Выбрать главу

Не губляючы час, Кiрым перавалiў вартавога праз скважню й, падхапiўшы яго за ногi, сапхнуў унiз з муру.

Глуха чмякнуўся труп за сьпiнай у Кандрата. Зьверху пачуўся ледзь чутны шопат:

- Хадзi, Кандрат, хутка...

Кандрат адразу-ж ухапiўся за вяроўку, i, з хуткасьцю, на якую дазваляў яго вялiзарны рост, узабраўся на мур.

Хутка зматалi вяроўку. Знайшлi прыступкi, вядучыя ўнiз i неўзабаве апынулiся з тылу панскага будынку. Адсюль да вежы рукой падаць...

Нецярпеньне так i падмывала Кiрыма, i толькi цяжкая рука Кандрата ўтрымала яго на мейсцы.

- Не сьпяшайся! Пасьпееш! - злосна прашапацеў ён. - Iх тут чатыры, а нас толькi двох.

Рослыя палякi, пiльнаваўшыя вежу, як i вартавы на муру перад гэтым, больш цiкавiлiся грукатам, даносячымся ад брамы, чым сваiм абавязкам. Яны раз за разам адбягалi ад свайго паста, каб зiрнуць на асьветлены вогнiшчамi пляц каля гарматы.

Раптам, у супрацьлежным канцу падворку, у стайнi, выбухнуў пажар. З гучным трэскам занялася саламяная страха. Гарачыя языкi полымя з глухiм сыканьнем аблiзвалi чорную глыбiню ночы. Слупы iскраў фантастычнымi фантанамi разсыпалiся высока над бушуючым агнём... З насьцеж разчыненай брамы, з клубамi дыму, выносiлiся звар'яцелыя ад страху конi, аглашаючы паветра дзiкiм iржаньнем. На адзiн момант, у дыму мiльгнула раса бэнэдыктынца. Ён заўзята размахваў сваiм доўгiм кiем...

- Францiшак! - прашапацеў Кандрат. - Конi ратуе...

Асьлепленая агнём i страхам, жывёла пачала кiдацца па падворку, зьнiшчаючы й калечачы ўсё жывое, што траплялася на шляху.

Некалькi коней, шалёным галёпам, несьлiся на вежу. Вартавы, каб унiкнуць конскiх капытоў, падаўся ў тыл i... трапiў у жалезныя абдымкi Кандрата. Не марудзячы, Кiрым перарэзаў горла й яму.

Цяпер, карыстаючыся зь перапалоху, можна было дзейнiчаць сьмялей. Абодва адразу кiнулiся шукаць вартаўнiкоў. Дваiх паклалi на мейсцы, а трэцяга абяззброiлi й прымусiлi грукаць у нiзкiя чорныя дзьверы вязьнiцы. Зь лязом кiнжала каля горла вартавы некалькi разоў паўтарыў умоўны стук. З-за дзьвяроў пачуўся гучны, але прыглушаны мурам, голас:

- Хто там?

Вартавы не адказаў, толькi злосна зiрнуў на Кандрата. Кiрым нацiснуў кiнжалам яму на горла й, рашучым рухам галавы, загадаў яму адказаць.

- Я! Збых! - прахрыпеў палонны. - Ад пана Януша...

Ад сярэдзiны загрымела засаўка.

Кандрат падрыхтаваў меч i стаў побач Збыха.

Цяжка й з рыпам падалiся дзьверы, i ў iх зьявiўся неймаверна вялiзны чалавек, голы да пасу. Ён засланiў сабою ўвесь праход i выставiў уперад руку з паходняй, каб асьветлiць прышэльцаў. Кандрат адразу, з усяе сiлы, парнуў яго ў чэрава. Чалавек iкнуў, выпусьцiў паходню ды з храпам абвалiўся на сьпiну.

Падхапiўшы паходню, Кандрат праскочыў у дзьверы, за iм Кiрым прапiхнуў палоннага й увайшоў сам. Хутка зачынiлi дзьверы на засаўку, скруцiлi паляку за сьпiнай рукi, i аглядзелi памяшканьне. У левым куту чарнела дзiрка з прыступкамi ўгору, у правым прыступкi вялi ўнiз. Кiрым адразу аглядзеў верх вежы й, не знайшоўшы там нiкога, вярнуўся да Кандрата.

Прыступкi ў падзямельле былi мокрыя й сьлiзкiя ад цьвiлi. Зьнiзу пранiкала чырванаватае сьвятло й чулiся невыразныя галасы...

- Хто гэта? - указаў Кандрат на разпасьцёртага волата.

- Кат... - нехаця адказаў Збых.

- А шмат iх там унiзе?

Палонны не адказаў, паспрабаваў разарваць сьцiскаючыя рукi путы, але кiнжал Кiрыма йзноў прымусiў яго загутарыць:

- Двох... Яшчэ адзiн такi-ж, - указаў ён на забiтага - i пан Лазiнскi, ён тут Гараднiчым...

- Добра! Вядзi ўнiз! - загадаў Кандрат i мiргнуў Кiрыму - "маўляў, трымайся цяпер!"

* * *

Мiж тым, Францiшак, выгнаўшы коней са стайнi й разагнаўшы iх па падворку, гукнуў свайго "паслушнiка". Мiколка, за гэты час, управiўся падпалiць скiрты саломы, укладзеныя за грыднiцаю, i яны цяпер палалi, шугаючы полымем высока ў неба.

