Выбрать главу

Леапольд агледзеў iрваную з запечанай па краях крывёй дзiрку ў тканiне.

- Вялiкая, - заўважыў ён, - але ў выпадку кантактнай цi блiзка да кантактнай раны ад згарання пораху такая дзiрка можа атрымацца.

- Капiтан, я бачыў шмат ран ад куль трыццаць восьмага калiбру. Некалькi нават з'явiлася пасля стрэлу з майго рэвальвера. Але такiх не бачыў нiколi. Што за чорт, яна нават не круглая!

- Флетчэр, што ты хочаш гэтым сказаць? - раптам унутры Леапольда нешта зварухнулася, ён зноў адчуў прыток сiлы.

- Капiтан, дзiрка ў сукенцы намнога большая i рваная, чым адпаведная рана ў грудзях. Менавiта гэта я i хачу сказаць. Куля, ад якой яна загiнула, не магла ўтварыць такую дзiрку. Нi ў якiм разе. А гэта азначае, што яе не забiлi ў той момант, у якi, мы лiчылi, гэта павiнна было здарыцца.

Леапольд схапiў тэлефон i набраў вядомы яму нумар тэлефона ў гатэлi "Таўэрз".

- Спадзяюся, яны ўсталi сёння позна.

- Хто?

- Маладыя. - Леапольд пачаў рэзка гаварыць у слухаўку, называючы тэлефанiстцы прозвiшча таго, з кiм хацеў пагаварыць, i пачаў чакаць адказу. Прайшла цэлая хвiлiна, пакуль на тым канцы лiнii пачуўся заспаны голас Тэда Мора.

- Тэд, гэта я, Леапольд. Прабач, што патурбаваў.

Голас у трубцы апразу ж ажывiўся.

- Усё нармальна, капiтан. Я ж вам казаў тэлефанаваць, калi што трэба.

- Думаю, што такая патрэба ёсць. Вы з Вiкi, вiдаць, добра ведаеце, хто быў запрошаны на вяселле. Спытай яе i скажы, колькi сярод запрошаных было лекараў?

Тэд Мор адышоў на некалькi хвiлiн i зноў вярнуўся да тэлефона.

- Вiкi сказала, што вы другi, хто пытае пра гэта.

- Вось як? Хто ж быў першы?

- Монiка. Вечарам напярэдаднi вяселля, калi яна з'явiлася ў горадзе разам з доктарам Тэрзбi. Яна, як бы мiж iншым, спытала, цi зможа ён пазнаёмiцца на прыёме з iншымi медыкамi. Але Вiкi адказала, што больш лекараў не будзе. Зразумела, мы не пасылалi яму запрашэння, але з павагi да Монiкi пачалi настойваць, каб ён таксама прыйшоў.

- Значыць, пасля стрэлу яе агледзеў Тэрзбi? Нiхто iншы?

- Тэрзбi быў адзiны доктар. Ён сказаў нам выклiкаць "хуткую дапамогу" i сам суправаджаў яе да бальнiцы.

- Дзякуй, Тэд. Ты аказаўся неацэнным памочнiкам.

- Спадзяюся, што так, капiтан.

Леапольд павесiў слухаўку i павярнуўся тварам да Флетчэра.

- Так яно i ёсць. Яна падрыхтавала ўсё разам з гэтым малайцом Тэрзбi. Можаш аддаць наконт яго загад?

- Вядома, магу, - адказаў Флетчэр. Ён падышоў да тэлефона i набраў нумар дзяжурнага пакоя палiцыi. - Д-р Фелiкс Тэрзбi? Так, здаецца, яго завуць?

- Менавiта так. Адзiны доктар сярод гасцей, адзiны, хто мог дапамагчы Монiцы ў здзяйсненнi яе вар'яцкага плана помсты.

Флетчэр аддаў загад i павесiў слухаўку.

- Яны звяжуцца з гатэлем, у якiм ён жыве, i перазвоняць.

- Патэлефануй таксама камiсару. Паведамi яму, што мы атрымалi.

Флетчэр пачаў набiраць нумар тэлефона камiсара, але раптам спынiў палец у паветры.

- Што мы атрымалi, капiтан?

Камiсар сядзеў за сталом, не хаваючы незадаволенасцi тым, што яго выклiкалi ва ўправу ў выхадны дзень, i сумна слухаў iнфармацыю, падрыхтаваную Леапольдам i Флетчэрам. Нарэшце ён упёрся пальцамi ў стол i сказаў:

- Толькi той факт, што гэты д-р Тэрзбi, вiдаць, выехаў з горада, наўрад цi можа быць доказам яго вiны, капiтан. Як вы сцвярджаеце, жанчына заставалася жывой, пакуль яе не забiлi пазней - i што забiў яе Тэрзбi ў машыне "хуткай дапамогi". Але як ён мог гэта зрабiць з дапамогай рэвальвера, якi ўжо да таго часу перайшоў у рукi лейтэнанта Флетчэра i быў аформлены ў якасцi доказу? I як ён мог зрабiць той фатальны стрэл такiм чынам, што яго не пачулi санiтары, якiя былi ў машыне.

- Не ведаю, - прызнаўся Леапольд.

- Бог сведка, капiтан. Я хачу даць вам усе магчымыя шанцы, каб даказаць вашу невiнаватасць. Але вы павiнны прадставiць мне штосьцi больш важкае, чым сукенку з дзiркай.

- Добра, - сказаў Леапольд. - Я прадстаўлю штосьцi больш важкае.

- Вялiкае журы пачне разглядаць справу на гэтым тыднi, капiтан, - змрочна заўважыў камiсар.

