Выбрать главу

Працiснуўшыся ўперад, чужаземцы, выблiскваючы залатымi пасамi й багацьцем зброi ды вопраткi, спынiлiся, чакаючы на праезд Уладара гэтае Краiны. Былi тут, ведамыя сваёй адвагай i сiлай, Рыцары Эўропы: францускi граф Андрэ дэ ля Шэр, ужо ня першы год знаходзячыся ў Лiтве, шкоцкi Рыцар Алан Марцiмер Мак Марцiмер, малады Рыцар Бургундыi Олiвер дэ Арно, браты Райнграфы Эдуард i Карл фон Глензiнгены, аўстрыец Барон Морiс фон Тойплiц, i Рыцар Вiльгельм Бройц-Вольфганскi з Баварыi.

Нарэшце, пад аглушаючыя крыкi прывiтаньняў, з невялiкай сьвiтай, паказаўся вярхом на белым канi, Вялiкi Князь Лiтоўскi Вiтаўт Кейстутавiч.

Нягледзячы на жалобны дзень, Вiтаўт ня мог стрымаць радасьцi, расьпiраўшай яго, пры вiдзе гэтага заўсёды суровага й стрыманага Народу, у такiм радасным i буйным выяўленьнi вернасьцi, даверу й любасьцi да свайго Гаспадара, i ён прыветлiва ўсьмiхаўся.

Побач Вiтаўта едзе яго сястра, чароўная Княжна Рынгайла, маладзенькая ўдава Князя Гэнрыка Мазавецкага. Пасьля раптоўнай i не вытлумачанай сьмерцi свайго мужа паўманаха-Князя, яна не пажадала заставацца пад апекай свайго швагра Януша Мазавецкага, i вярнулася ў родную Лiтву. Сваiм надзвычайным хараством паражала чужаземцаў, тым болей, што астатнiя ў пошуках прыгод ехалi ў Лiтву, спадзяючыся сустрэць тут напоў дзiкуноў, напоў зьвяроў - штось такое валасатае, брыдкае, выразна не акрэсьленае. I вось зараз, убачыўшы Княжну, малады Бургундзец Олiвер дэ Арно аж анямеў з захапленьня. Граф дэ ля Шэр, прыкмецiўшы, што робiцца зь яго маладым зямляком, паляпаў яго па плячу й прамовiў:

- Зачынiце вашы рот, дарагi сябра! Вы, здаецца, прыехалi сюды, каб змагацца з чараўнiкамi? Але, сустрэўшы першую чараўнiцу, вы зрабiлi такую дурную мiну, што калi вам ня ўдасца зараз-жа перамянiць выраз вашага шляхетнага твару, то нас паднiмуць на сьмех. Што зусiм не адпавядае нi нашым намерам, нi жаданьням. А тым болей, у яе прысутнасьцi...

Бургундзец адразу схамянуўся й прыняў самую ваяўнiчую паставу, але з запалам прашапацеў:

- Клянуся прахам маiх продкаў, я заваюю яе сэрца й прыхiльнасьць!...

- I вы двойчы абразiлi памяць вашых слаўных продкаў, - халаднакроўна заўважыў Граф. - Бо нi сэрца, нi прыхiльнасьцi не заваюеце!

Граф быў у гэтым пэўны, i не без падстаў. У недалёкiм мiнулым, ён сам быў бязьмежным паклоньнiкам чароўнай Рынгайлы, але, пераканаўшыся ў безнадзейнасьцi сваiх высiлкаў, захаваў палаючае каханьне пад маскай абыякавасьцi.

Аднак, палкi Бургудзец не зьвярнуў нiякай увагi на гэтую заўвагу, што й адпавядала яго маладосьцi. Затое як ён успыхнуў ад зайздрасьцi, калi Княжна, кумiр яго сэрца, праяжджаючы мiма й пазнаўшы Графа, ветлiва памахала яму ручкай. За такое шчасьце, Олiвер аддаў-бы не задумваючыся сваё жыцьцё. Граф-жа нiзка ўкланiўся, нават занадта нiзка, каб ня выдаць сябе з галавой, i Олiвер зразумеў адразу, што робiцца ў душы гэтага паважнага й халоднага з выгляду чалавека.

Раптам прыкмецiўшы, што княжна зьбiраецца злазiць зь сядла, малады Бургундзец кiнуўся з усiх ног, каб падасьпець першаму й падтрымаць ёй стрэмя. Але не пасьпеў ён зрабiць i некалькi крокаў, як адзiн з Драбаў з пачоту Вiтаўта ўжо выпярэдзiў яго. Княжна, абапёршыся аб яго магутнае плячо, лёкка саскочыла на ўтаптаны сьнег.

Злы ад няўдачы, Олiвер пахмура вярнуўся да сваiх сяброў.

- Што гэта за Прынц такi? - гнеўна спытаў ён, паказваючы на свайго сапернiка, у ярка зялёным плашчы, з-пад якога зiхацеў багаты панцыр. Яскрава выступаючы на зялёным полi плашча, кiдаўся ў вочы гэрб шчасьлiўца: на чырвоным шчыту залаты квадрат з прыгожым выгiбам бакоў, у сярэдзiне каторага зь левага нiжняга кута ў правы верхнi працягнуўся белы Маршальскi жэзл.

- Гэта й ёсьць Прынц! - супакойна адказаў Граф. - Спадкаемца Смаленскi, Княжыч Яраслаў. I магу дадаць: такi-ж нешчасьлiвец, што датычыць гэтае чараўнiцы, як i вы, мой сябра! Супакойцеся й назiрайце... гэта будзе карысьней!

