Выбрать главу
Гатовы да абароны?!. Дровы чакаюць зіму.
Пара дэвальвацыі: залатоўкі шпурляе бярэзіна, клён — рублі.
Усіхні знаёмца — хапае вецер за рукі: «Ну дык хадзем!..»
Нешта забылася? У акно ўглядаецца поўня.
Туды i сюды: здабывае з нетраў прасторы ў вежы маятнік час.
Яшчэ бачыш сонца?!. За грамадою цёмных аблокаў свеціцца аблачынка.
Яліна каля дарогі — наказ у дарогу: мо мне, мо табе.
Нехта пастукаўся — выйшаў у ноч: да твару даткнулася далечыня.
З адвагаю i вагой на хваіне збіраюцца кроплі: хто зараз?!.
Холадна. Рукі уцягваюцца ў рукавы.
Абмацвае вецер галіны: ці ўсе лісты абляцелі?!.
Прыйшоў, па траве патаптаўся i адышоў за ўзгоркі: першы мароз.
Замкнуліся дзверы: кладзецца разам з ключом у кішэню гук.
Абапал дарогі бярэзіны: падаюцца адна за адною ў зімовы змрок.
Можа, абудзіцеся?!. З валунамі вядзе гаворку зіма.
Свеціцца ў цемры акно: завіруха, ідзі папытайся, хто там. Вецер i снег. Шкада мне вас пакідаць у полі, мае с ляды.

1966-2006

Алесь Разанаў

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».

Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».

У нечаканасьці асацыяцый, мэтафарычнай вастрыні і дакладнасьці, заснаваных на збліжэньні далёкіх паняцьцяў, адкрываецца неабсяжны інтэлектуальны падтэкст. Філасофскі роздум над бясконцым і непаўторным сьветам прыроды, грамадскім быцьцём і неабмежаванымі духоўнымі магчымасьцямі чалавечай асобы, над маральна-этычнымі праблемамі сучаснасьці найбольш поўна выяўляецца ў верлібры і яго разнавіднасьцях – квантэмах і версэтах.

Паэзія А. Разанава патрабуе ўдумлівага і неаднаразовага прачытаньня, заўсёды адкрывае новыя абсягі творчай індывідуальнасьці. Выступае з артыкуламі па пытаньнях сучаснага літаратурнага працэсу, а таксама ў жанры эсэістыкі. Вядомы як перакладчык. Яго творы перакладзены на ангельскую, балгарскую, грузінскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую мовы.

Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Менску.