Выбрать главу

— Тут фармуюцца мінеральныя воды, — працягваў расказваць гаспадар, — хоць яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, і няма ў іх тых страшных істот, што можна ўбачыць праз павелічальнае шкло ў кожнай кроплі звычайнае вады. Жыхары Ўкраіны часта наведваюць Адэсу: адны, каб прадаць пшаніцу, а іншыя — дзеля марскіх ваннаў; збываючы прадукты, маюць карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, — толькі множаць непатрэбныя выдаткі: падарожжа няблізкае і салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крыніца будзе выратоўваць ад усіх немачаў; я добра ведаю гэтую мясцовасць.

— І я, — кажу, — маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькі з цікаўнасці.

— Едзеш у Адэсу? Я вельмі рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмі, калі ласка, адну невялічкую рэч.

— З вялікаю ахвотаю, калі не зойме шмат месца.

— Невялікія рэчы няшмат займаюць месца.

Сказаўшы гэта, пан Гайнар паклікаў да сябе хлопца, загадаў яму прынесці чатыры маленькія бутэлечкі і папяровае пудэлка, пасля павёў мяне ўглыб яру; мы ішлі між кустоў ды высокае травы; у засені гушчару з-пад узгорка выцякалі дзве чыстыя крынічкі, нібы дзве стужкі з чыстага срэбра, і праз колькі крокаў зноў хаваліся пад зямлёю. Спачатку ён напоўніў дзве бутэлечкі з аднае крынічкі, усыпаў нейкіх парашкоў — і вада раптоўна стала сапфіравага колеру, пасля з другое крынічкі наліў астатнія дзве бутэлечкі, і, калі сыпнуў іншы парашок, вада набыла прыгожы кармінавы колер; потым добра закаркаваў усе чатыры бутэлечкі і падаў мне са словамі:

— Калі будзеш у Адэсе, пазнаёмішся там з панам Рыльцам; гэта чалавек вельмі вучоны, ён прысвяціў сваё жыццё даследаванням таямніцаў прыроды. Я пасылаю яму дзве бутэлечкі гэтай каляровай вадкасці, а дзве з такою ж вадою вазьмі сабе; вялікая ад іх карысць і вялікая хаваецца ў іх таямніца; аднак даведаешся пра гэта не ад мяне, а ад пана Рыльца.

Мы яшчэ доўга хадзілі па берагах іншае сажалкі, на якой былі маленькія астраўкі, засаджаныя дрэвамі. Пан Гайнар апавядаў мне пра розныя гатункі траваў, якія выраслі ў ягоным садзе, пра іх чарадзейную сілу. А калі сонца схілілася за небакрай, я развітаўся з садам, падзякаваўшы гаспадару за ласкавы прыём і абяцаючы аддаць пану Рыльцу давераныя мне вадкасці.

Пакінуўшы ўкраінскія стэпы, я завітаў на Падолле; у гэтым краі ёсць усё, што патрэбна для жыцця. Тут і там дзівосная прырода, прыгожыя краявіды: у гарах зелянеюць дубровы і густыя грабавыя лясы, гаі нагадваюць сады з пладовымі дрэвамі, на шырокіх і ўрадлівых нівах гайдаюцца, быццам на моры, хвалі каласоў, квітнеюць даліны, зарослыя буйною травою, свецяцца, як люстры, ставы празрыстае вады, каля якіх бялеюцца вёскі і пышныя маёнткі, на берагах рэчак уздымаюцца сцены і піраміды скалаў, нібы рэшткі руінаў велізарных старажытных замкаў.

Зяноне, трэба пабываць там, трэба паглядзець той край, зірнуць на высокія і скалістыя берагі Буга і Днястра, дзе прырода адбудавала аграмадныя гмахі з велізарных каменных камлыгаў, пад якімі чарнеюць пячоры і лёхі — вечнае жытло цемры, вечныя сховы начных духаў; трэба пабачыць тыя скалістыя, дзікія ды таямнічыя руіны, вяршыні і схілы якіх пакрываюцца панурымі ценямі густога кустоўя; там усюды адкрываюцца вачам дзівосныя краявіды. На берагах гэтых рэчак добра думаецца, там госці вядуць размовы пра гістарычныя здарэнні, пра фантазію люду, пра розныя навуковыя адкрыцці ад часоў патопу аж да нашых дзён.

Я ўпершыню быў у гэтым краі — невядомы нікому і сам ні з кім не знаёмы. Я адзін вандраваў па берагах Буга і Днястра,і, самотны, няраз змардаваны падарожжам і дзённаю спёкаю, перад захадам сонца, абапёршыся на абломак скалы, узіраўся ў чарадзейныя і таямнічыя краявіды і туга распірала мае грудзі, вока блукала бязмэтна, а думка ляцела далёка-далёка, каб спаткаць позірк Адэлі, у якім адлюстроўваецца яе чыстая душа, што мае болей хараства і прывабнасці, чым усе цуды прыроды.

Пасля гэтага Саматніцкі зноў нейкі час сядзеў нерухома, нібы ў ім ужо не было іскрынкі жыцця; Зянон глядзеў на яго колькі хвілінаў, потым, каб абудзіць з гэтага летаргічнага стану, запытаўся:

— І ў тым зямным раі не знайшоў ты забыцця?

Ён раптоўна прахапіўся і сказаў:

— І ў пакутах не знайду.

— Я б хацеў пабачыць той гожы край.

— Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.

— Ці доўга ты быў на Падоллі?

— Першымі днямі верасня я падаўся далей, ішоў праз дзікія і пустыя стэпы. Зазнаўшы шмат невыгодаў і смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.