- Адказвай! - паўтарыў свой загад Вiтаўт, i вочы яго заблiшчэлi як сталь.
Сыч маўчаў, прыкметна хвалюючыся. У душы гэтага адважнага чалавека зараз iшла неймаверная барацьба - прызнацца цi не?...
- Гэта ня ён, Ваша Высокасьць! - пачуўся супакойны голас Фёдара. - Гэта ня ён, i я таму сьведкай!
Сыч з удзячнасьцю зiрнуў у бок Ваяводы ды йзноў апусьцiў галаву. Апрышкi, нiчога не разумеючы, прыглядалiся да свайго атамана.
- Мы хочам ведаць, у чым справа! - раптам крыкнуў Князь Глiнскi.
- Сапраўды! У чым ён вiнен яшчэ? - загулi Дастойнiкi Суда.
Вiтаўт устаў, абвёў урачыста вачамi прысутных, i абвесьцiў:
- Ён вiнен у сьмерцi Мацея Вадзянiка, перавожчыка з Прыпяцi, i цэлай яго сям'i! Мы верым сьведчаньню Ваяводы Фёдара, аднак, усёроўна, хочам пачуць, што скажа Сыч!
Усе вочы ўпiлiся ў пахмурага Сыча. А ён стаяў бледны, зарослы барадой i нерухомы, утаропiўшыся ў зямлю.
- Чаго-ж ты маўчыш, Сыч? Кажы! - ускрыкнуў абражаны Фёдар.
Сыч нерашуча зiрнуў у яго бок, i, трасянуўшы галавой, як-бы страсаючы сон, прамовiў:
- Мацея Вадзянiка забiў Ваявода Станiслаў з Крэва!...
Нiхто не абазваўся ў адказ. Нiхто не запярэчыў гэтаму, нiхто й не пацьвердзiў. Чакалi.
- Чым давядзеш? - недаверлiва спытаў Вiтаўт.
Сыч iзноў на кароткi час задумаўся, а потым папрасiў:
- Ваша Высокасьць, дазвольце мне пагутарыць з цырульнiкам?
Нягледзячы на такую дзiвацкую прозьбу й недарэчную прозьбу, Гаспадар дазволiў. I пасьля некалькiх прыцiшаных слоў Сыча, цырульнiк моўчкi ўзяўся працаваць каля ягоных густых барады й вусоў.
Дастойнiкi Суда чакалi. Вiтаўт нецярплiва церабiў залатую бахраму пры похве мяча. Ваявода Фёдар з палёккай i радасьцю сачыў за рухамi цырульнiка, а бачачы яго радасьць, радаваўся й Сенька з Пагосту, пераможна аглядаючыся на бакi, хаця роўна нiчога не разумеў.
Але вось цырульнiк скончыў i адыйшоў убок. Вiтаўт, зiрнуўшы на падсуднага, спачатку анямеў зь неспадзеўкi.
- "Пазнаў!" - здагадаўся Фёдар.
А Гаспадар, ускочыўшы на ногi, крыкнуў, ды так, што аж груганьнё з гучным крумканьнем узьнялося ў паветра:
- Якуб Вадзянiк!!!
Так, гэта быў ён - Якуб, Мацея Вадзянiка старэйшы сын, якi невядома куды зьнiк пасьля пабоiшча на Прыпяцi. Лiчылi, што, будучы параненым, зсунуўся ў раку й патануў. Зараз-жа - ён жывы й здаровы, стаяў перад Гаспадарскiм Судом як правадыр апрышак, i быў абвiнавачаны, мiж iншым, у забойстве сваiх бацькоў, братоў, i самаго сябе.
Сям'ю Вадзянiка ведаў шмат хто з прысутных на Судзе, ведалi й аб крывавай драме на перавозе, i цяпер кожны ня верыў уласным вачам. Надта-ж цяжка было паверыць, бо прызвычаiлiся за зiму да здарыўшагася, а тут - маеш табе!
Князь Глiнскi, не адрываючы вачэй ад ператворанага Сыча, з боязьзю прашапацеў:
- Можа, ён ваўкалака?... Цi мо' прывiд?...
Сiла Вахрэмчык, Войт з-пад Лiды, хуценька перахрысьцiўся (на ўсякi выпадак) - дрэнныя тут жарты.
I йзноў, толькi Сенька з Пагосту радаваўся шчыра й адчынена. Хаця ён i ня надта добра разумеў, што сталася, аднак, бачачы задавальненьне Ваяводы Фёдара, цешыўся сам. Яго барадаты твар адлюстроўваў такую радасьць, што, гледзячы на яго, пачалi рагатаць, адзiн за другiм, усе Дастойнiкi Суда.
Вiтаўт зыйшоў з падвышэньня, i, наблiзiўшыся да Сыча (цi Якуба), абмацаў яго. Сумлiву не магло быць - гэта стаяў жывы Якуб, з плоцi й крывi, а ня прывiд. Абмацалi Сыча й усе Дастойнiкi Суда...
Паступова зьдзiўленьне ўлеглася. Вiтаўт iзноў узыйшоў на падвышэньне й прамовiў:
- Сыч з Пушчы неспадзявана абярнуўся ў Якуба Вадзянiка зь перавозу, - i, павярнуўшыся да Сыча, запытаў: - Чаго адразу не прызнаўся, хто ты?
- Хацеў захаваць таямнiцу, Ваша Высокасьць, бо нiхто з нашага роду нiколi ня быў у апрышках цi ў якiх iншых беззаконьнях заблытаны!
- Як-жа ты туды трапiў? - голас Вiтаўта гучэў ужо зусiм iнакш, чым у часе Суда. - Разказвай!