Пабраўшыся за рукi, абодва падпальшчыкi кiнулiся бегма да гарматы. Але па дарозе Францiшак перадумаў i завярнуў у другi бок. Абагнуўшы панскi будынак, яны выбеглi да вежы. Тут панавала цемра. Сьвятло ад пажару сюды амаль не дасягала. Мiколка з разгону спатыкнуўся аб нешта цьвёрдае й ва ўвесь рост грымнуўся аб зямлю. Кроў пырскнула з разьбiтага носу. Ён гучна засапцеў i абмацаў разьцягнуўшагася на сьнягу вартаўнiка.

- Ага! Знацца, Кандрат тут пабываў! - узрадаваўся Францiшак. - А гэта яго сьлед! За нос не бядуй! Дзе лес сякуць, там трэскi ляцяць! Ды ты-ж ня плач, Мiколка, а сьнегу прыкладзi.

Няшчасны хлапчук нiчога не адказаў, толькi яшчэ мацней пачаў сапцi, ды прыняўся старанна размазваць рукамi кроў. Уся цiкавасьць небясьпечнае выправы адразу зьнiкла, засталося толькi незадаволеньне й горкая крыўда. Мiколка ўжо не любiў Сыча за тое, што адправiў яго сюды, не любiў Францiшка за тое, што прывёў яго сюды. А болей за ўсiх не любiў старога Кандрата Тура, як галоўнага вiнаваўцы разьбiтага носу: паразкладаў забiтых па дарозе й ганарыцца яшчэ сваёй рысяй скурай на плашчы... А можа, Кандрат не наўмысьля паклаў таго тут? Можа, ён сам сюды ўпаў? Дый наўрад цi ён надзеў сёньня свой прыгожы плашч... Вось каб намаляваць яго так, у гэтым плашчы, у панцыры, зь пёрамi на шоламе прыгожы быў-бы малюнак! Вось-бы навучыцца маляваць... I так гэта хочацца Мiколку - намаляваць Кандрата - вялiкага, прыгожага й адважнага Кандрата, што ён забываецца пра свой боль i ўвесь аддаецца марам. Ён ведае, што гэтыя мары ня могуць зьдзейсьнiцца. Не для яго, беднага, бяздомнага валацугi, iснуюць сапраўдныя навука й мастацтва. А як-бы хацелася... I ён марыць, марыць...

- А ну, Мiколка, дапамажы мне перасунуць гэты парог у другое мейсца. Каб не мазолiў тут вачэй... i насоў, - чуецца голас Францiшка. Салодкiя мары абрываюцца. Мiколка хапае за нагу забiтага й дапамагае адцягнуць яго падалей з дарогi. Знаходзяць другога й трэцяга, i цягнуць iх таксама ўбок. Калi з гэтым скончана, Францiшак паварочваецца да Мiколкi й сур'ёзна кажа:

- Тут у вежы, зараз, Кандрат i Кiрым. Яны Ваяводу ратуюць, хутка вернуцца. Дык ты сядзi тут i чакай на iх, дапаможаш iм з Замку выбiрацца, ды й сам разам зь iмi адыходзь... На мяне не чакай... Я пабягу гаспадарку аглядаць. А каб табе боязна не было, на вось меч, што ад палякаў застаўся, ён большы за твой. Ты-ж умееш сячы? Праўда? - I Францiшак у думках усьмiхаецца, бо Мiколка нават i дзьвюма рукамi наўрад цi здоляў-бы секануць iм. - У вежу ня грукай. Перапалохаць можаш. Зразумеў? Ну бывай, хлопча... Беражыся. - I, махнуўшы рукой, Францiшак пусьцiўся бегма й зьнiк у цемры.

Мiколка прыцiснуўся да муру й, дрыжучы ад холаду й страху, прыняўся чакаць...

А Францiшак, тым часам, выскачыў на асьветленую пажарам плошчу. Частка абаронцаў тушыла стайню, частка - скiрты саломы.

Капейшчыкi шыхтавалiся ў лаву за гальлёвым валам. Злаўрога паблiсквалi наканечнiкi дзiдаў.

Брама здавала. Пад аглушаючыя ўдары бервяна, з завесаў вылазiлi вялiзарныя вызубленыя цьвiкi. Вось-вось брама абрынецца...

Каля валу зьяўляюцца гайдукi з паходнямi... Пан Януш спакойна выцягвае меч i становiцца на чале лавы капейшчыкаў. Яго гучны голас, аддаючы загады, гучыць спакойна й упэўнена. Францiшак, зь мiжвольнай пашанай, глядзiць на старога ваяўнiка.

Гарматчыкi запальваюць даўжэзную паходню й падсыпаюць порах на палiцу. Брама вось-вось абвалiцца... Яшчэ ўдар, другi, i хваля напасьнiкаў уварвецца ў Замак...

Думкi Францiшка гарачкава працуюць:

- Што рабiць? Як выратаваць Сыча, якi напэўна ўварвецца першым i трапiць пад стрэл гарматы? Што прыдумаць? Куды кiнуцца?...

Гайдукi падпальваюць гальлёвы вал. Пан Януш паварочваецца да гарматы... Зараз ён падасьць каманду... I тут...

Францiшак выхоплiвае паходню ад аднаго з гайдукоў i, на злом галавы, бяжыць туды, дзе бачыў перад гэтым бочкi з порахам...

Гайдук разгублена глядзiць яму ўсьлед, не разумеючы, што сталася са сьвентаблiвым айцом...

Апошнi ўдар у браму, i...