Можа, трэба было б іначай?
Можа, трэба не так хваравіта?
Ды, відаць, мне ўжо лёсам прызначана
Подласць біць і быць подласцю бітым.
Я, здаецца, завёў пра сумнае...
Чапялою мяне, чапялою!
...Знаеш, Нін, толькі хмара насунецца,
Завіруюць сняжынкі роем —
I прыгадамі ўжо прыкованы,
Як дзікун да агню святога,
Да сустрэчы той невыпадковае,
Дзе звяло нас СП ці Богам!
Што чуваць у сяброў нашых, Ніна?
Мо пашчасціць — летам збярэмся.
Нізка кланяюсь вёсцы Нівы
I тваёй любімай бярэзінцы...»
За акном бяззорна і нема,
Ноч — як чорная штольня шахты,
Дзе разбілася яснае неба
У тваю апошнюю вахту.
Вёска Нівы спраўляе вяселлі,
Вёска Нівы спраўляе радзіны.
Што ніколі яе аселіцы
Больш не стрэць цябе —
страшна, дзіка.
Перадушаны крык маўчаннем
У душы — як сізіфаў камень.
У кожнай пошце няўцямна вачамі
Ад цябе ліста ўсё шукаю...
1970
СУХМЕНЬ, 1979
Цяпер, калі ўсееўрапейская спякота
З неміласэрнай сілаю сягнула
З нябёсаў высквараных і сюды,
На старану палескую маю,
У дольных водах некалі купаную, —
Цяпер яна жадна глытку вады.
Як дзіўна: гэту смагу
Непрыспанаю
Нашу ў сабе ўсе помныя гады.
Мяне ў дарозе —
У любой —
Заўжды —
Да чыстага калодзежа цягнула.
НАМ ВЕЧНА ЧАСУ НЕ ХАПАЕ
У калатні, у мітусні,
У спраў пад цэзарскай уладай,
Калі сабе самім не рады —
Тады начамі любых снім.
Няпэўны, хісткі човен-сон,
Як да зямлі абетаванай,
Шчаслівых нас, усхваляваных,
Нясе ў рэальнасць галасоў,
Абліччаў, родных назаўжды,
Адметных сілаю прыўкраснай, —
I ім, адзіным, наша страснасць,
Тыранства дум і мары дым.
...Усё ў чаканні берагі,
Якія ўрэзаліся ў памяць.
Чаму нам часу не хапае
На самых блізкіх, дарагіх?
1971
* * *
Адыходзяць мае беларусачкі,
Адлятаюць дзяўчаткі...
Як цнатлівыя краскі,
Што толькі да траўня свайго дажылі,
Толькі шчыра ўсміхнуліся роднай зямлі —
I няма,
I знікаюць,
Пакідаючы нам толькі згадкі.
Толькі цень свайго побыту:
Шпільку, хустачку, чаравічак,
Рэха смеху ці песенькі,
Вобліку ўяву...
Божа Ласкавы, не адрынь,
Прыгарні да сябе
Нашых знічак!..
Хай набудзецца ім,
Колькі схочацца,
У Тваіх іншасветах;
Хай да шляху далейшага іхняга
Шчодра прыточыцца
Радасці
За ўсю скруху
Непавянчанага з імі
Беларускага лета...
1991
СЯБРЫНЕ
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.
Скруха — зашмаргай... Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.
Праўду гэту — як ёсць — прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!
1985
ТАЯ ЎСМЕШКА
А. Д. Кушчынай
Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе,
Бо не раз і не два спатыкнецца,
Хоць магічны ліхтарык даецца —
Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце,
А карэніцца ў саменькім сэрцы.