- Доказаў пэўных няма, - заўважыў Канцлер. - Але калi ты не давядзеш, што гэта ня ты, то вiна падзе на цябе! Хто-ж iншы?
- Я давяду! - ускрыкнуў Сыч i, павярнуўшыся к апрышкам, гукнуў. - Мiколка, хадзi сюды!
Дрыжучы як асiнавы лiст, хлапчук выйшаў уперад. I, як-бы шукаючы падтрымкi, ухапiся за руку Сыча.
- Вось! - указаў на яго Сыч. - Гэты падлетак - унук таго гусьляра, i быў яму за павадыра. Ён сам ледзь жывы ўцёк, я знайшоў яго ў лесе галоднага й хворага. Спытайцеся яго, i ён скажа, хто забiў яго дзеда!
Апавяданьне Мiколкi было кароткае, але яснае, хаця голас хлопца дрыжэў i зьбiваўся ад страху. Ён добра памятаў, як разьюшаны Рыцар з арлiным крылом на шоламе, наводмаш секануў дзеда Макара па галаве, выгукваючы праклёны. Як сам Мiколка, зразумеўшы небязьпеку, нырнуў у кусты й пад градам стрэл дабраўся да лесу...
- За што той Рыцар разгневаўся на дзеда? - спытаў зьдзiўлена Вiтаўт.
- Ня ведаю... - ледзь чутна адказаў Мiколка.
- Ну, а што той Рыцар хацеў ад яго?
- Песьню... пра Караля хацеў... - страх забiваў хлапчуку дух, i ён аж захлынаўся словамi. - А дзедка сказаў, што няма ў яго Караля... Мо' дасьць Бог, Гаспадар наш карануецца, тады й песьнi будзе пра Караля сьпяваць...
- Гм... - спахмурнеў Вiтаўт. - Досыць! Гэтая вiна адпадае, далей што?
- Далей? - iзноў загутарыў Сыч. - Далей Скарга кажа, што я спалiў Чапрукi. А як я мог Чапрукi палiць, калi я ў той час пад Лiдаю быў, зусiм у другiм баку... А Чапрукi вунь аж дзе, пад Бранскам...
- А напад, на працоўны аддзел пад Барысавам?
- Гэта ня ён! - устаў Кур'ян Рэпiн. - Я ў той час у Барысаве быў. Воi апавядалi, што нейкi Драб з арлiным крылом на шоламе, напаў на iх, бо нехта з вояў пазнаў у iм напасьнiка на тыя самыя Чапрукi. Тут выглядае так, што нехта яшчэ злыднi правiць, а на Сыча вiна падае. Шукалi мы тады таго Драба па ўсёй Барысаўшчыне, але зьнiк, як у ваду.
Пiсары старанна запiсвалi прабег суда. Ваявода Фёдар крыху падбадзёрыўся пачатак быў нядрэнны. Пасаднiк Вiленскi ўжо зусiм лагодна пазiраў на падсуднага. Толькi Вiтаўт яшчэ хмурыўся ды глядзеў не ласкава.
- Скарга кажа, - прамовiў Канцлер, - што ты, Сыч, захапiўшы Конева, павесiў Самойчыка, Белагрудзкага й Несьцяровiча, абрабаваў маёмасьць, а потым спалiў маёнтак.
- Так, гэта я! - сьмела адказаў Сыч. - Але Самойчык i Белагрудзкi былi павешаныя раней, чым быў узяты маёнтак Несьцяровiча.
- Якiм правам ты ўчынiў гэта?
- Абодва шляхцiцы, Самойчык i Белагрудзкi, са сваiмi гайдукамi аблажылi Несьцяровiча, але пасьля няўдачы накiравалiся на Конеўскiх сялян i панцырных баяр. Падпалiлi дзьве хаты, i, ня прыйдзi я на клiч набату, згарэла-б усё Конева разам зь людзьмi.
- А хто даў табе права вешаць без Суда?
- Суд быў! Конеўскiя дзядзькi капой судзiлi... - i Сыч з палаючымi вачыма разпавёў, як былi ўдзячныя Конеўцы за сваечасовую дапамогу.
- Чым давядзеш? - не ўнiмаўся Вiтаўт.
Сыч гукнуў у натоўп апрышак, i адтуль выйшлi двое Конеўскiх сялян. Пад прысягай на Крыж, яны пасьведчылi, што Сыч кажа праўду.
- Мала гэтага доваду, - незадаволена заўважыў Вiтаўт. - Апрышкi за апрышак сьведчаць... - i, павярнуўшыся да Канцлера, загадаў: - Выслаць у Конева ўраднiкаў, каб дазналiся праўды!
- Я там быў, Ваша Высокасьць! - умяшаўся Васiль. - На два днi не пасьпеў, каб захапiць там апрышак. Сыч праўду кажа!
- А Конеўскi маёнтак я ўзяў, бо Несьцяровiч людзей там катаваў... - i Сыч падрабязна разпавёў пра зьдзек над Дашай, пра парушэньне баярскага прывiлея Францiшка, пра перапоўненыя вязьнямi падзямельлi.
- Дзе гэтыя людзi? - нахмурыўся Вiтаўт.
- Францiшак - паранены, застаўся ў Камянцы, пры iм i Даша. Вязьнi паварочвалiся дахаты.
- Хто пасьведчыць?
- Я, Ваша Высокасьць! - выступiў уперад Ваявода Фёдар.
Суд выслухаў сьведчаньне. Канцлер, заглядаючы ў Скаргу, вычытваў усё новыя й новыя правiны. Сыч, апiраючыся на сьведак, разказваў пра адны, i адмаўляўся ад другiх.
