Выбрать главу
1978
БЫЛО РАССТАННЕ
Было расстанне назаўжды. Так трэба, ведалі абое. І два каменных гарады Нас падзялілі між сабою.
Далоні ўладныя свае Раўніва ўсклалі нам на плечы, Сказалі: «Помніць недарэчы» — І ўкінулі ў віры свае.
Міналі месяцы, гады. Сцяна няведання ўставала. Было расстанне назаўжды. Не ўспамінаў. Не ўспамінала.
Вясну, хоць заплаці ўтрая, За восені слату не купіш, Дзе непрыкаянасць мая Уселася ў чырвоным куце.
Было расстанне назаўжды. А колькі ж лютых мінавала? — І хваляй весняе вады Сцяну як маем змаявала.
Чытаю твой кароткі ліст, Які, як парастак нязломны, Прабіўся з нашага калісь У дзён цяперашніх улонне.
І змоўклі стражы-гарады, І на скрыжалях іх заззяла: Не забываў, Не забывала. Было расстанне. Назаўжды?
1977
* * *
Як доўга не вяртаюцца буслы. Даўно на рэках лёд у вырай сплыў. Даўно ўжо крыламі, нібы рукамі, Разводзяць над лазою жоўтай кані. I абтрасае звонкі свіст шпачыны Пылок з сярожак вольхі ды ляшчыны. На ўгрэвах паадскоквала трава.
...Як доўга не хмялее галава. Так рады дружнай веснавосці вочы — А сэрца радавацца што ж не хоча? Няма яму вясны, яшчэ няма. На чорна-белых берагах — зіма. Дзён чарната ды бель даўгіх начэй...
А сонца зіхаціць усё ярчэй! Усе вастрэй напружваецца слых: «А можа, сёння прыляцяць буслы?»
Нібы ад іх прылёту акрыяе Душа. Нібыта не цябе чакае.
1973
* * *
Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае, З чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы. Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю, Які мне то памяць тваю, то няласку прарочыць.
Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку — Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце, Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка Адной грэцца сонцам, калі тое сонца ўзыходзіць...
Чакаю цябе.
1972
ПРЫЗНАННЕ
Тваё ніякаватае прызнанне — Зялёны ветах у маёй спякоце. Калі табе нялёгка (Так сказаў), Тады ты да мяне чамусь прыходзіш...
Зялёны ветах, засені галіна. Як хораіпа яна знімае стому! Малой драбнічкі толькі не хапае У густой лістоце: Расспяванай птушкі.
Калі б яшчэ і з радасцю сваёй Прыходзіў да мяне ты, Як дадому...
* * *
Была такая буйная вясна! А я жыла, жыла — не разумела, Нашто мяне абдорвала яна Цнатлівай чысцінёй чаромхі белай, Яе агрузлых, хмельных кутасоў Таемнай, ледзь улоўнаю гаркотай. На ўзлесках цвіў лілова-сіні сон I аддаваў мне ўсю сваю пяшчоту. А салаўі, пад смех маладзіка, Паілі сэрца слодыччу шчымлівай. Прымала ўсе дары мая рука Ў няведанні наіўным і шчаслівым.
Цяпер дажджы дзяўбуць маё акно, Шматае вецер з дрэў рудое лісце. ...Дзень добры, любы! Ведаю даўно, Нашто вясна дарункамі калісьці Абсыпала мяне так шчодра...
1963
ПЕСНЯ МАТЧЫНАЙ МАЛАДОСЦІ
...Замерла хвіля, як матыль на шпільцьі: Знарок ці незнарок, Сабе ці мне? — Вяртае мама песняй маладосць сваю:
...Насыпаў пшанца Аж па каленца, Наліў вадзіцы Аж па крыліцы.
Галубка не есць, Галубка не п'е, На круту гару Усе плакаці йдзе.