Выбрать главу

— Ты не перамяніў сваіх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыцці гэтага краю, які раней не ведаў; хацеў бы і я штосьці даведацца з гэтых адкрыццяў.

— Якія выгоды я меў тут? Бачыш, які я цяпер? Калі я трапіў у гэты край, то ўпадабаў лагодны клімат, разлогі ўрадлівых ніваў, раскошу расквітнелых садоў, ветлівасць і дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькі месяцаў захацелася мне болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Умані[5], пабачыць пекны Сафіеўскі сад, так услаўлены ў паэзіі Трамбецкага[6], бо ён у маім уяўленні маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялікіх выдаткаў, і напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраіны. Знаёмячыся з вуліцамі горада Умані, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якія чыніліся тут у часе нападу гайдамакаў.

Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу і пайшоў туды праз высокую браму прыгожай архітэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром і зіхацела ў цішы, нібы люстра. Паўзіраўшыся на статуі з белага мармуру, што стаяць ля вады, я пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымі краявідамі; прыемна глядзець на расквітнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калі яе мастацтвам, стараннем і выдаткамі даводзяць да ідэальнае прыгажосці; там усё ў той час вабіць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзікіх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкія крыштальныя воды на імшыстым дзікім каменні, бачыў аграмадны граніт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крыніцы рыбу, якая зіхацела золатам і срэбрам. Там лугі і ўзгоркі ўкрыты прыгожымі кветкамі, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны палац Псіхеі ды прыгожы востраў багіні Каліпсы; там сустрэнеш усё, што толькі можа стварыць уяўленне паэтаў.

Самотны, блукаў я па зацішках гэтага саду. Дзень быў ясны, і ўсё квітнела, нібы ў раі, толькі мае думкі ахапіла скруха. Будучае і мінулае, быццам дзве чорныя хмары, віселі перада мною і за мною, нейкае журботнае прадчуванне ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькі цярноўнік, лічачы, што на адно толькі тое і нарадзіла яго прырода, каб я спыняў на ім свой позірк праз усю пілігрымку майго жыцця.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі замоўк, і здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела ягоная постаць, і на твары, быццам драўляным, не было аніякага руху. Зянон, не бачачы прыкметаў жыцця, пазіраў на яго з трывогаю; нейкі час яшчэ доўжылася маўчанне, нарэшце, нібы абудзіўшыся з летаргічнага сну, той пачаў зноў апавядаць:

— Быў я далёка, але і там спаткаў ля кветак калючы цярноўнік. Аднак вярнуся да свайго апавядання. Прысеўшы і абапёршыся рукою на дзікую скалу, я аддаўся сваім тужлівым мроям; раптам нейкі жыд з сухім, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, набліжаючыся да мяне, сказаў:

— Я — музыка, без інструмента граю на габоі; падарожнічаў па многіх краінах, і ўсюды маё гранне прымалі з вялікім захапленнем. Можа, пан дазволіць зайграць яму што-небудзь?

— Грай, што табе падабаецца, — адказваю.

Ён скрывіў вусны, прыціснуў праваю рукою надзьмутыя грудзі, па твары прабеглі канвульсіўныя дрыжыкі — зайграў нейкі жалобны марш. Слухаючы гэтую журботную музыку і гледзячы на канвульсіі твару і на ягоныя грудзі, я не мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог і папрасіў, каб не граў болей, не падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зірнуў на мяне так, быццам быў пакрыўджаны.

— Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, — кажу, — ці ёсць тут кусты цярноўніку?

— Навошта шукаць кусты цярноўніку, — адказвае, — глянь уверх, над галавою расце велізарнае дрэва.

Я ўзняў вочы ўверх і ўбачыў высокую акацыю з вялікімі вострымі калючкамі; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкі каля мяне не было.

Нейкі час я яшчэ блукаў па садзе, забіраўся ў цёмныя гроты, узіраўся ў струмені вады, у дзікія граніты, у мармуровыя статуі; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся вярнуцца ў горад.

Зяноне, людзі рознымі шляхамі ідуць да Вечнасці, але пра ўсё, што бачылі і перажылі на гэтай зямлі, пра свае забавы, мары, пра шчаслівыя ды нешчаслівыя сны, якія мроіліся ім у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным пакаленням.

Заснавальнік Сафіеўскага саду, валодаючы велізарнымі маёнткамі, мільёнамі лічачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы ні пра што іншае, як толькі пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымі водамі і квяцістымі далінамі зрабіць пенатамі грэцкіх багіняў; і гэта сталася сярод разлеглых стэпаў Украіны, дзе раней воку не было за што зачапіцца.

вернуться

5

Умань — горад на Ўкраіне, дзе ў 1786 г. казацкія атрады Гонты і Жалезняка выразалі ўсё насельніцтва.

вернуться

6

Трамбецкі Станіслаў (1739–1812) — прыдворны паэт апошняга караля Рэчы Паспалітае Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пісаў байкі, сатыры, оды, паэмы, панегірыкі. Адзін з самых славутых ягоных твораў — «Сафіеўка».