- Ваша Каралеўская Вялiкасьць ведаюць самi, - запярэчыў Фёдар, - што Гаспадар Вялiкi Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю цi безь яе!
- Як ня можа? Чаму? - успыхнуў Кароль.
- Бо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, ад дзядоў i прадзедаў, iснуюць Суды Копныя, Суды Царкоўныя й Суд Гаспадарскi Вялiкакняжы, каторыя караюць злачынцаў усiх аднолькава, бяз розьнiцы Веры цi падданства. Парушыўшы гэты звычай, Гаспадар Вялiкi Князь скрыўдзiў-бы бальшыню падданых сваiх, i даў-бы злачынцам магчымасьць, перайшоўшы ў Веру Польскую, застацца без пакараньня!
- Я прымушу яго! - ускрыкнуў Ягайла.
- Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - рашуча адрэзаў Фёдар. Лiтва ўжо ачуняла ад Ворсклы...
- Ваявода! Цi ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..
- Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!
Ягайлу надзвычайна зьдзiвiла адвага й рашучасьць, зь якiмi Ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохi памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьнiку, запытаўся, стараючыся захапiць зьнянацку:
- Цi ведама табе, Ваявода з Грозава, што твой Гаспадар вядзе патаемныя перамовы з гэрэтычнымi Чэхамi? З тымi самымi Чэхамi, якiх пракляў Найсьвяцейшы Айцец у Рыме! Супраць якога выступае Хрысьцiянскае Войска Сьвяшчэннай Iмпэрыi, на загад Ратысбонскага Сойму!
- Не! Мне гэта невядома! - прызнаўся Фёдар.
- Дык вось, перадай нашаму Брату Вiтаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт на чале Хрысталюбiвых Лiтоўскiх Драбаў прыяднаўся да Войск Сьвяшчэннай Iмпэрыi й прыклаў усе свае сiлы й стараньнi да хутчэйшага зьнiшчэньня Гусытскае Гэрэзыi й пакараньня вiнаваўцаў!
- Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялiкасьцi, што аб гэтых перамовах нiчога ня ведаю, таму й гутарыць не магу! - але тут Фёдар успомнiў, што ў Полацку на нарадзе прысутнiчаў Князь Жыгiмонт Карыбут, каторы прыехаў з Чэхii, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вiтаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца з Чэхамi, але стараецца трымаць гэта ў таямнiцы.
- Слухай, Ваявода, апошняе нашае жаданьне, i перадай свайму Гаспадару! Мы хочам мiру, i таму дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт прысьпешыў Хрышчэньне Лiтвы, бо аж сорам падумаць, што Сваяк Хрысьцiянскага Караля сам застаецца паганiнам i не дапускае да Хрышчэньня ўвесь свой вялiкi Народ, каторы толькi аб тым i думае, ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калi зможа прыняць Дабраслаўленьне Божае.
- Ваша Каралеўская Вялiкасьць моцна памыляецца! - запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай. - Iнакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Мiласьць забылiся цi не заўважылi, што Лiтва ўжо спрадвеку Хрысьцiянская, i Гаспадар Вялiкi Князь - Хрысьцiянiн! I таму ня можа быць i мовы аб паўторным Хрышчэньнi!
- Ён мусiць! - закрычаў у гневе Ягайла.
- Ён гэтага ня зробiць, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
- Я прымушу яго!... Я зруйную Лiтву!... Я... - захлiпнуўся гневам Кароль.
У насталай цiшы пачуўся моцны голас Ваяводы Фёдара:
- У такiм разе, я, Фёдар, Ваявода з Грозава - упаўнаважаны ад Яго Высокасьцi, Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, падняць рукавiцу Вашае Каралеўскае Вялiкасьцi! I даставiць яе ў Трокi!
Ягайла йзноў уважлiва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова пацiраючы двома пальцамi сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бязстрашны Лiтовец, адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяцi Караля ўсплылi ўспамiны з маладосьцi. Ён прыпомнiў, як яшчэ зусiм нядаўна, сам стаяў на чале вось такiх-жа, як гэты Ваявода, Драбаў. Ганарыўся iх адвагай i мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравiтую недаверлiвасьць, верна яму служылi. Цяпер усё зьмянiлася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага Ваяводы, пасланьнiка яго роднае неабдымнае Лiтвы - голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога Гаспадара. На адзiн момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькi на адзiн момант. Ледзь прыкметна ўсьмiхнуўшыся, ён прамовiў:
- Слухай, Ваявода! Я бачу, што наш Брат Вiтаўт мае верных i адданых слугаў. Я вельмi з гэтага цешуся, але цешыўся-бы яшчэ болей, каб мог пахвалiцца, што й я маю такiх-жа верных падданых. Таму, прапаную табе, шляхетны Ваявода, стаць на маю службу, каторая дасьць табе болей гонару й багацьця, чым тая, якую нясеш зараз!
- Я вельмi ганаруся, што заслужыў ласку такога Вялiкага Валадара, як Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - адказаў з паклонам Фёдар. - I з радасьцю прыняў-бы прапанову Вашае Мiласьцi, каб гэта не супярэчыла майму Гонару Драба й жаданьням маёй Бацькаўшчыны!
