Выбрать главу
I падстаўляць сваё плячо слабое, Дзе хоць каго паратаваць змагу. Мы ўсе — з любові, ўсе мы — да любові, А як жа мы прад ёю ўсе ў даўгу!..
То, можа, ўдасца, мо сябе ўтаймую, Душу і цела ў розуме злучу, I неяк жытку гэту дазімую, I новай гэтакай — не захачу.
1985
ЗАЦЬМЕННЕ
Акіян мой стаў азерцам: Засуш не міне. Чэрпаю насмяглым сэрцам – Шкрабаю па дне.
Берагу – не ўберагаю Сцежкі паясок: Засыпае, засыпае І яе пясок.
Вось як дыхае пустыня – Роздараж ды глуш!..
Што яшчэ мне, лёс, падкінеш Пад зацьменне душ?
1984
АПАТЫЯ
Разглядваеш паныла лямец дзён, Адпушчаных на песню — Змарнаваных На тло бясконцых вымаганняў быту, — Самапавагі, песні той жадзён, Разглядваеш бяздарны лямец дзён: Ах моташна ад затхлай поўсці...
Душа за кабалу адпомсціць!
1984
БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА
Пагаварыць з табою трэба мне, А я пакутна падбіраю словы: Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах, А я ў тваіх чытаю столькі болю...
Як недарэчна, што душы мудрэць, Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных І раны, што скрывавілі мяне, Цябе не ўберагуць ад ран тваіх.
Паслухай, сёння, калі што й скажу І прыгадаю пачуццё, якое Абразай падсякалі, як з абрэза, Не думай, што цябе хачу суцешыць Падобнасцю людскіх перажыванняў: Не ўсцешыла б мяне бяда чужая, Хай і ў мінулым гэтая бяда.
Цяпер, калі па валасах маіх Усё натхнёней чыркае галубка Крылом з'інела-белым, Я хачу Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве, Да новых ран маё гатова сэрца...
1977
ВОРАН КРУЖЫЦЬ
Я шукала чараўніцу, Ах, шукала, Каб мяне ад варання Паратавала, Каб яно штодня-штоночы Не кружыла, Каб я цяжка так па сонцу Не тужыла.
Абышла я паўкраіны, Паўзямліцы, Не знайшла нідзе жаданай Чараўніцы, Бо яны, бо і яны Па сонцу тужаць, Бо над кожнаю душой Свой воран кружыць...
1989
ЧУЙНАР
«Ты на зямлі, каб несці крыж з пакорай, Наканаванне дзейснячы сваё. І ты чыймусьці трудаванню ўторыш, І хтось мацуе спраўджванне тваё.
Інач усё, што можаш перайначыць, Вітай усё, над чым не ўладны ты. Што ж да аддачы... Не чакай аддачы. Не тут яна. За рысай нематы.
Там адтайнуецца ўся патаёма Заломаў лёсу і цярпення дар».
...Пазыбваўся ў начным дзвярным праёме Бялёсы цень. Дарог маіх чуйнар.
* * *
Усе мы, усе мы ў хадзьбе Да небакраю. Калі й чакаю чаго – ад сябе Чакаю.
Табе не па сіле крок Маёю сцяжынай. Мы нават у снах сяброў Чужыя.
1984
* * *
У несаступлівай журбоце Ніколі ды не асуджу Таго, хто лёгка, па ахвоце Пераадольвае мяжу Між скрухаю і весялосцю, Таго, хто ўмее абярнуць Уласную маркоту ў досціп, — Ды не паставіцца ў віну Уменне жыць не ў спаняверцы У сэнсе земнага жыцця, Уменне вераваць да смерці У бессмяротны свой працяг!