Выбрать главу

— І Баба… Яна таксама…

— А Мышка?!!

— Мышка… хвосцікам збольшага…

На Дзеда жудасна было глядзець. Рукі яго бязвольна звісалі. Бялкі вачэй (страшнае слова «бялкі»… і «жаўткі») падаваліся шэрымі. Мокрая насоўка, Бабін падарунак, валялася на падлозе.

— Хвосцікам, значыцца, — задумліва вымавіла кура, раптам перастаўшы раўці і прыкрыўшы вочы павекамі. — Вось што, Дзед… — дамашняя ўлюбёнка нахілілася, і яе цяжкія мазолістыя рукі леглі Дзеду на плечы. — Я зараз выйду — у двары сякера…

Дзед зглынуў.

— ...А я за пуню, — тоўстымі валасатымі пальцамі кура паскрэбла азадак у шэрых пёрках. — Знясу яшчэ адно яйка.

Разагнуўшы шырокую голую спіну і апусціўшы крутыя плечы, што ў руху ўзгорваліся магутнымі мышцамі, Раба пацягнулася прэч.

Канец казкі.

Дзед павольна завальваецца ўбок.

Балахон Балахонавіч і Злая Вавёрыца

Беларуская каворная казка

Сярод дрымучых лясоў ды багавіння, дзе і цяпер дротавая тэлефонная сувязь не праведзена, у Чачэрскім павеце на беразе возера стаяла некалі хатка з бярвення. Жыў ды быў у ёй Балахон Балахонавіч з малымі дзеткамі балаханяткамі. Жылі яны не тужылі. Хадзіў Балахон Балахонавіч з ружжом паляваць зайца, вепрука, лісу, ваўка, крата, птушку дзікую… Часам, бывала, і на мядзмедзя хадзіў. Гарод таксама трымаў, дзе вырошчваў розныя прадукты і карняплоды. Усяго было ў сям’і багата. Увосень салілі яны баклажаны. Узімку катаўся Балахон Балахонавіч з дзіцяткамі па возеры на каньках. Увесну ўжо не катаўся. І ўлетку таксама.

Але вадзілася непадалёк ад хаткі злая вавёрыца. Сцерагліся яе малыя балаханяты. Пойдзе Балахон Балахонавіч паляванне паляваць, а малым балаханяткам накажа дзверы замыкаць, нікому не адчыняць і сядзець пад лавай ціха, бо прыйдзе вавёрыца і будзе ў хаце лютаваць. Так яны і рабілі.

І вось сабраўся аднойчы Балахон Балахонавіч крата паляваць. Зняў з паліцы ружжо, абматаўся кулямётнымі стужкамі, стаў на лыжы і кажа балаханятам:

— Не будзе мяне тры дні і тры ночы, у суседні павет іду, крата паляваць. Take care, мае дзетухны, кашу сабе варыце з круп, што ў куце ў меху стаяць, на двор не выходзьце, на каньках пакуль без мяне не катайцеся. А калі прыйдзе вавёрыца злая, сядзіце ціхютка, як вады ў рот набраўшы, каб яна думала, што нікога няма дома.

Паабяцалі балаханяты паводзіць сябе, як бацька кажа.

Мінуў дзень, мінула ноч — сядзяць балаханяты пад лавай. Як есці захочуць — вылезе хто-небудзь адзін, кашкі наварыць. Мінуў другі дзень, мінула другая ноч — сядзяць балаханяты пад лавай, як бацька сказаў.

Надышоў трэці дзень. Думаюць балаханяты, што сумна пад лавай увесь час сядзець — і вылезлі. А ў вакно тым часам вавёрыца зазірнула. Бачыць, што дурненькія балаханяткі адны дома — і ўжо грукаецца ў дзверы:

— Рабятухны-балаханятухны, адчыніцеся-адамкніцеся, гэтая я, добрая вавёрыца прыйшла!

Спужаліся балаханяты і адказваюць так:

— Нам бацька сказаў табе не адчыняць. Ідзі адсюль, пакуль жывая!

А вавёрыца добранькім такім галаском і кажа:

— Ды я ж за канькамі прыйшла, я іх некалі ў вас забыла. Што вы як не людзі?

Думаюць балаханяткі: можа і праўда вавёрыца канькі забыла, усялякае ж бывае… і адамкнулі дзверы.

Вох! Забегла вавёрыца ў хату, пахапала ўсіх балаханятаў, у мех з-пад крупаў паклала і завязала на чацвярны марскі вузел. А сама па шуфлядах ды па шафах шукае.

Вынесла яна ўсе рэчы, дарагія сэрцу гаспадароў: футра чорнае, футра чырвонае, футра заморскае баклажаннае — будзе цяпер у чым свецкім жыццём займацца драпежніцы! І збегла яна ў лясы.

На чацвёрты дзень вяртаецца бацька Балахонавіч дадому з цяжкім кратом за плячыма, бачыць: дзверы адчыненыя, усе шафы пустыя, і балаханятаў нідзе няма. Заплакаў ён горка:

— Ах вы дзетачкі мае, балаханятачкі, маленькія-дурненькія. Навошта адчынілі вы дзверы хітрай вавёрыцы, ці не папярэджваў я вас, што падступства ёй не займаць? Відаць, з’ела яна вас…

А тут мех з крупамі пад ногі Балахону Балахонавічу пакаціўся: коціцца і папісквае! Што такое?

Развязаў бацька мех — а з яго сямёра балаханятаў, адзін за аднаго прыгажэйшы, усе жывюткія і здаравюткія! Расцалаваў Балахон Балахонавіч балаханяткаў і кажа:

— Вось цяпер, дзеткі мае, вы і самі ўбачылі, на што вавёрыца здатная! Ніколі больш ёй не верце! Футра я іншага здабуду, у школьным гардэробе. А цяпер сядайма крата есці!

І зладзілі Балахон з балаханятамі ў хатцы баль! А вавёрыца стаілася да пары да часу.

Хто казку слухаў — патыліцу чухаў, хто казку прачытаў — той дзяржаўнага розуму чалавек.