- Ты павінна легчы ў ложак, - настойвала яна, - я ўпэўнена, што ў цябе гарачка.
Мусіць, гэтак яно і было, бо ў скронях у мяне стукала, перад вачамі мільгалі сінія кругі - яшчэ крыху, і я магла б страціць прытомнасць. Я адмовілася легчы і падзякавала ёй за спагаду, хоць кожнае слова пякло, як агнём, і мне вельмі хацелася выштурхнуць яе вон разам з яе надакучлівымі клопатамі. Але няпрошаная госця ўсё не ішла і не ішла; яна прапанавала мне адэкалону, не паленавалася сама пацерці мне скроні, а я лічыла хвіліны, думала аб ім, ламала галаву, як бы мне пазбавіцца ад гэтай пакутлівай спагады. І чым болей я хвалявалася, тым мацней рабілася яе трывога за мяне; нарэшце яна паспрабавала ледзь не сілаю прымусіць мяне падняцца ў нумар і легчы. Але раптам - сярод яе ўгавораў - я кінула позірк на гадзіннік, які вісеў у вестыбюлі: дваццаць восем хвілін на восьмую, а ў сем трыццаць пяць адыходзіць цягнік. І рэзка, парывыста, з грубаю роспачнаю абыякавасцю я сунула стрыечнай мужавай сястры руку: «Бывай, мне трэба ісці» і, не звяртаючы ўвагі на яе неўразумелы позірк, стрымгалоў прабегла міма здзіўленых лакеяў, выскачыла на вуліцу, кінулася да вакзала. Ужо па ўсхваляванай жэстыкуляцыі слугі, які чакаў мяне з багажом на пероне, я зразумела, што пазнюся. Я рванулася да бар'ера, але мяне спыніў кантралёр: я забылася ўзяць білет. І пакуль я адчайна ўгаворвала яго прапусціць мяне, цягнік крануўся з месца; дрыжучы ўсім целам, я напружана ўглядвалася, спадзеючыся злавіць у адным з акон хоць позірк, ці прывітанне, ці знак рукою. Але ў паспешным бегу цягніка я ўжо не магла распазнаць яго твар. Усё хутчэй каціліся вагоны, і праз хвіліну перад маімі невідушчымі вачамі не засталося нічога, акрамя чорнага дымнага воблака.
Доўга я прастаяла, як скамянелая, бо слуга, відаць, некалькі разоў спрабаваў загаварыць са мною, перш чым адважыўся крануць мяне за руку. Тут толькі я ачнулася. Занесці рэчы назад у гатэль? Прайшло хвіліны дзве, пакуль я сабралася з думкамі; не, гэта немагчыма. Вярнуцца туды пасля недарэчнага, раптоўнага ад'езду - не, нізашто на свеце. Мне хацелася хутчэй застацца адной, і я загадала здаць рэчы ў камеру захавання. І толькі цяпер, у вакзальнай мітусні, у кругавароце мноства твараў, я паспрабавала абдумаць, цвяроза абдумаць, як пераадолець пачуццё гневу, тугі і роспачы, якое балюча душыла мяне, бо - павінна прызнацца - думка, што я па сваёй віне прапусціла апошнюю сустрэчу, пякла мяне, як распаленым железам. Боль рабіўся ўсё больш нясцерпным, і я ледзь стрымлівалася, каб не закрычаць. Мусіць, толькі ў непаўторныя хвіліны жыцця ў людзей бываюць такія раптоўныя, як лавіна, імклівыя, як бура, выбухі пачуццяў, калі ўсе пражытыя гады, увесь цяжар нерастрачаных сіл адразу навальваецца на чалавека. Ніколі ні дагэтуль, ні пазней не адчувала я такога крушэння надзей, такой бяссільнай злосці, як у тую хвіліну, калі я адважылася на самы рызыкоўны крок, адважылася адным ударам разбурыць усё сваё зберажонае, назапашанае, наладжанае жыццё і раптам апынулася перад неадольнаю, бяссэнсаваю сцяною, аб якую бездапаможна білася маё пачуццё.
Тое, што я рабіла потым, было, канечне, гэтак жа бяссэнсава; гэта было недарэчна, неразумна, мне нават сорамна пра гэта расказваць - але я абяцала сабе, абяцала вам нічога не ўтойваць: я... я хацела вярнуць яго сабе... гэта значыць, вярнуць тыя імгненні, якія правяла з ім... мяне нястрымна цягнула туды, дзе напярэдадні мы былі разам... да лаўкі, з якой я яго падняла, у гульнёвую залу, дзе я яго ўпершыню ўбачыла, і нават у той прытон, толькі б яшчэ раз усё перажыць зноў. А назаўтра я збіралася ўзяць экіпаж і паехаць па Карнішы, па той самай дарозе, каб кожнае слова, кожны жэст зноў паўсталі перада мною, - сапраўды, такою вялікаю, такою дзіцячаю была мая збянтэжанасць. Але падумайце, як маланкава зваліліся на мяне ўсе гэтыя падзеі, - я адчувала іх як адзін ашаламляльны ўдар. І цяпер, гэтак груба абуджаная ад свайго ап'янення, я хацела яшчэ раз, кропля за кропляю, упіцца мімалётна перажытым з дапамогаю таго магічнага самападману, які мы завём успамінам; канечне, такое жаданне не кожны зразумее. Можа, каб зразумець гэта, патрэбна палымянае сэрца.