Выбрать главу

— Думаеце, што сумненьні патрэбны нашым начальнікам? — нэрвова пазяхнуў Сьцяпан. — Можаце запісаць іх сабе ў прыватны дзёньнік...

— Гм, а што начальству патрэбна?

— Нічога: фікцыя!

— Калі ласка... Калі ласка, — бухгальтар зноўку падсунуў да сябе арытмомэтр i выкручваў на ім чарговыя дадзеныя, па-хлапечаму пасьвістваючы. Раз нічога, дык нічога, мілы. Мая справа збоку.

— Вам не шкада гадоў, праведзеных збоч дарогі? — зласьлівіў Сьцяпан.

— Як? Якой дарогі?

— Так гаворыцца...

— Ага... О, духоўка будзе каштаваць утрая даражэй, чымсьці...

Сумленевіч ня даў яму дакончыць.

— Кіньце пераймацца гэтым, шаноўны пане. Купяць людзі духоўку i ў пяць разоў даражэйшую! Каму яна неабходная, той за любую цану купіць яе.

— Гм, — стары вырачыўся на Сумленевіча, заўважыўшы, што той не жартуе. Лёгка сказаць, мілы, — ён паўстрымаўся ад далейшых выказваньняў, якія, праўдападобна, Сьцяпан пачуў-бы ў наступным слоўным убраньні: малады чалавек, я лічу, што нельга... i г. д.

— Купяць, — паўтарыў Сьцяпан. — Пакупнікі стагнаць будуць, а купяць!

— Невядома...

— У нас?

— Зь людзьмі.

— Зь людзьмі? Вядома!

Стары вывеў падлт й, сапучы, падаў Сьцяпану запісаны лісток.

"Чаго ён злуецца на мяне?! — Сьцяпан падзякаваў бухгальтару й выйшаў да сябе. — Я зьнелюбіў яго не таму, што суне ён нос у не сваё. Бухгальтар экспанат часткі мяне, той, якая абурае якраз i ганьбіць..."

Ён пачуў у калідоры:

— Добры дзень.

Сьцяпан адказаў на прывітаньне й паглядзеў усьлед за кімсьці.

Ён чакаў думкі, што ўзварушыла-б яго цэлага; уяўляў нават, як гэта адбудзецца. Не здагадваўся, аднак, які будзе зьмест пералому. Адно было яму несумненнае: зьявіцца ў ім, Сьцяпане Сумленевічу, нешта вялікае. Надзвычайнай важнасьці! Зь бязьмежнай ахвярнасьцю зь яго боку, як умова падзеі. Гэтае нарадзілася ў ім яшчэ ў час вучобы ў сярэдняй школе. У пачатковай! Аднаклясьнікі празываліся на Сьцяпана Котляр — так называўся аптэкар, тоўсты тып зь блішчучымі валасамі, які жыў у канцы Гродзенскай, у доміку зь белымі сьценамі пасярод садка. Хлопцы хадзілі туды ў яблыкі й сьмяяліся паміж сабою, што латошаць іх перад самюткім носам таго дзівака, які адвячоркамі сядзіць на ганку й чытае сабе. Аднаго разу Рыжы кінуў сьліўкаю ў аптэкара, але той не адагнуўся з-над кніжкі, каб паглядзець, што здарылася; пачухаўся па карчыску дый столькі. Рыжы любіў быць экзэкутарам. З асалодаю наляскаў ён Сьцяпана па мордзе за тое, што той згадзіўся насіць вугаль i дровы ў павець ля школы, каб заслужыцца перад выхавальнікам клясы.

Пасьля хваробы Сумленевіч пайшоў на працу пасавелым. Ён нават крыху недачуваў, што — пацьвердзіла гэтае лекарка — насоўвала дапушчэньні аб узьніклых ускладненьнях у арганізьме ў выніку вострага запаленьня лёгкіх.

— Ты зноў хварэеш, — пацікавіўся быў Сьцяпанам цесьць. — Ну, хварэй, — і, павярнуўшыся: — Маці, дай мне есьці, — ён паправіў ражок пледу, якім накрыўся Сьцяпан; усьміхнуўся да яго вачыма. — Ляжы сабе. Будзе добра, — сказаў ён Сьцяпану, як намёк на мужчынскую тайніцу.

Ён марудна паабедаў.

Цесьць зьявіўся дома даволі рана, але ня тое зьдзівіла Сьцяпана, які прызвычаіўся да позьніх вяртаньняў старога дамоў і сакрэтных яго шэптаў (зь цешчай). Кірыны бацькі здаваліся Сумленевічу ціхманымі ўласьнікамі кватэры, якую ён быццам наняў у іх. Яны — цяпер сьцяміў гэтае — самі не пыталі ў яго пра маці й бацьку, пра радню. Ім, відаць, хапала таго, што ў дачкі ёсьць неблагі мужчына, не рызыкоўны, і лічылі гэта акуратна ўладжанай патрэбай іх дарослага дзіцяці. Калі памерла й маці Сьцяпана, цесьць сказаў за сталом: "Які-ж ён вам сірата?! Сьцяпан, хіба, разьвёўся з Кірай?" Цешча, праўда, сумелася на тое й, напэўна, нагаварыла — потым — яму непрыемнага. (Кіра нічога ня чула, падаючы жалобнікам закуску.)

— Хваробу трэба вылежаць! — сказаў Сьцяпану цесьць. Неўзабаве ён прынёс яму табурэтку. — Тут, на ёй, будзеш есьці... Ты так не паддавайся бабам. Яны, каб менш работы мець, гатовы карміць чалавека з гаршка, — ён строга загадаў падаць ежу сюды, а сам сеў побач, як бы дапільноўваючы выкананьня сказанага ім.

Сьцяпану прапаў апэтыт. Суп ён яксьці праглынуў; другую-ж страву ўжо не адолеў. Было яму гідка й адначасова сьмешна. (У маленства Сьцяпан чухаў бацьку ў пяты — за тое атрымоўваў ад яго кожны раз па два злоты.)

— Дзякую вам. Я наеўся.

— Ты яшчэ ня дзякуй, еш, — старажаваў каля зяця цесьць. — Хто ня есьць, той не працуе, гэ...

— Яксьці ня хочацца мне...