Суд зацягнуўся. Ужо прамiнуў час абеду. Ужо прыкметна стамiлiся пiсары й пачаў нецярплiвець Вiтаўт, калi нарэшце дабралiся да штурму Турнаўскага маёнтку.
- Чаму ты напаў на Турна?
- З тае самае прычыны, што й на Конеў, - асьведчыў Сыч. - Шмат там, у падзямельлях, гнiло нявiннага люду, а навакольныя сяляне грамадой дапамогi прасiлi. А пасьля штурму - грамадой Суд чынiлi, ды вiнаваўцаў каралi.
- Чаму-ж да Пасаднiка не зьвярнулiся, калi ад Нiкульскага нявiнна цярпелi? I да мяне маглi паскардзiцца? - раззлаваўся Вiтаўт. - А то ўсё самчынам!
- Скардзiлiся, Ваша Высокасьць! - жвава запярэчыў Сыч. - Я сам на гэта iх намовiў. Не дапамагло! Калi Стараста зь Берасьця прыехаў у Турна, то нiводнага вязьня не знайшоў. Нiкульскi загадзя даведаўся, дык каго пад лёд папускаў, а каго вывез недзе. I хадакоў да Вашай Высокасьцi таксама. Там уся ваколiца ад яго дрыжэла й слова прамовiць не адважвалася.
- I Камянец ты ўзяў?
- Узяў, Ваша Высокасьць! - усьмiхнуўся з гонарам Сыч.
- Малайчына! - раптам ускрыкнуў Князь Жыгiмонт. - Яго-б у Прусы! Крыжакi горкiмi сьлязьмi плакалi-б!
Вiтаўт, здавалася, не зьвярнуў нiякай увагi на словы свайго нябожа, i працягваў далей:
- Чаго-ж ты на Камянец палез?
- Пры нападзе на Турна, сустрэў я Кандрата Тура й Татарына Кiрыма. Яны сказалi, што дзесь тут увязьнены Ваявода з Грозава. А чэляднiк турнаўскi прызнаўся, што Ваяводу перавезьлi ў Камянец...
- Цi праўда гэта? - павярнуўся Вiтаўт да Кандрата.
- Праўда, Ваша Высокасьць! Як перад Богам!
- Ну, i... - iзноў зьвярнуўся Вiтаўт да Сыча.
- I надумаў я тады выслабанiць Ваяводу, - Сыча, здавалася, агарнуў запал штурму, i ён, гарачкава блiскаючы вачамi, разпавядаў. - Прысягнуўся я тады, хоць i ня надта верыў, што вазьму Камянец...
Дастойнiкi Суда аж панямелi ад зьдзiўленьня. Нiхто зь iх яшчэ ня ведаў аб прыгодах Фёдара, i таму кожны, затаiўшы подых, слухаў апавяданьня падсуднага: Як спачатку ўклалi плян нападу, пераапранулi Францiшка ў бэнэдэктынца, як з надыходам цемры палезьлi на прыступ. Як Кандрат i Кiрым, пералезшы праз мур, дабралiся да ўвязьненага Ваяводы, як Мiколка разьбiў сабе нос, як турнаўскi чэляднiк дзякаваў за ўзнагароду грашыма. Як пад ранiцу наляцеў Васiль з сотняй i загадаў: Iмям Гаспадара, здацца. I так падрабязна да самага ад'езду з Камянца.
Сыч скончыў апавядаць, а над пляцам доўга яшчэ стаяла магiльная цiша. Чутно было, як булькоча вада ў прадзамкавых ровах, ды трапечуцца харугвы. Вецер здалёк данёс ледзь чутную песьню...
Нарэшце апамятаўшыся, Пасаднiк Вiленскi ўскочыў з крыкам:
- Ня Сыча судзiць трэба! А Станiслава, Януша, Прышынскага, ды Ягайлу разам! Сорам! Ганьба!
Рэшта дастойнiкаў паўскоквалi таксама зь мейсцаў, i, зварочваючыся да Вiтаўта, наперабой закрычалi:
- Волю Сычу!... Ён адкупiў сваю вiну ў Камянцы!... У ймя Сьвятога Юрыя! Лiтасьцi!... Пад суд сапраўдных вiнаваўцаў!...
А Князь Жыгiмонт Карабут сарваўся са свайго мейсца, падбег да Вiтаўта й упаў на каленi з прозьбай:
- Вялiкi Гаспадар! Аддай мне Сыча! У маю дружыну! Ня будзеш шкадаваць, i слаўнага Драба прыднаеш!
Ваявода Фёдар радасна ўсьмiхаўся. Ён бачыў, што хаця Вiтаўт i заставаўся суровы з выгляду, яго вочы сьвяцiлiся ласкай.
Аднак, радасьць была прадчаснай. Гаспадар падняў руку й, пачакаўшы, пакуль сьцiхне галас, жорстка прамовiў:
- Перабралi мы й перагледзелi ўсе ягоныя правiны й хочам ужо памiлаваць. Аднак, Шаноўныя Дастойнiкi, цi не заўважылi вы, як гэты злодзей i душагуб хiтра абмiнуў адну зь iх, якая ўпiсаная ў самым пачатку Скаргi. Абмiнуў i думаў, што гэта так i сойдзе. Але, мы ўсё-ж хочам ведаць, чаму ён яе ўчынiў, i каго ён там ратаваў? Адказвай, Сыч! Ты ведаеш, аб чым я кажу, бо нездарма ты задрыжэў!...
Сыч запраўды задрыжэў i апусьцiў галаву. Iзноў запанавала цiша. Дастойнiкi Суда зьдзiўлена пераглядалiся, не памятаючы, аб чым мог змаўчаць падсудны. Адзiн толькi Сенька з Пагосту спакойна стаяў на варце пасярод пляцу й даверлiва глядзеў на Ваяводу Фёдара.