Выбрать главу

Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасці Гайнара, загадаў нямому хлопцу наліць медны ды іншы посуд вадою і ў прысутнасці сваіх гасцей зноў пачаў з зямлі і патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавіны, гадаў, матылёў ды іншую жамяру; калі ўсе са здзіўленнем убачылі ажыўленыя дапатопныя істоты, ён загадаў змяніць ваду, прынесці лісця з дрэваў і травы.

— Паглядзім цяпер на сучаснасць, — сказаў ён, — адна вадкасць чырвонага колеру пакажа нам найдрабнейшыя істоты лепей, чым самыя дасканалыя мікраскопы.

Ён уліў адну кроплю ў медную пасудзіну з марскою вадою, і там на нашых вачах з'явілася мноства дзіўных і жахлівых істотаў, якія ўвачавідкі павялічваліся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалі рыб, марскіх звяркоў, яшчарак і кракадзілаў. Гэта ж учыніў потым з крынічнаю вадою — іншыя з'явіліся монстры. Расклаўшы на стале лісце з дрэў і траву, ён пакрапіў усё чырвонаю вадою, і тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокі, сфінксы, кентаўры і гідры пачалі кружыць па шырокім стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.

Гэтыя і іншыя выпрабаванні доўжыліся да самае поўначы, пасля пачалася гаворка пра развіццё розных навукаў і разгляд твораў нямецкіх ды сучасных польскіх філосафаў; доўга разважалі пра Трантоўскага[13], Быхаўца[14], Бохвіца[15] ды іншых; найбольш мне запомніліся словы пана Рыльца:

— Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкіх філосафаў; яны шчыра шукалі святла праўды, і часам асобным з іх удавалася хоць здалёку ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калі нябеснае сонца Евангелля свеціць усяму свету, яны блукаюць у цемры і самі не ведаюць, чаго шукаюць; назвалі чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж — стварэнне Божае, як і іншыя ўсе душы.

Гэтыя размовы доўжыліся да позняе ночы, а калі прабіла дзве гадзіны, закончыліся літаратурныя забавы, і мы ўсе разам выйшлі; я адзін вяртаўся дахаты па пустых і цёмных вуліцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў і што чуў.

У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькі разоў наведваўся ў дом пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць і вучоныя размовы; калі перад выездам з горада я прыйшоў да яго апошні раз, каб развітацца ды падзякаваць за ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкі са спіртавым настоем, дзве з алеямі, некалькі сваіх парашкоў, перасцярог:

— У цябе цяпер воды Гайнара і ўсё, што патрэбна для даследавання прыроды — уваскрашай жа мінуўшчыну, выклікай з магілаў памерлыя істоты; вывучай таямніцы ўсіх мінулых стагоддзяў і цяперашняга свету, — і ўсюды ўбачыш цуды, якія іншым і не сніліся; убачыш руку Творцы, але не пераступай межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сіла, тут патрэбна яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волі Таго, хто цябе з ім злучыў, і вокам твае душы не ўзірайся ў іншую душу, якая створана, як і твая.

Зяноне! Я не паслухаўся, пакінуў без увагі гэтыя перасцярогі, зрабіў інакш; той скарб, які ёсць у мяне, тую моц каляровых водаў я выкарыстаў на іншае; я забыўся пра мінулае і пра будучае, хацеў ужо сёння быць у раі ў гэтым жыцці, на гэтай зямлі хацеў бачыць Духа ў постаці анёла; я пазнаў Адэлю, яна стала для мае душы тым богам, тым ідэалам, якога шукаў на гэтым свеце; блукаючы ў стэпах і па дзікіх скалах на беразе Цецерава, думаў я пра яе, пра яе марыў; душа мая без яе спакойнаю быць не можа, я аддзяліўся ад цела, забыўся пра сваё цела, забыўся і пра зямное жыццё, — загубіў сябе. Зяноне, у далёкім краі, калі хто з маіх даўніх знаёмых запытаецца пра мяне, скажаш, што жыве, ды жыццё яго жахлівае. Але і сам я хутка пакіну гэты край ды пакіну гэтае чужое цела дзе-небудзь на чужой зямлі.

Саматніцкі замаўчаў; Зянон пазіраў на яго з жалем у сэрцы; не мог нагадаць яму пра надзею, бо ягоная надзея згасла назаўсёды; паабяцаў толькі выканаць тое, што ён прасіў, і зноў выправіўся ў падарожжа.

вернуться

13

Трантоўскі Браніслаў Фердынанд (1808–1869) — папулярны тагачасны філосаф. У сваіх творах выказваў ідэі месіянізму.

вернуться

14

Быхавец Юзаф (1778–1845) — філосаф і літаратар. У сваіх працах развіваў вучэнне Канта ў духу антрапалагічнага ідэалізму.

вернуться

15

Бохвіц Фларыян (1794–1856) — філосаф. Выступаў з крытыкаю матэрыялізму і антырэлігійных настрояў. Свае творы выдаваў у Вільні.