Шкоцкi Рыцар, вялiзарны ростам i адважны да безразсуднасьцi, Алан Марцiмер Мак Марцiмер, прыглядаўшыся больш уважна да Вiтаўта, чым да яго прыгожай сястры, з падзiвам зьвярнуўся да Графа:

- Скажыце, шаноўны Граф, гэта й ёсьць той самы Вялiкi Князь Вiтаўт, каторага так баiцца Кароль Ягайла, i каторы ўнушае гэтакую баязьлiвасьць паважанаму Тэўтонскаму Ордэну?

- Што-ж вы тут знаходзiце дзiўнага? - у сваю чаргу зьдзiвiўся Граф. Але ён не прызнаўся, што й сам пры першай сустрэчы зь Вiтаўтам, быў зьдзiўлены ня менш за шкота. Але з часам прызвычаiўся й не падзяляў ужо таго падзiву, якi выклiкаў выгляд Вялiкага Князя.

- Па праўдзе сказаць, - удакладнiў Шкот, - будучы ў Мальборку й у Кракаве, ды наслухаўшыся ўсякiх дзiваў дзiвосных аб сiле й мужнасьцi гэтага Князя, я ўяўляў яго сабе калi ня большым, то ў кожным разе такiм, як я, i ростам i сiлай, аднак...

- Вас увяло ў блуд слова "Вялiкi" ў яго тытуле.

- Так! Напэўна! Але клянуся Сьвятым Андрэям, гэтакi маленькi ростам i з такiм лагодным тварам, ён ня ўмее трымаць мяча ў руках! А ўся слава, якая ходзiць аб iм, належыць вось гэтым малайцам зь яго пачоту! - не сунiмаўся ваяўнiчы шкот.

- А я, са свайго боку, не радзiў-бы вам сустрэцца зь iм у полi, нягледзячы на вашы вялiзарны рост, магутныя плечы й двуручны меч! - быў адказ Графа, каторы ўжо ня раз меў нагоду пераканацца ў баёвых здольнасьцях Вiтаўта.

- Пастараемся ў гэтым пераканацца! - груба адрэзаў Шкот, пакрыўджаны зьнявагай да сваёй асобы, прасьлiзнуўшай у тоне Графа. - I папрашу падобных парадаў мне больш не даваць!

На гэта Граф змаўчаў, тым болей, што задзiрацца са Шкотам зусiм не хацеў. Рэшта чужаземцаў, не ўступаючы ў гэтую спрэчку, уважна прыслухвалiся да словаў дасьведчанага й разважнага Графа, ведаючы, што ён ня новы ў Лiтве, а таму сьведамы сваiх слоў i парадаў.

Тым часам, Вiтаўт, прыняўшы дабраславенства Мiтрапалiта, узыйшоў на прыступкi, хутка перахрысьцiўся, i, яшчэ раз махнуўшы натоўпу рукой, зьнiк у дзьвярах Сабору. Рынгайла, Пачот i Полацкая знаць падалiся сьледам. Стаяўшы дагэтуль нерухома народ рынуўся ўперад i хутка запоўнiў Сабор.

I якi ён нi быў вялiкi, туды не ўмясьцiлася й паловы жадаючых быць на панiхiдзе разам з Гаспадаром. Анi праймаючыся гэтым, застаўшыяся на марозе людзi падрыхтавалiся адбыць панiхiду пад адкрытым небам - як нехта пусьцiў жарт: "Блiжэй да Бога!"

Праз адчыненыя дзьверы Сабору данесься голас Мiтрапалiта:

- Дабраславен Бог наш...

Натоўп заварушыўся, i соткi сьвечкаў заiскрылiся на марозным паветры. Чужаземцы, праймаючыся ўрачыстасьцю моманта, пайшлi за прыкладам Графа й, паскiдаўшы шоламы, таксама запалiлi сьвечкi.

Баярын Лука, хаця й трымаў сьвечку, аднак думкамi быў далёка ад панiхiды. Яго турбавала тая пашана й любасьць, якой быў акружаны Вялiкi Князь Вiтаўт з боку сваiх падданых. А вялiкая колькасьць чужаземцаў i iх пашана да Гаспадара - зусiм палохала яго, бо як мог ён пры гэтакiх абставiнах пераконваць Вiтаўта аб патрэбе хаўрусу зь дзiкай Масквой (хоць i адзiнавернай). Глыбока задумаўшыся, Баярын Лука прастаяў усю панiхiду, i ачуўся толькi тады, калi натоўп вернiкаў укленчыў, з пабожнасьцю прыслухваючыся да даносячагася з Сабору голасу:

- Ва блажэннам усьпенii вечны пакой падаждь Госпадзi, здзе памiнаем рабоў Тваiх, палажыўшых жывот свой на поле бранi за Веру Праваслаўную i Айчызну.

Пачуўшыеся ўсьлед за гэтым усхлiпваньнi й плач патанулi ў стройным сьпеве хору:

- Вечная памяць...

* * *

Дом купца Мюльлера, гасьцiнна прыняўшы пад свой дах Камандора фон Кройцэнбэрга, фасадам выходзiў на базарны пляц. Леваруч у вокны быў вiдзён Полацкi Замак - сёньняшняя рэзыдэнцыя Вiтаўта, праваруч - Сабор Сьвятое Сафii. Мейсца, як i належыцца базару, вельмi жывое. А для Кройцэнбэрга лепшага ды выгаднейшага становiшча нельга было й прыдумаць: назiраць за рухам i людзьмi праз вокны, прымаць афiцыйных гасьцей з параднага ўваходу, неафiцыйных - з тылу, праз зарослы бэзам i шыпшыньнiкам сад, выходзячы на глухую вулку, вядучую аж да самае Дзьвiны.