Выбрать главу

— Навошта?

— Так трэба.

— Цябе будуць судзіць за гэта!

— Я таго й чакаю.

— Суду?

— Суду, Кіра.

— Што ты зноў задумаў?

— Зьнішчыць падлюгу.

— Значыць, каго? Старшыню?

— Ага.

— Самому трапіўшы ў суд?

— Няма іншага спосабу, Кіра.

— Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? I прысудзяць — адкупіць машыну!..

— Хто акажацца злачынцам — пабачым. А машыну, калі трэба будзе, а адкуплю.

— За сваё?

— За сваё, Кіра.

— Ці ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якія ў цябе заробкі?

— Так, Кіра.

— Ты адкупіш — за іх?

— Калі трэба будзе...

Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.

— Ты ненармальны.

— Не разумееш мяне, Кіра.

— Не разумею? Як можна разумець... Зьявілася цешча.

— Крычы, не крычы — сталася, — загаварыла яна. — Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...

Сьцяпан зноў разгарнуў кніжку.

— А балячку, хіба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га? — узлавалася Кіра.

— Ты гаворыш, як пра чужога, — не адступалася ад свайго цешча.

— А ён, калі вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?

— Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан — твой муж, дочка.

— Твой... Твой... Ах, мама, ідзеце вы разам са сваімі павучэньнямі... Кіра вытузнула кніжку са Сьцяпанавых рук. — Слухай ты, булава, калі да цябе гавораць! Не адзін-жа жывеш тут!..

— А ну вас! — цешча, выціраючы далоні аб хвартух, павярнула назад.

— Ну, — Сьцяпан трымаўся.

— Ведаеш, на каго ты падобны?

— Ведаю.

— Перастань ты дурня клеіць ды йдзі да старшыні, чуеш? Прасі яго — мо' прабачыць табе, адпусьціцца...

— Прасіць гэтага лайдака — не ў маім пляне.

— Тады — што?

— Я-ж табе, Кіра, казаў...

— Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!

— Кіра, калі-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьціў-бы да суда. Ён павінен дасканала прадчуваць тое, куды я хілю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба... — Сьцяпан закурыў. — Але — дудкі, запозна: я быў у міліцыі!

— Што?!

— Зараз яму не выкруціцца ад сьледзтва.

— Ты прызнаўся?..

— Гэта вельмі важнае, Кіра: стварыць падставу.

— На сваю галаву?

— Дакладней — на яго.

— Вар'ят ты! Палесьцінец! — Кіра захадзіла па пакоі. — Ну, капцы ўсяму...

— Кіра! Як табе гэта вытлумачыць? — ён паклаў кніжку на паліцу. — Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захуліганіў, але чаму? Якія прычыны склаліся на тое? I я раскажу пра іх на судзе. Публічна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробіцца вялікае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьніцай, што ён праваліцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кіра.

— Паважаны Сьцяпан Сумленевіч, — іранічна скрывіла яна губкі. — Па— першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наіўнасьці, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захірэлую эпоху, і таму, адразу, падлягаеш кваліфікацыі ў музэй. Па— другое, ты вінаваты ў акце тэрору ў дачыненьні да іншай асобы, што ня зможа апраўдаць ніякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсі, на пэрыяд аднаго пакаленьня кіраўнікоў грамадзкага жыцьця, у якіх прозьвішчу Сумленевіча будзе спадарожнічаць даданы сказ: "А, гэта той дурань, які калісьці спаліў аўта, ну, таго..." Па-чацьвертае, ашчасьлівіш ты наступнага праныру, якому, мабыць, і абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшыні. Па— пятае, у каапэратыве нічога ня зьменіцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялі, а імпэрыя ні трошкі не пахіснулася...

— Усё?

— У васноўным — усё.

— Калі-б паверыць табе, Кіра, дык дзеяньне чалавека павінна быць накіраванае безумоўна на асабістую карысьць. Не пратэстуй, бо іншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сілаў дзеля агульнай...

— Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкі на алтар грамадзкасьці, прыгожа кажучы.

— Не бачу я ў гэтым нічога сьмешнага.

— I я. З другога боку.

— Свайго.

— Невядома, хто з нас абаіх чысьцейшы эгаіст, Сьцяпан...

— Што, Кіра, маеш на ўвазе?

— Тваё "я".

— Ах, во яно як!

— Прытым, куды гэта падзелася Сумленевічава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робіш. Дзіця, выдатнік па тэорыі й двоечнік па практыцы, анархіст, вулічны, камічны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымінальная служба падлічыць твае векапомныя зьдзяйсьненьні. Будзе рогату ў судзе, калі абвінавачаны Сумленевіч пачне растлумачваць, што ён спаліў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публіка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнішчаньня камбінатараў: спальваньне іх маёмасьці. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьці людзей, у адрас якіх існуюць маральныя закіды! Толькі справядлівыя сядзяць у турмах! Сьвет — зварухніся! Прачніся!..