Як багата людзей умурована ў змрок
Страху, злосці або нараканняў,
Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях
Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк,
Пераслеплыя да шкадавання.
I як мала, як мала між люду такіх,
Хто ва ўласнай хадзе па выбоях
Зберагае, як найдарагое,
Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх,
Сам аж свеціцца хто дабратою.
Але вось ён, нябесны ці дар, ці заклён:
Покуль ляжаш грудочкам пад сосны —
Аддавайся жыццю светланосна!
I цвіце тая ўсмешка, якая спакон —
Знак абранасці тайнай, дзівоснай.
1989
ПАМЯЦІ РАМАНА
- Ты клікала мяне?
- Прыгадвала цябе.
Сказала,
Што мне яшчэ ні разу ты
Не сніўся...
Не падыходзь так блізка:
Цябе ж ужо няма,
Ты ж у магіле!
- Ты памыляешся: Усе мы ёсць.
I ўсе мы тут.
- Не падыходзь.
Не датыкайся!
...I пракідаюся ў спалоху.
Кужэльнае святло світання.
Уласны мой пакой.
Тыгр цацачны з разумнымі вачамі
I кнігі на паліцах.
Спакой і ціша.
Нікога.
Але —
Зачыненыя нанач дзверы —
Прачынены!..
Але —
Шчака мая гарыць
Ад пацалунка!..
1989
ПАМЯЦІ ФЁДАРА МІХАЙЛАВІЧА ЯНКОЎСКАГА
Бываюць душы — светлата сама,
З нялёгкім конам — цемнату адпрэчваць.
Вас Беларусі выкахала Вечнасць,
Але ў гурмы пытаць пра Вас — дарма:
Не ведае, не прыгадае Вас,
Таго, хто так нямодна, далікатна,
Нястомна ў час, да ганьбы духастратны,
Вялічыў дух* каб ён ушчэнт не згас,
Каб выспявала, як зара, пара,
Калі на мову сэрца і служэння
Высока зашугае ўспалымненне
I бел-чырвона-белага кастра.
Калі, стваральнай мудрасцю жывы,
Згартуюць люд Асвета, Памяць, Веры.
...I недзе там, у яснасяйных сферах,
За свой народ усцешыцеся Вы!
1991
БРАНЗАЛЕТ
Марыі
...I пакорна белую хусцінку
Перад тым, што сталася, ўзняла.
Не пярсцёнак на руцэ — пласцінка
Шчыльненька запясце абняла.
Медны цуд камп'ютэрнага веку —
Зелянкава-жоўты бранзалет,
Ад усіх занемаганняў лекі:
Покуль носіш — будзе ўсё як след!
- I галоўцы не балець ад жалю?
- I адчаю сэрцайка не джаліць?
Ах, не зразу белую хусцінку
Перад тым, што сталася, ўзняла.
Тонкай змейкай меднай пласцінка
Тонкае запясце абвіла.
1989
ПАМЯЦІ ЖЭНІ ЯНІШЧЫЦ
Мая ж ты назяблая кнігаўка, горкая каня,
Бязрадная птушка бязраднай палескай старонкі!..
Пранізлівым крыкам зайшлася душа твая трапяткая—
I вырвалася з невыноснай ужо для яе абалонкі...
Мая ж ты трысцінка з да жалю ранімага роду,
Як жорстка, ласкавая, ты долі і людзям сказала,
Што гэтага свету, што гэтага згубнага лёду
Самоты і скрухі няўгойнае ты не прымала.
Ад догмы ці зайздрасці крыламі не ўбараніцца.
Да расчужання, да самазнішчэння звыкаем...
Ці праўда, што ўжо не пакутуеш ты, сястрыца?
Трысцінка, трагічная птушка трагічнага краю...