Выбрать главу

— Выйдзі, Кіра!

20.

На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлівасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрміновае афармленьне ім разьлікаў у расходваньні каапэратыўнымі аддзеламі будаўнічых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскім квартале ды ў Бельску й Саколцы.

Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камісіі, чысьценька перапісаную. "Няўжо забыўся ён перахапіць крамолу?!" — падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпісаўся на ўсіх пяці экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявіцца ў іх ён, каб парваць на дробненькія кавалачкі гэты нязручны яму дакумант.

Сумленевіч пазваніў членам камісіі, каб i яны падпісалі. На жаль, нікога зь іх ён не застаў на месцы: двух знаходзілася ў каманьдзіроўцы, а трэці хварэў.

"Пачнем ад хворага, які, ёсьць надзея, пра нішто яшчэ ня ведае", — Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.

Ля пераходу цераз вуліцу, побач рэстарану "Гродна" мурашыўся людзкі натоўп. Прычэпа ад грузавіка, нахілленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялізны сабака. Міліцыянты мералі. Бамбіза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад відавоку крыві ката зь віхрастай поўсьцю; хтосьці загінуў ля газону. Грузавік-жа з галавастаю шафёркаю вінавата чакаў, загарадзіўшы замурзаным сваім тулавам дарогу машынам, якія, спадцішка, сыгналілі й аб'яжджалі завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалі шыі, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьці да кагосьці... Шайка вучняў з тлусьценькімі мордачкамі, разявіўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзін зь іх, непаваротліва, фатаграфаваў.

— Добры дзень, Сьцяпан!

Сумленевіч пазнаў у жанчыне прыгожую сяброўку са школы. На ўроках матэматыкі яна добра падказвала яму. Гарбаты настаўнік ставіў ёй за гэта двойку. "От i напалохаў ён мяне, — пасьмейвалася яна падчас перапынку. — Ня быў-бы ён мужчынам: хоць маленькую прыкрасьць, але зробіш!"

— Вітай... — Сьцяпан завагаўся над яе імем, сымпатычным (Вера?). — Бачу, расьцеш ты, як сабе! Банду хлопцаў адна ты разагрэла-б, i то на сьнезе, іначай, чамусьці, ня мог ён гаварыць да яе. — Ну, кажы, што добрага ў цябе чуваць? Муж — пад абцасам, дзяцей — рой, каханкаў — на выбар?..

— Не зьмяніўся ты, Сьцяпан, — адказала яна. — Усё прыкідваесься разбэшчаным...

— Гэта — блага ці добра?

— Нашто пытаеш? Сам ведаеш...

— З пакорай слухаю цябе, — і яшчэ дадаў ён: — Засаромела ты мяне, старога дурня, — Сьцяпан лакомліва закурыў надломленую папяросіну, апошнюю ў пачку. Скажы што-лень пра сябе...

— Бацька мой памёр.

— Бацька? Ад чаго?

— Рак страўніка...

— Які чорт! Калісьці людзі паміралі ад сухотаў, застуды, пабояў, а цяпер, каго не спытай, дык усё — рак, рак, рак... Прабач...

— Нэрвы.

— Так, сапраўды, я замнога дазваляю сабе...

— Кажу пра нэрвы, як пра прычыну хваробы, захворваньняў на рак. I як ні дзіўна, але ў прасмуроджаных гарадох, пракурэлых, ня так і часта пачуеш, каб хто паміраў ад рака, — яна, відаць, думала пра тое. — Горад, ведаеш, дае пачуццё ўласнай вартаснасьці. Важнасьці!

— Твой бацька быў зь вёскі?

— Зь вёскі. З Васількова. З гаспадаркі. Зь зямлі, якой аддаў сваё жыцьцё, але якую ня меў ужо каму пакінуць. Старому і ў галаву не прыходзіла тое, што зноў настануць часы, калі гаспадар будзе самым пагарджаным чалавекам, у супастаўленьні зь якім чысьцільнік камунальных прыбіральняў здасца панам над мужыкамі. Вытворца галоўнага — хлеба... Кантынэнт сялянства апускаецца ніжэй травы, цішэй вады...

Сьцяпан не перабіваў, агламажджаны нагавораным ёю.

Яна ціха разьвіталася.

"Чалавек, што дрыгва: дакранесься да яго й правалісься, — Сьцяпан увайшоў у Юравецкую. — Кожнага абыходзь бокам".

Яму ня верылася, што столькі даведаўся ён ад зграбнай жанчыны.

Член камісіі, да якога йшоў Сьцяпан, жыў на Вятрачнай. У даваенным доміку, у садку, згусьцелым ад разрослых вішнякоў. Зьвяглівы сабака ў глыбіні панадворка кідаўся на ланцузе, дзеручы лапамі зямлю. Ганак, спавіты дзікім вінаградам, з каляровымі шыбкамі ствараў уражаньне крыху казачнага ўваходу ў даўно таемнае.

Выглянула адтуль тоўстая баба.

— Ён хворы, — сказала яна Сьцяпану пра гаспадара. — Вам чаго трэба ад яго?

— Добры дзень вам, — прывітаў яе Сьцяпан. — Я толькі на хвілінку да вас. Мы працуем разам...

— Віцюлік! — крыкнула яна ў сені. — Хтосьці прыйшоў, чуй, да цябе, — і абаперлася мяккім локцем аб вушак. Па-мацярынску самаўпэўненая, стаяла яна так з кухонным нажом у руцэ.