- Як? Ты... ты адмаўляесься ад маёй ласкi? - ускочыў Ягайла, хаця й чакаў такога адказу.
- Так! Я адмаўляюся! Але не таму, што яе не жадаю, а таму, што не магу прыняць!
Прысутны на нарадзе Пашкевiч з радасьцю й павагай глядзеў на зграбную постаць Фёдара - у iм ён бачыў увасабленьне сваёй суровай i гордай Бацькаўшчыны, непадкупнай i сумленнай. Яму да болi ў грудзёх захацелася быць побач Фёдара, моцна сьцiснуць яму руку, углядацца ў яго спакойныя, разумныя вочы...
Але йнакш адчуў сябе Кароль, каторы быў не з такiх людзей, якiя прапануюць сваю ласку й прыхiльнасьць двойчы. Пагрозьлiва блiснуўшы вачамi, ён прамовiў, нацiскаючы на кожнае слова:
- Ня хочаш?... Ня трэба!... Але ўважай!...
- Ваша Каралеўская Вялiкасьць самi Лiтовец, i мусяць ведаць...
- Досыць, Ваявода! - перабiў рэзка Ягайла. - Усё, што мы хацелi пачуць, мы пачулi! Чуў i ты, што мы казалi! Цяпер можаш iсьцi... Але ад'яжджаць не сьпяшайся, мы цябе яшчэ паклiчам!
Фёдар пакланiўся й выйшаў, моцна рашыўшы адразу-ж паслаць ганца да Вiтаўта ў Полацак.
Прыйшоўшы ў свой пакой, ён склаў падрабязны лiст аб нарадзе й выклiкаў Кандрата Тура.
- Сёньня-ж ад'едзеш у Полацак! - загадаў Фёдар i ўсьмiхнуўся, бачачы, як узрадаваўся Кандрат. - Возьмеш з сабою двох вояў, на ўсякi выпадак!
- Калi загадаеце выяжджаць, Ваша Сьветласьць? Я гатоў хоць зараз!
- Зараз i паедзеш! Толькi йдзi папярэдзь сваiх спадарожнiкаў. Каго сабе хочаш... Ды перавер зброю й каня, каб у дарозе не абышлося без непатрэбных затрымак!
- Усё зраблю, Ваша Сьветласьць!
- Ну, iдзi!
- А больш нiякiх даручэньняў ня будзе? - хiтра блiснуў вачамi Кандрат.
- Не, нiякiх... А там глядзi, калi ўсё добра будзе, заскоч па дарозе ў Слуцак... Як там стары Бай чуецца?... Не забудзься на дарогу паесьцi, ды людзей накармiць, але глядзi - ня пi нiчога, бо кагось iншага пашлю.
- Надарма палохаеце, Ваша Сьветласьць! Калi трэба, то мы й устрымацца ўмеем.
- Добра, Кандрат, iдзi. Перад ад'ездам зойдзеш па лiсты!
Кандрат жвава выскачыў з пакою, i адразу-ж у стайнi пачуўся ягоны моцны голас:
- Сядлай! Сядлай майго Буланага, хлопцы! Кандрат на шпацыр выпраўляецца! i, не чакаючы нi на чыю дапамогу, пасьпешна, але старанна, узяўся рыхтавацца ў дарогу. Выбраўшы сабе спадарожнiкаў i дапiльнаваўшы, каб i ў iх усё было ў парадку са зброяй i коньмi, зьявiўся да Ваяводы за апошнiм загадам i лiстом.
- Ну, Кандраце, яжджай, ды хутчэй варочайся... Набрыдла мне ўжо тут сядзець.
- Вядома, Ваша Сьветласьць, усякаму набрыдне. У гасьцях добра, але ўдому лепей.
- Так, так! Таму й пасьпяшаць мусiш. Перадасi Вялiкаму Князю вось гэты лiст! - Фёдар падаў Кандрату скрутак. - Але ўважай, нiкому iншаму! Толькi самаму Гаспадару! Унiкай па дарозе ўвязвацца ў сваркi! I ня пi! Адгуляеш потым.
- Усё выканаю дакладна, Ваша Сьветласьць!
Фёдар трохi памаўчаў, як-бы раздумваючы, а потым рашуча запытаў:
- Язык ты ўмееш трымаць?
- Як мур, Ваша Сьветласьць!
- Добра, слухай! Але, як перадасi Гаспадару, адразу каб забыўся! Зразумеў?
- Так, Ваша Сьветласьць!
- Скажаш, што Кароль вайны ня хоча й баiцца, але намагаецца нацкаваць на Лiтву Крыжакоў i Маскалёў. Ведае аб пермовах з Чэхамi. Млынар маўчыць, бо за iм сочаць. Пашкевiч - наш. Зразумеў?
- Так, Ваша Сьветласьць!
- Гэта ўсё! Можаш ехаць. Нiчога не забудзь, - i Фёдар абняў разгубiўшагася Кандрата. - Ды вось грошы на дарогу...