— Эх ты... — стары ўладна ўсьпёрся рукою на калена. — Колькі даюць табе, скажы, на рабоце?
— Чаго даюць?
— Грошай.
Сьцяпан сказаў.
— Няшмат, — заключыў цесьць. — Гэта, дарагі, не заробак.
— Як на пачатак — нямала, — Сьцяпан улёгся ў пасьцелі: "Мусіць, цешча пасадзіла мяне на язык". — З часам павысяць.
— Гм, павысяць... На трыста злоты. Гэта добрае паненцы, — гаварыў ён зьвяглівым голасам. — Старшыня бярэ, дарагі, ня грошыкі, як ты, а яшчэ й падзарабляе, — стары кінуў на Сьцяпана насьцярожлівы позірк, быццам сказаўшы яму лішняе.
— Ён?!
— Ён, ня ён... Чаго вы там, скажы, не падзялілі паміж сабою, што ўжо сварыцеся?
— Я — са старшынёю? — Сьцяпан хоць і ведаў пра сувязі цесьця ў каапэратыве, але ўсё-такі зьдзівіўся ягонай праінфармаванасьцю. — Хто вам гэта казаў?
— Слухай, — цесьць абмінуў пытаньне, — ён не жадае табе зла. Ты кінь скакаць яму да вачэй. Справядліва табе кажу: зь ім многае магчыма. Гэта дзелавы чалавек і ты трымайся яго.
— Старшыня, хіба, уласьнік каапэратыву, што трэба зь ім дзяліцца?! злосьць, як віхор, скаланула Сьцяпанам. — Мяне не цікавіць тое, кім ён адчувае сябе. Я выдушу зь яго ўсё, што ён павінен зрабіць дзеля агульнай карысьці, пра тую размову Сьцяпан змаўчаў, трапна падумаўшы, што сваё абурэньне на шпікоўскія спробы шэфа лепш захаваць сабе: "Няма чым хваліцца!"
— Як хочаш, — сказаў цесьць.
Якраз увайшла Кіра, засьнежаная й зь вялізным пакункам, як здалося Сьцяпану, яблыкаў...
— Бач, Сьцяпан, што я купіла! — цешылася яна. — Пашанцавала мне: уваходжу я ў краму, ды вачом сваім ня веру — прывезьлі апэльсіны! — Кіра паставіла высокую торбу на падлогу й выбегла ў ванны, каб там павесіць памакрэлае на ёй футра. — Зараз будуць табе, Сьцяпанка, адменныя вітаміны... Сыцылійскія!
Вясёлая яна, калі ня трэба.
Цешча, усё роўна што з боязі перад дачкою, сьпешліва пазьбірала пасуду й узяла табурэтку; яна невыразна буркнула нешта наконт некранутага Сьцяпанам ежыва. "У гэтым доме ўсе ўсіх баяцца? — кампот Сьцяпан выпіў са смакам. Страх i падпарадкаванасьць — вось геній натоўпу!"
Назаўтра стары зноў быў дома раней звыклага часу. Мо' цярпеў ён ад тоеных няўдачаў? Адна Кіра як бы не прыкмячала зьмены ў побыце бацькі. Яна, зрэшты, часьценька выходзіла ў горад, нязьменна прыносячы яблыкі, якіх i без таго было дома ўдосталь. Сумленевіч — усхваляваны тым, што пачуў ад цесьця — забыўся на нямілую яму ажыўленасьць жонкі. I, празь які-небудзь год пасьля, ня мог ён дашукацца пачаткаў свайго няшчасьця з Кірай, пройгрышу, ад якога мужчына, як правіла, скоўзваецца ўніз. Валіцца ён без паратунку, самагубна!..
— Вось табе я скажу, — неяк гаварыў цесьць. — Даўно ёсьць аказія, якой ты ня бачыш. Так, во... Па шчырасьці кажучы, у цябе магла-б быць другая выплата, куды большая ад штатнай, во!..
— Якім цудам?
— Ля каапэратыву круцяцца замежныя кантрагэнты. Яны прыстойна плацяць за тое, што ім патрэбна.
— Паціху?
— Дурань ты, — сказаў цесьць. — Замежнікі даюць зарабіць у вадпаведнасьці з усімі трохсотпяцідзесяцьцю прадметнымі законамі нашай дзяржавы. Нічога нелегальнага там няма.
— I старшыня карыстаецца гэтым?
Ён адказаў Сьцяпану не адразу:
— А карыстаецца, карыстаецца... Улады ня супраць таго, каб чалавек багацеў з працы ўласных рук. У тым, што хтосьці мае проста мільёны ў вашчаднай касе, няма злачынства.
— Ого, калі гэта старшыня пасьпеў гэтулькі награбці, — Сьцяпан не сказаў цесьцю: "Вы каля судоў круціцеся, я веру вам". — Што-ж, малайчына!
— А ты ня сьмейся зь яго. Я з табою — усур'ёз...
— Што вы мне прапануеце?
— Я ўжо казаў табе.
— Зарабляць мне са старшынёй? Чаму-б не, але пра гэта я першы раз чую, ад вас, — адказаў Сьцяпан у дэкляматарскім тоне. — Мой шэф, калі што й гаварыў мне, дык толькі адны паскудзтвы, ажно сорамна паўтараць іх. Ён ня мае намеру ашчасьліўляць мяне дабрабытам, а я ня маю намеру напрошвацца яму ў супольнікі.
— Скандаліш зь ім і чакаеш ад яго прыхільнасьці?
— Ага, ён ужо паскардзіўся на мяне перад вамі, — Сьцяпан: "Стары, урэшце, ускіпіць!" — Прызнаюся, што мне прыемна гэта пачуць. Не такі ён моцны начальнік, значыць, на якога выглядае.
— Хэ-хэ-хэ, сказаў, што ведаў... Ён цябе, браток, бы муху тую, узяў-бы ды — хрусь! — расьціснуў, хэ-хэ-хэ... Бачу, што ня надта разумееш ты, на якім сьвеце жывеш.
— Сьвет — гэта гіганцкія аб'яднаньні зладзеяў ды каапэратывы камбінатараў? Я — у вадным зь іх? I не дарос я да рэчаіснасьці? Да таго, каб брыняць капіталам, на нішто не зважаючы? — Застуда, падумалася Сьцяпану, несумненна спараджае ў мяне рэфлексы дзіцяці, якому перашкаджаюць у гульні.