Выбрать главу
Марафон: бягуць людзі навыперадкі ca сваім целам.
Адчыняю паштовую скрынку: газета, часопіс, ліст...— усё, што было i раней дагэтуль. А кожны раз чакаецца вестка.
Напярэдадні Новага года шлём свае віншаванні-зычэнні небу, a яно — ўсёй зямлі: сняжынкі.
Дрэва: крывыя галіны, крылатае лісце, скрытыя карані.
У дзедавай вёсцы: гляджу на аблокі — бачу людзей.
Пад шэрым небам між шэрых палёў зялёны агонь надзеі: палетак руні.
Сосны: ўзышлі на самы высокі пагорак i вось разважаюць: куды далей?
Той крок, якім я не здолеў ступіць напрасткі, ператвараецца ў мноства крокаў па крузе.
Блукаю па горадзе незнаемым. Ніхто мяне тут не спаткае, ніхто не пярэйме, ніхто не скажа: ты сёння не гэтакі, як звычайна.
Раніца. Дворнік мяце тратуар — ніяк не патрапіць змесці свой цень.
Я там ужо быў, i гэта я ўжо рабіў, i тое ўжо зведаў...— стаю сярод белага дня з жыццём ашчаджоным для невядомай справы, для невядомай думкі i для невядомага дня.
Канчаецца лета: лісце туліцца да галіны, галіна — да дрэва,
дрэва — да каранёў,
Снег растае — а тэтак шмат абяцаў, калі падаў.
Як бы ні мкнулася дрэва у неба, яно ўсё роўна не дасягае неба... Але, магчыма, ніякага іншага неба няма, апроч самога імкнення.
Калі ўсё наўколле я ведаў на памяць, тады ўзяў у павадыры незнаёмага чалавека — i сцежкі скрануліся i павялі ў невядомасць.
На адну шалю вагаў паклаў я хлеб, на другую — камень, але калі яны ўраўнаважыліся, не змог паверыць, што важыць хлеб гэтулькі ж, колькі камень.
Сцежка па-над абрывам: па ёй прывабна ісці, на ёй кожны крок змястоўны.
Парастак, што прабіўся праз пласт асфальту,— усе пешаходы табе саступаюць дарогу, быццам вялікаму дрэву.
Дрэмле на летнім дажджы спутаны конь — спутаная прастора.
Праехаў з канца ў канец увесь горад. Трэба вяртацца: прыпынкі адлічваюцца наадварот.
Над небакраем акрэсліўся жоўты ветах — вушная ракавіна нематы.
Думаў аб вечнасці. Чорна-чырвоны матыль прыляцеў, сеў мне на руку, стаў думаць разам ca мною.
Скача па сцежцы перад дзіцяцем нязграбны вялізны грак: не хочацца лётаць?
Што ўбачыў я ў горадзе іхнім за дзень — распытваюць гаспадары, быццам самі яны ўжо не могуць убачыць таго, што ў ім ёсць.
Сярод красамоўных кветак знямелы сівы палын: ён адзін чуе i разумее, што кажа лёс.
Сівітае, Першай убачыла гэта зорка, што пагасіла сваё святло.
Стаю ў вялізнай чарзе. Перш, чым з апошняга стану першым, пабуду ўсёю чаргой.
Летні раптоўны дождж. Я прытуліўся да ніцай вярбіны — i мноства лістоў на міяне глядзела, нібы здзіваваныя вочы.
Нехта назваў уголас маё імя. Хвіліна — i зноў яно стала тым, чым было заўсёды: голасам цішыні.
Паслаў у прастору думку, апамятаўшыся — другую... Што робіцца зараз там, у абсягах вашых, думка-крумкач i галубка-думка?!.
Старая бярэзіна ля акна — світанак, што доўжыцца цэлы дзень, што доўжыцца цэлую вечнасць.
Непрыкметны прахожы — як ён стараецца стаць яшчэ болыш непрыкметным, каб людзі не заўважалі, што ён зняможаны і стары.
Заляцела ў пакой пчала — зумкае, б'ецца ў шыбу i не знаходзіць выйсця. Гэтак i мы?!.