Сыч, хвалюючыся ўсё болей i болей, падрабязна разпавёў пра загiбель сваёй сям'i. Пачаўшы з таго, як перавезьлi вечарам Ваяводу Станiслава праз Прыпяць, як начаваць прыйшлося ў хляву. Як ранiцай, панёсшы дровы ў хату, застаў там ксяндза, зьдзiраючага са сьценаў абразы. Як, грымнуўшы дравамi аб падлогу, кiнуўся на ксяндза й сапхнуў яго з лавы, на якой той стаяў. Як усьлед за гэтым - воi Станiслава кiнулiся зь мячамi, але, дзякаваць Богу, удалося выскачыць з хаты. Як пасьля кароткага бою, ён упаў, падбiты стралой. Больш нiчога ня бачыў, а калi прачухаўся, то быў у будзе ляснога прыхiльнiка Ярылы. Выдужаўшы, вырашыў знайсьцi й адпомсьцiць забойцу, аднак, ня будучы пасаваным Драбам, ня мог i думаць, каб выклiкаць яго на ўтаптаную зямлю, ды ў дадатак ня ведаў ягонага ймя. Таму й абраў такi шлях, на якiм, вандруючы, дапамагаў-бы пакрыўджаным людзям, i ў канцы спадзяваўся-такi спаткаць свайго ворага, што й сталася пад Камянцом, аднак злавiць яго не ўдалося...
Вiтаўт, выслухаўшы гэтае апавяданьне, цяжка задумаўся: "Адпусьцiць Якуба на волю нiяк нельга, а пакараць - шкада..."
Над пляцам iзноў запанавала цiша. Дастойнiкi Суда нецярплiва пазiралi на Гаспадара:
- Што ён вырашыць?
Нарэшце, Вiтаўт, павярнуўшыся да Князя Жыгiмонта Карыбута, нерашуча спытаў:
- Як ты скажаш? Што зь iм рабiць?
- Пусьцi яго да мяне ў Дружыну, Гаспадарэ, i не пашкадуеш! - паўтарыў сваю прозьбу Князь.
- А ты, Князь Глiнскi, што ты скажаш?
- Даруйце яму, Ваша Высокасьць! Адкупiў ён свае грахi, пад Камянцом... Хай iдзе куды хоча!
- А ты?... - павярнуўся Вiтаўт да Пасаднiка Вiленскага.
- Волю, Ваша Высокасьць! Дайце яму волю!
- А ты, Сiла?
- Волю, Ваша Высокасьць!
I так, па парадку, усе Дастойнiкi Суда высказалiся за апраўданьне Якуба. Нi адзiн не прамовiў слова супраць. Толькi й чуваць было: Волю! Волю! Волю!...
Вiтаўту й самаму хацелася адпусьцiць Якуба, але трэба было неяк абмежаваць яго волю, каб адчуваў, што за беззаконьнi свае кару нясе. I вось, прагучэў вырак:
- У працоўныя Дружыны - на будову дарог, мастоў i ўмацаваньняў! Усiх! Сыча й апрышак! Да нашага наступнага загаду.
Буйныя крыкi радасьцi заглушылi шчырую падзяку Якуба.
Ваявода Фёдар зьбег з падвышэньня й абняў узрушанага былога атамана апрышак, а цяпер працоўнага дружыньнiка...
Не падзяляў агульнай уцехi толькi адзiн чалавек - Прышынскi. Прымасьцiўшыся з тылу радаснай грамады апрышак, ён курчыўся ад праймаючага страху. Цэлую ноч, седзячы ў вязьнiцы, ён надумваў, што будзе казаць на Суду. Як давядзе сваю нявiннасьць, выставiць вiнаваўцам усяго Ваяводу Фёдара й Станiслава. Давядзе, што Крыжацкую Харугву здабыў у жорсткiм баю зусiм сумленна, а грошаў нiякiх i ня бачыў... Шмат плянаў перабраў ён у галаве, i ўсе яны былi адзiн аднаго лепшыя. У марах бачыў, як Вiтаўт ласкава падасьць яму руку, як верне назад у Камянец i прызначыць тамтэйшым Войтам. А Ваяводу Фёдара кiне ў падзямельле, закутага ў кайданы, i разам зь iм таго воя, што сьведчыў пра здарэньне пад Готэсвэрдэ. Разгулянае ўяўленьне малявала яму, што абвiнавачаны Ваявода Фёдар упадзе перад iм, Войтам Прышынскiм з Камянца, на каленi й будзе малiць аб лiтасьцi, а ён, горда адвярнуўшыся, са ўсяго размаху вытне яму нагой у твар i, зварочваючыся да Вiтаўта, прамовiць: "Няма лiтасьцi, i быць ня можа, над здраднiкам i йлгуном!"...
Але, вось зараз, калi настаў час адказваць, Прышынскi здрантвеў i разгубiў усе пляны. Застаўшыся самотна на пляцоўцы падсудных, ня вытрымаў пад суровымi вачамi Гаспадара ды Высокiх Дастойнiкаў, i ўпаў на каленi зь енкам:
- Лiтасьцi... Каюся...
Канцлер iзноў выступiў уперад i прачытаў Скаргу. Яна была кароткая, але забойчая. I допыт, таксама, быў кароткi.
Прышынскi ў адчаi прызнаў сваю правiну, спадзяючыся гэтым зьмякчыць вырак. Мiж iншым разказаў i пра Платона Скабеля, якому даваў прытулак у сваiм Замку, хаця й ведаў, што ён займаецца рабункам i душагубствам...