Выбрать главу

— Будзем размаўляць па тэрытарыяльным пытанні.

— Спачатку трэба пад’есці, — Колас пакорпаўся ў чамадане і з крыкам «А-а-а-а!» двума пальцамі выцягнуў адтуль цяжкі і набрынялы чымсьці беларуска-расійскі слоўнік. З падарункавага выдання сцякалі кроплі незразумелай вадкасці. Гэта быў форс-мажор: кансерваваныя кількі (прынамсі, так падалося Якубу) прарваліся вонкі, і кніжка наскрозь набрыняла расолам з кількавым водарам.

— Кількі! — узрушана закрычаў агаладалы Колас, — кількі-кількі-кількі! — Неспадзявана Якубу пачало не хапаць паветра і словаў.

— Тое былі не кількі! — Купала з задавальненнем пасмактаў вокладку. — Гэта былі высакаякасныя кансервы «сюрстромінг», нацыянальны шведскі далікатэс. Падарунак іхняга амбасадара аднаму (тут Купала ўзняў уверх палец) народнаму пісьменніку! Квашаная салака па-нашаму. Калі такія кансервы ў час не адкаркаваць, адбываецца салакавы выбух. Я хацеў з’есці яе пазапазаўчора.Прабач.

— Сапраўды, салака, — пераканаўся Колас, так-сама не без прыемнасці палізаўшы вокладку, — але як жа мы пойдзем у рэстарацыю без слоўніка? Мы ж не ведаем назваў расійскіх страваў! Wow!

Калі Якуб пачынаў размаўляць па-ангельску без акцэнту, тое значыла, што ён быў моцна незадаволены.

Купала прысеў на ўскрайку Краснай плошчы і адцягнуў за куток вільготную старонку: маленькія кірылічныя літары сапраўды плылі ўверх і ўніз, утвараючы нечытэльныя іерогліфы: карысны слоўнік натуральна ператвараўся ў бескарысную кніжку Арукі Нерукамі ў арыгінале.

Падавалася, што сітуацыя цалкам выйшла з-пад кантролю. У Коласа пачынаўся стрэс — гэта ён параіў Купалу прыхапіць з сабой у падарожжа рыбу, цяпер зрабілася зразумела, што памылкова.

На шчасце, у Купалы была добрая памяць, і ён прыпомніў цьмянае паводле значэння расійскае слова «щец». Яго пачатковую форму вызначыць было немагчыма, тым не менш Янка і Якуб здолелі тры разы замовіць харчы ў рэстарацыі. Адно толькі ежа была досыць аднастайная.

Аднак мы адышлі ад сутнаснага. Сутнасць спрэчнага пытання, якое мусілі ўзняць упаўнаважаныя пасланцы, была ў тым, што ва ўсходняга суседа трэба было забраць Смаленкс, каб далучыць яго да шэрагу гарадоў Пінкс і Мінкс, праз якія меркавалася пабудаваць стратэгічную шашу Пінкс — Мінкс — Смаленкс. Магістраль мусіла злучыць гэтыя буйныя аграрныя цэнтры ў адзіны магутны комплеск і такім чынам давесці краіну да апафеозу.

Дыскусія ўрэшце атрымалася вельмі гарачая. Купала нават крыху забыўся і пачаў чытаць свае вершы і ўрыўкі з паэмы Коласа «Новая зямля», што амаль нейтралізавала довады суразмоўцаў.

Але падчас дэбатаў Колас раптоўна зразумеў, што асабіста яму Смаленкс ужо не патрэбны. Справа ў тым, што разам са Смаленксам у магістралі Пінкс-Мінкс назовам выходзіла цалкам бабская абрэвіятура: ПМС. Запахла міжнародным скандалам.

— ПМС, — шапнуў Колас на вуха Купалу, калі той апантана размахваў графінам з вадой перад насамі апанентаў. Купала зразумеў усё. Ён паставіў графін на месца, і сябры паехалі дадому.

Купалле і Калоссе

— Добры дзень у хату! — тэлефануе Якуб Колас Янку Купалу.

— Э-э-э-э, — крэхча Купала ў адказ.

— Ці ты не прачнуўся яшчэ?

— А, ляжу тут, — адказвае Купала кволым галаском.

— Можа, што адзначалі ўчора?

— Так, Купалле адзначалі, — адказвае Купала кволым галаском, але ў галаску чуюцца нейкія новыя ноткі, якія непрыемна казычуць Коласа дзесьці ўсярэдзіне.

— Якое-такое Купалле? (Што за назва такая падазроная? — думае Якуб сам сабе.)

— Купалле — гэта свята ў гонар аднаго (у слухаўку чутна, як Купала ўзнімае ўверх палец) народнага пісьменніка! Там трэба паліць вогнішча і скакаць праз яго з прыўкраснай мадамай.

— І ты скакаў?

— Скакаў!

— І мадама скакала?

— І мадама! Прыўкрасная, паміж іншым!

«Вось жа конь табадамскі!» — думае Колас і кідае слухаўку…

«Як жа гэта так! — працягвае думаць Якуб, ідучы па праспекце і засунуўшы рукі ў кішэні (на Коласу элегантны джынсавы гарнітур). — Яшчэ і з мадамай!»

Колас збочвае з праспекта Францішка Скарыны і трапляе на вуліцу Францішка Скарыны, прайшоўшы крыху, збочвае яшчэ раз у завулак Першадрукара. Там у зямлі, пад пастаментам помніка аголенаму Францішку Скарыну, які раздзірае пашчу Івану Фёдараву, знаходзіцца круглы, парослы зялёнай травой уваход у нару. Металёвыя ягадзіцы Скарыны зіхотка блішчаць.

— Тук-тук-тук! — стукае Колас у вабныя круглыя дзверы з вензелем У. К. Ніхто не адчыняе. — Дзынь-дзынь-дзынь! — Якуб цягне за шнурок прыгожы бронзавы званочак.