Выбрать главу

Прадчуваючы бяду, Варкула нiяк ня мог пагадзiцца з думкаю, што Праклош будзе забiты, цi схоплены ў палон ды закатаваны безчалавечым катам у манашай вопратцы з Ордэну Крыжа. Забыўшыся аб усiм на сьвеце, ён адразу й не заўважыў, як раптоўна пачаў усхрапваць конь i бокам старанiцца да паляны - блiжэй да людзей.

Варкула схамянуўся толькi тады, калi перастрашаны конь, скочыўшы ўбок, мала ня выкiнуў яго зь сядла. Раптоўна вярнуўшыся к дзейснасьцi, першым рухам Гараднiчага было схапiцца за меч. Але, разгледзеўшы ў чым рэч, ён пасьпешна ўвапхнуў меч у похву i, намагаючыся не рабiць рэзкiх рухаў, узяўся за лук i выцягнуў стралу. Вочы Варкулы, цьмяныя й панурыя перад тым, зараз блiшчэлi запалам i заўзятасьцю - кроках у трыццацi, на разлапiстым дрэве прытаiўся раскошны шэра-жоўты рысь. Драпежнiк, прыцiснуўшыся да галiны, уважна сачыў за рухамi самотнага коньнiка, нiбы разрахоўваючы - напасьцi на яго, цi не.

Варкула памаленьку пачаў узносiць на ўзровень вачэй ужо нацягнуты лук.

З тылу данесься лёккi хруст кустоў. Рысь уздрогнуў i напружыўся, рыхтуючыся скочыць. У гэты момант тонка засьпявала цецiва, пусьцiўшы ў драпежнiка сьмертаносную стралу.

Ня губячы часу, Варкула маланкава выхапiў другую стралу й, амаль не намерваючыся, усадзiў яе ў падаючага зьвяра, дабiўшы яго канчаткова.

- Вось гэта хуткасьць! Вось гэта цэльнасьць! - пачулiся з тылу некалькi жаночых галасоў. - Шляхетны Варкула, гэтае паляваньне было непаўторнае! Я яшчэ ў жыцьцi ня бачыла падобнае цэльнасьцi пры такой хуткасьцi!

Пры гуку гэтага голасу, Варкула адразу павярнуўся ў сядле й прамовiў:

- Княжна, я прашу выбачэньня, але не люблю, калi за мною падглядаюць!

- Ня злуйцеся, шляхетны Рыцар, - з усьмешкай адказала Рынгайла. - Так ужо збудаваная натура жанчын, што яна жыць ня можа, каб не падглядаць. Але ў гэтым выпадку мы прыехалi зусiм прыпадкова.

Варкула пахмура акiнуў паглядам вясёлую юрбу конных жанчын i нiчога не адказаў. Не любiў ён гэтае "спаднiчнае племя" й не хацеў размаўляць.

Рынгайла, бачачы ягонае незадавальненьне й не жадаючы дратаваць яшчэ болей, павярнулася к разпасьцёртаму па сьнягу драпежнiку:

- Якi гэта цудоўны рысь! - прамовiла яна, не хаваючы шчырага захапленьня.

- Калi вам так падабаецца, - буркнуў Варкула, - то вазьмiце яго сабе, а мне дазвольце ад'ехаць...

- Ад'ехаць? Вы хочаце нас пакiнуць адных у гэтым дзiкiм лесе? - ускрыкнула з удаваным жахам Рынгайла.

- Княжна, пры вашым сядле лук! У вашых спадарожнiц - самастрэлы... Я тут зусiм не патрэбен. Дазвольце мне ад'ехаць?... Я тут не патрэбен!...

Рынгайла ўважна паглядзела на пахмуры твар Гараднiчага, але, не прыкмецiўшы й ценю жарту, з горкiм сумам прамовiла:

- Едзьце!... Вас я не трымаю. Але... учынак ваш зусiм не Рыцарскi!

Варкула толькi на гэта й чакаў. Ён моўчкi завярнуў каня й, не сьпяшаючыся, зьнiк за кустамi.

Жанчыны, сьпешыўшыся, абступiлi рыся, любуючыся яго мяккай аксамiтнай поўсьцю.

Нездалёк у пушчы надрываючыся галасiла сарока, i некалькi разоў трывожна абазвалася сойка...

- Хтось там ёсьць! - заўважыла адна з чэляднiцаў, паказваючы ў густы зарасьнiк маладняку, выходзячы сваiм правым крылом далёка за межы паляны. Гэты маладняк разросься шырокай паласой, утвараючы клiн з тымi кустамi, у якiх стаялi заслоны капейшчыкаў i лучнiкаў зь сецямi. Тупая вяршыня клiну ўсмакталася ў адчыненую плошчу лесу - якраз там, дзе ляжаў забiты рысь.

Жанчыны ўважлiва прыглядзелiся да гушчару, але, нiчога не прыкмецiўшы, iзноў адвярнулiся да прыгожага драпежнiка...

З паляны даходзiў аддалены гоман людзей i рык жывёлы.

