і душою?! Гэта-ж так, быццам брацца гасіць пажар, ня ведаючы, што такое агонь. Крывісься? Ну, э, крывіся сабе на здароўе. Жадаеш сабе йсьці ўласнай дарогай? Гэта мне падабаецца. Дазволь мне даць табе параду: ня будзь ты дзекабрыстам! Няхай табе не здаецца, э, што ты запакутуеш, або застанесься незразуметым. Маю перавагу я над табою, э, проста сакрушальную, і таму мяне бярэ ахвота сьмяяцца з таго, як гэта ты сыплеш бясспрэчнымі рацыямі, па-юначаму спадзеючыся на іх сілу; ілюзія непрактычнага розуму! Памятай, Сьцяпан, што самым непераможным і беспамылковым рэвалюцыянэрам зьяўляецца, э, час. Ён ня любіць, калі яго падганяюць... От, жывіна! Што яшчэ табе сказаць?.. Вяртайся ты, э, да старой праўды: маўчаць аб сваіх справах. Кожны выслухоўвае цябе перш за ўсё ў кантэксьце, э, тваёй прыдатнасьці яму. Адсюль — што хочаш: дружба й варожасьць, любоў і нянавісьць, э, зайздросьлівасьць і завісьлівасьць... Так, брацец! Ну, і далучаю я да таго, ведаеш, студэнцкае пажаданьне: скруці, халера, шыю! Хай хада лёгкай табе будзе...