Выбрать главу
ТРЫПУТНІК
Згубіліся ў натоўпе. Час, гэты Пастух усюдыісны, Па неўгаданай прыхамаці звёў нас На міг, Каб вочы ў вочы, — І з гэткаю ж бесцырымоннасцю напомніў Пра нашы накірункі і дарогі, Несупадальныя, як нашых пальцаў Адбіткі.
Павечна кожны з нас у загародцы Уласных абавязкаў і правоў.
Прыкладваем да сінякоў, да ран Гаючы Трыпутнік той сустрэчы.
* * *
«Да сустрэчы!» — у канцы ліста, На паштоўцы рэдкай — «Да сустрэчы!», Ды чамусьці вечна трэба ўстаць Паміж намі нейкай недарэчнасці.
Я маўчу, я не пытаю ў вас, Што так доўга свята не адзначым. Толькі ледзь не кожны дзень, што згас Зноў без вас — на палавіну страчаны.
Я маўчу, як зерне ў баразне. Прыйдзе ж час — адзіны ў свеце голас Хваляй сонца ахіне мяне — I схілюся ў шчасці цяжкім коласам.
1970
ВЫ ЁСЦЬ
Вы ёсць. Як пад нагамі ёсць зямля. Як гэта неба ёсць над галавою. Вы — нібы гарызонт, які здаля Са мной жартуе блізкасцю сваёю.
А я прымаю жарты за сур'ёз. То не самападман. То проста веры У маю сутнасць. I пакуль Вы ёсць, Мой шлях адзін, мой шлях — наперад.
1970
Я ВАС ЛЮБЛЮ
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею, I калі позірк позіркам злаўлю, Як птушанё, спалохана нямею. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу. I шчырых слоў ніколі не згублю. ...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?.. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
1970
* * *
Не трэба, дружа, не свяці Ты мне любоўю: Баюся сэрцам прырасці, Баюся болю.
Не залучай, не прыручай Святой пяшчотай. Аддарам будзе нам адчай За шчасце ўпотай.
Прадвызначана напярод: Любоў — крамола Там, дзе на долю недарод, На радасць голад.
Пасей на мары лебяду. Ужо даволі Шнароў на сэрцы. Пашкадуй: Не выдай болю...
1987
СТУДЗЕНЬСКІ ЛІСТ
Такая намаразь на шыбах, Што праз яе амаль не дападае Святло суседзяў з дому насупроць.
(Прашу цябе, самота: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!)
На вуліцы вядзьмарыць завіруха: След кожны ўвачавідкі зарастае Ссівелым мохам — зеллем прамінання.
(Прашу цябе, трывога: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!)
Над Белым возерам, над светам белым Драпежна сцюжа кружыць. Толькі рэкі Людской бяды ніяк не вымярзаюць...
(О слова — шпак вясновы! Хоць на міг Сагрэй сягоння Роднага мне чалавека...)
1985
ЛЮБОЎ
Той час, як прасякнуты табою... — Адно ў той час бываю я жывою.
Адно тады напэўна знаю я: Не марна доля доўжыцца мая.
Не марна выпрабоўвае сурова: Ты зерне ў ёй. Астатняе — палова.
1983
ГРАМНІЦЫ
Грамніцы — Палавіна зіміцы. Не напіўся певень вадзіцы. Што ж не дасць усумніцца, Што грамніцы — Палавіна зіміцы?!
Ці ж не гэты блакіт, Маляваны густа, высока?
(Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...)
Ці ж не спіленыя сукі У таполяў пасёлка?