* * *

Тут зьявiлiся першыя зубры й туры. З глухiм ровам, апусьцiўшы нiзка да зямлi вялiзарныя рагатыя храпы, яны йшлi, не сьпяшаючыся, насустрач небясьпецы. У iх цяжкой хадзе адчувалася пэўнасьць сабе, i ў сваёй моцы. Моцы неймавернай i грознай, скрушаючай усё на сваiм шляху. Нiводнае лясное стварэньне не адважвалася стаць упоперак дарогi нават найслабейшаму зь iх. Падобны да грукатаў грому, роў барадатага зубра, цi крутарогага тура, прыводзiў у перэпалах цэлыя зграi такiх адважных хiжакоў, як ваўкi, i прымушаў iх здымацца зь мейсца й уцякаць, каб толькi не сустрэцца з рагатым волатам.

Выставiўшы моцныя йлбы й пускаючы з ноздраў струмянi пары, барадатыя пярэднiя быкi з пэўнасьцю сунулi ўперад. Здавалася, што аж зямля гнецца й дуднiць пад iх цяжкай хадой. Раздратаваныя й узбуджаныя пахам крывi, яны йшлi проста на паляўнiчых, не выказваючы нi страху, нi намеру завярнуць.

Кроў застыла ў жылах Олiвера, калi ён убачыў зьблiзку, проста перад сабою, гэтага грознага Князя Пушчы. Прыклаўшыся да самастрэлу й намагаючыся супакоiцца, ён добра намерыўся й пацягнуў гачок.

Лёккая страла прагавiта ўпiлася ў шырокiя грудзi магутнай жывёлы. Крайнi правы бык узьвiўся на дыбкi, i, з аглушальным рыкам, як гара, абрушыўся на чырвоны сьнег.

Цэльным стрэлам, Вiтаўт звалiў пярэдняга волата-важака, сiвага й страшнага.

Стрэлы сыпанулi суцэльнай хмарай. Збраяносцы й чэлядзь не пасьпявалi ладаваць самастрэлы.

Але зубры йшлi суцэльнай лавай, цесна прыцiснуўшыся адно да другога, i таму стрэлы не задавалi iм такой шкоды, як iншай мiтусячайся дзiчыне. I, хаця iх засталося ня больш за трыццаць, зрабiлася зразумела, што яны дойдуць да ланцуга паляўнiчых яшчэ да таго, як тыя пасьпеюць выстралiць па некалькi стрэлаў i гэтым пакласьцi крэс жудаснай атацы разьюшанае жывёлы.

Вiтаўт адклаў убок самастрэл i, узброiўшыся дзiдай i сякерай, падрыхтаваўся сустракаць альбо блiскучую перамогу, альбо слаўны канец. Вочы Гаспадара зьзялi нештодзённым запалам i радасьцю. Ён ускрыкнуў:

- Вось гэтак-жа прэ на нас Крыжак! I вось так сустракае яго непакорная Белая Русь! - i пры гэтым ён левай рукой упёр дзiду ў стаўбур дрэва й накiраваў вастрыём у грудзi наблiжаючамуся зубру. Правая рука моцна сьцiснула дзяржальну сякеры...

* * *

Прысеўшы каля рыся, Рынгайла з прыемнасьцю лашчыла яго мяккую плямiстую скуру. Чэляднiцы, абступiўшыя наўкола, весела рагаталi, абгаворваючы нелюдзiмага дзiвака-Гараднiчага. Iм даводзiлася ня часта сустракацца з гэтым пахмурым Драбам, iмя якога было ведама далёка за Лiтоўскiя землi, з-за ягонай адвагi, спрыту й няўмольнае жорсткасьцi. Адчуваючы пагарду, зь якою ён ставiўся да жанчын, маладыя чэляднiцы Княжны, стараючыся затаiць сваю крыўду, насьмяхалiся й перадражнiвалi бедака - старога Варкулу. Затое з маладым Праклошам яны трымалiся ласкава, i, у патаемку адна ад другой, старалiся здабыць яго прыхiльнасьць. Амаль кожная зь iх пайшла-б на край сьвету, альбы прыгожы й зграбны Праклош зьвярнуў на яе сваю ўвагу. Але вясёлы Драб быў недасяжны, нават для найбольшых прыгажунь, хаця й не цураўся iх падобна брату.

Гэтак рагочучы й размаўляючы, жанчыны не зьвярталi нiякай увагi на трывожную траскатню сарокi. Як раптам, з трэскам ламанага гальля, з кустоў вывалiў вялiзарны мядзьведзь. Убачыўшы купку людзей, ён спынiўся ў нерашучасьцi.

Перапалоханыя конi з храпам кiнулiся ўцякаць. Дзяўчаты, нарабiўшы вiску, пабеглi сьледам. Але Рынгайла, заблытаўшыся ў крысох доўгага футра, павалiлася на каленi.

Мядзьведзь адразу ўпярэвалку рушыў да яе. Галасны роў касматага зьвяра ўскалыхнуў паветра.

Рынгайла паспрабавала ўскочыць, але, iзноў пасьлiзнуўшыся, ува ўвесь рост разьцягнулася на сьнягу.

Яе чаляднiцы, зь вялiкiм галасам, схавалiся за кустамi, стараючыся крыкамi прыцягнуць увагу каго-небудзь з паляўнiчых цi чэлядзi й гэтым уратаваць княжну. Аднак паляўнiчыя, поўнасьцю захопленыя атакай зуброў, ня чулi гэтага ляманту, поўнага роспачы й страху.