Выбрать главу

Але хутка, раней чым хто, Аляксей Іванавіч зразумеў, што набытак іх не з радасных. Золатаў, спачатку ўпотай, але з лісінай хітрасцю, пачаў дзейнічаць з мэтай заняць месца камандзіра атрада. Гэта было так. Золатаў адразу сцяміў, што яму сапраўды такі пашанцавала — што трапілі яны ў невялікі атрад. Стаць камандзірам — яго ратунак. Толькі гэтым апраўдае ён невыкананне задання — нявыхад групы на Мінск. Цэлы атрад арганізаваў! А Мана спалохала не тое, што ў яго забяруць атаманскую булаву (Ігар жартаўліва і ласкава называў яго «бацька атаман»). Пасля напружанага роздуму нечакана ўспомніў, дзе ён бачыў Золатава раней. Во таемная сіла асацыяцыі! Як толькі ў атрад заглянуў ад Дзядзюлі былы начальнік аддзела НКУС суседняга раёна — уміг як высветліла. Там! Там ён бачыў Золатава — дзе яго пратрымалі без малога год. Нават сустрэча ўспомнілася да дэталяў: позна ўначы ў даўгім і цёмным калідоры новага, але змрочнага будынка па Савецкай вуліцы. І ён амаль спалохаўся. Мець такога чалавека побач ды яшчэ з яго жаданнем «выхапіць булаву»... Чаму сам Золатаў адразу не прызнаўся, што ён тутэйшы, мінскі? Пакуль не прагаварыўся адзін з яго байцоў. Ігару сказаў. І той па прастаце сваёй ляпнуў, як кажуць, у лоб:

«Якаў Міхайлавіч! А да нас дайшлі чуткі, што вы мінчанін».

Золатаў натапырыўся, як загнаны ў куток кот.

«Хто гэта прыносіць такія чуткі?» — хоць адразу сцяміў, што выдаў яго хтосьці са сваіх, і моцна абурыўся. Хто? Дамаўляліся, што ў любой сітуацыі, ні ворагам, ні сваім, не выдаваць, хто ёсць хто, кожны з іх меў па два фальшывыя прозвішчы. Праўда, у атрадзе назвалі сапраўдныя.І,відаць, дарэмна, падумаў маёр. Нікому,выходзіць,нельга верыць, усе вакол — шпіёны.

«Хто вам прыносіць такія звесткі?» — паўтарыў сурова.

«Бачыў вас адзін наш партызан. Дзе вы працавалі — у абласным ці гарадскім упраўленні?»

«Я камандаваў ротай Белпалка,— і растлумачыў, чаму не сказаў пра гэта адразу: — Мне ісці ў Мінск».

Тлумачэнне такое Ігару і Брагінскаму здалося зусім натуральным: пры такой канспірацыі лепш, каб ніхто не ведаў, што ў горадзе ёсць людзі, якія могуць пазнаць разведчыка, можа, у яго найвышэйшае заданне — пранікнуць у штаб ці ў рэзідэнцыю гаўляйтара. Золатаў нават вырас у іх вачах. Сам камандзір групы збіраецца ў Мінск. Здавалася, што і Мана гэта магло б супакоіць: камандзіра палка, пастаянна дыслацыраванага ў сталіцы, мог сустрэць у любым месцы. Але не супакоіла. Наадварот: насцярожыла, калі ўспомніў, дзе ўпершыню ўбачыў Золатава.

Аляксей Іванавіч пайшоў на бяскрыўдную хітрасць: сплавіць групу Золатава Дзядзюлю. Сказаў, што суседні атрад мае сувязь з Мінскам, што ў Дзядзюлі ў горадзе добрая агентура, таму калі групе трэба ў Мінск, то лепш мець справу з Цімохам.

Золатаў нічога не адказаў, але згадзіўся наведацца да суседа. У паездку ўзяў усіх сваіх, нават радыста,— застрахаваўся. Але каб ён і згадзіўся перайсці, гэтага мала — трэба яшчэ згода вялікага хітруна Дзядзюлі.

Калі засталіся ўдвух, Ман у той жа гуллівай форме, як усталявалася ў іх адносінах яшчэ да вайны і набыло новыя фарбы пры «ваеннай камерцыі», сказаў:

«Цімох, хачу зрабіць табе падарунак. Ад жывога адрываю. Але для добрага сябра нічога не шкадую. Канешне, парачку скрынак патронаў ты не пашкадуеш. Не як плату. Як удзячнасць. Пакідаю табе групу Золатава. Арлы! Рвуцца ў Мінск. Выведзі іх на падпольшчыкаў».

Дзядзюля прыжмурыў хітрыя вочкі пад чорнымі кашлатымі брывамі. І раптам без усмешкі паказаў кукіш.

«На, адкусі хвосцік. Цалуй сам сваё золата».

«Кулак ты, Цімох».

«Чаму гэта я кулак? Кулак грабе пад сябе».

«Але раздае дулі».

«Во няпраўда! Гэта ганарысты бядняк круціць фігі ва ўсе бакі. А добры кулак і дулю пакідае ў сваёй гаспадарцы, на запас».

Сарвалася акцыя. Любоў не загарэлася і з другога боку. У дарозе Аляксей Іванавіч спытаў у Золатава: «Не дамовіліся з Цімохам перайсці да яго?» — «А нам і ў вас добра».

Мабыць, пераканаўшыся, што партызаны не прымуць адстаўкі таго, хто арганізаваў атрад, нават і тады, калі будзе такі загад з Масквы (Золатаў ламаў галаву, як атрымаць такі загад), маёр пайшоў у «лабавую атаку». Аднойчы за вячэрай, добра выпіўшы, катэгарычна абвясціў:

«Я старэйшы па званні. Маёр! І камандаваць атрадам павінен я! З Масквой дамоўлена. Цябе, Аляксей Іванавіч, назначаю начальнікам штаба. Навума — камандзірам вучэбнага ўзвода...»

Ашаломлены Ігар падскочыў да столі зямлянкі. Абурыўся. Закрычаў: