1988
У ВЯНОК ЛЮБЕ
* * *
Твая істэрыка раздратавання
Пры возеры, пераплываным мною,
Калі цябе жахае, што жывою
Мяне прадонне ўжо не верне,
Не! —
Твой лямант
Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне...
Няўжо і там,
I за мяжою невяртання,
Табе так страшна плачацца
Па мне?..
* * *
Знаёма-новы,
Ледзь абжыты дом.
Мне абжываць яго.
I ты
Заходзіш.
Не прывідам —
Жывая.
Пытаешся, ці я ўзяла вазон —
Без кветкі ў хаце
Як без гаспадыні...
З патайным хваляваннем
Я дзялюся
Арэхамі з табой.
I ты ўсміхаешся, бярэш...
А неўзабаве
Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,
Аўтобус,
Перапоўнены людзьмі,
У пільную дарогу вырушае.
Праз шыбу шэрую
Твая відаць мне постаць.
Ды ты ўжо не звяртаеш
Увагі на мяне.
Сачу шчымліва,
Як прападае ў далечы
Аўтобус...
Вяртаюся ў той звычна-новы дом,
У ледзь абжыты:
З краю на стале —
ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ
МНЕ АРЭХІ...
* * *
...Усе задумы, словы, крокі, сны —
Яны не абрываюцца труною:
У душах блізкіх ядрацца яны
Неўразумелай, жорсткаю віною.
А свет — ранейшы?.. I не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
I кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. I я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе — няма,
«Няма й не будзе...» — сэрца захалоне.
Дык што ж такое, гэтае жыццё?!.
Я азіраюся: твой сын малодшы
На ўзмежжы, колючыся аб асцё,
Збірае ў жменьку цёплыя валошкі...
1974
ТРЫ ПЕСНІ
Колькі песень ты, мамачка, некалі ведала — мора!
Калі рэдка спяваецца,
мусяць яны забывацца.
А тры песні твае
не канчаюцца нават і ў горы:
Песня працы,
Яшчэ — песня працы,
I зноў — песня працы.
1974
РУКІ МАЦІ
Як соладка спіцца
У роднай хаце,
Калі пасцель табе
Слала маці.
Як хораша ранкам
Прачынацца,
Калі да сняданка
Будзіць маці.
Як рупна сонца
З паўдня прыпякае,
Нада мной узнятае
Матчынымі рукамі.
Ператомлена ўздрыгваюць
Рукі маці:
Як кара, шчасце
Неба трымаць ім!
На крокі твае,
Як на песню,
Галаву ўзнімаю.
Пакуль іх чую,
Мне жыць не страшна,
Мама.
1977
КАЛЫХАНКА МАМЕ
Быць разам выпадае нам так мала.
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
ПАЭМА ЖНІВА
Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю.
Васковая свечка гарыць у цябе ў галавах.
І рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя
На грудзях — як два перавяслы на полі жніва.
Дажала, матулечка, вось ты, матулька, й дажала
Усе свае болі, маркоты і ўцехі свае.
І рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала,
Што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае...
Васковая свечка паколі гарыць — дагарае.
У слоік з ячменем сыходзіць счарнелая ніць.
Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая,
Настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?!