- Ведаю, - сказаў Леапольд. Ён павярнуўся i пайшоў з кабiнета, следам за iм - Флетчэр.

- Ну, што цяпер? - спытаў Флетчэр.

- Пойдзем перагаворым з Iмi Фантэйнам - зводным братам маёй былой жонкi.

Хоць Леапольд нiколi не падтрымлiваў прыяцельскiх адносiн з Фантэйнам, аднак ведаў, дзе яго шукаць. Гэты чалавек са стомленым выглядам i залатым зубам жыў у вялiкiм старым доме, вокны якога выходзiлi на Саўнд. Менавiта там, у двары за домам, гэтым нядзельным днём яны i знайшлi Фантэйна, якi смажыў на вуглях сасiскi.

- Я думаў, што пасля ўсяго, што здарылася, вы будзеце за кратамi, - сказаў Фантэйн, жмурачыся ад сонца.

- Я не забiваў яе, - спакойна сказаў Леапольд.

- Ну, вядома, не.

- Як зводны брат вы, здаецца, даволi спакойна ўспрымаеце яе смерць, заўважыў Леапольд, падыходзячы да вогнiшча.

- Я перастаў цiкавiцца лёсам Монiкi пятнаццаць год таму.

- Што вы скажаце пра таго чалавека, з якiм яна была на вяселлi? Д-ра Тэрзбi.

- Ён такi доктар, як я водаправодчык, - пырснуў ад смеху Iмi Фантэйн. Трэба прызнаць, што сапраўды пальцы ў яго як у хiрурга, але калi я спытаў яго наконт прамянёвай косцi - сын зламаў прамянёвую косць, катаючыся на лыжах, Тэрзбi палiчыў, што гэта галёнка. Ды лiха з iм, я нiколi не быў суддзёй Монiцы ў яе амурным жыццi. Памятаеце, я нават не пярэчыў, калi яна выходзiла замуж за вас.

- Вельмi ласкава з вашага боку. Дзе спынiўся Тэрзбi на час знаходжання ў горадзе?

- У гатэлi "Таўэрз", разам з Монiкай.

- Там яго больш няма.

- Тады я не ведаю, дзе ён. Можа, ён нават не застаўся на пахаванне.

- Што, калi б я сказаў, што Тэрзбi забiў Монiку?

Фантэйн пацiснуў плячыма.

- Я б вам не паверыў, а потым мяне не вельмi гэта турбуе. Калi б вы былi больш кемлiвы, дык прыкончылi б яе пятнаццаць год назад, калi яна кiнула вас. Я б зрабiў менавiта так.

Леапольд ехаў на малой хуткасцi назад у цэнтр горада, побач сядзеў i бурчаў Флетчэр.

- Капiтан, ну i да чаго мы прыйшлi? Здаецца, мы пачалi хадзiць кругамi.

- Можа, i так, Флетчэр, але якраз цяпер адказу чакаюць занадта шмат пытанняў. Калi мы не зможам адшукаць Тэрзбi, нам давядзецца падступацца да гэтай справы з другога боку. Пачаць з кулi, напрыклад.

- А што куля?

- Мы пагадзiлiся, што яна не магла быць выпушчана з майго рэвальвера нi тады, калi ён знаходзiўся ў маёй кабуры, нi пазней, калi Тэрзбi быў з Монiкай у машыне "хуткай дапамогi". Значыць, з яго стралялi раней. Я апошнi раз страляў з яго на трэнiроўцы ў цiры. Цi iснуе якая-небудзь магчымасць - хоць якi-небудзь шанц - таго, што Тэрзбi альбо Монiка маглi атрымаць адну з тых куляў, якiмi я страляў у мiшэнь?

- Капiтан, мы абодва стралялi ў адну i тую ж мiшэнь, - стрымаў яго запал Флетчэр. - Нiхто не змог бы рассартаваць тыя кулi i вызначыць тыя, што былi выпушчаны з вашага рэвальвера, i тыя - што з майго. Апрача таго, як мог хто-небудзь з iх атрымаць дазвол зайсцi ў цiр, якi знаходзiцца ў сутарэннi палiцэйскай управы?

- У мяне мог аказацца вораг у аддзеле, - сказаў Леапольд.

- Глупства! У нас ува ўсiх ёсць ворагi, тым не менш гэта немагчыма. Калi вы лiчыце, што супрацоўнiкi аддзела плятуць супраць вас змову, такiм жа чынам вы можаце лiчыць, што вынiкi экспертаў-балiстыкаў таксама былi падробленыя.

- Яны i былi, нейкiм чынам. У цябе ёсць фотаздымкi, зробленыя для супастаўлення?

- Засталiся ў кабiнеце. Але глыбiня рэзкасцi на iх настолькi абмежаваная, што, вiдаць, можна даведацца больш, калi самому паглядзець на гэтыя кулi праз мiкраскоп.

Флетчэр адвёз Леапольда ў лабараторыю, дзе яны ўгаварылi супрацоўнiка, прызначанага дзяжурыць у нядзелю, дазволiць iм зiрнуць на кулi. У той час як Флетчэр i афiцэр стаялi побач, забяспечваючы захаванасць рэчавых доказаў, Леапольд, прыжмурыўшы вока, вывучаў праз мiкраскоп кавалкi свiнцу.

- Куля, якая выклiкала смерць, даволi пашматаная, - заўважыў ён, але быў вымушаны пагадзiцца, што сляды ад нарэзу ў ствале зброi былi аднолькавыя. Ён зiрнуў на бiрку, прымацаваную да кантрольнай кулi: Кантрольная куля, выпушчаная з рэвальвера 38-га калiбру сiстэмы "Смiт - Весан", серыйны нумар 2420547.