Выбрать главу

- Ваенны ваш муж?

- Ваенны.

- Не прападзе. Ён там недзе. - I паказала мятлою ў канец калiдора.

Гэта, вiдаць, азначала, што чалавек недзе ў канцы састава, Зiна так i зразумела, але не супакоiлася. З роспаччу i маўклiвай просьбай яна пачала глядзець на Ярмолава. Той рашуча ўстаў, надзеў фуражку, але ў гэты момант у калiдоры пачуўся бязладны пералiвiсты свiст. Зiна ў радасцi кiнулася туды i хутка з'явiлася ў купэ разам з Валодзем.

- Напалохаў ты нас, - тулячыся да грудзей мужа i з бязмежнай адданасцю гледзячы яму ў вочы, гаварыла жанчына. - Што б мы тут рабiлi без цябе? Сядзь адпачнi. Ты, мабыць, даганяў цягнiк?

Ярмолаву неяк аж нiякавата стала, калi ён убачыў, што Зiна так шчыра i глыбока кахае свайго мужа. Унутры з'явiлася нешта падобнае не то на зайздрасць, не то на прыкрасць - самому цяжка было разабраць.

- Я ў буфет забег, - пачаў растлумачваць сваё здарэнне Валодзя i амаль увесь час глядзеў на Ярмолава. - Забег, а там - чарга. Пастаяў крыху, бачу цягнiк наш паплыў за акном. Я крыкнуў на буфетчыцу i бягом. Ледзь ужо самы апошнi вагон дагнаў.

- Купiў што-небудзь Людачцы? - нясмела маргаючы доўгiмi густымi вейкамi, спытала Зiна.

- От, дзiвачка! - сурова адказаў Валодзя. - Яшчэ пытае. - Зiна разгублена нахiлiла галаву да Людачкi. - Я ж кажу, што перад самым званком забег у буфет. А да гэтага не мог. - Лейтэнант засмяяўся i ступiў крок да Ярмолава. Разумееце? Гэты самы Цюльпан з суседняга купэ раптам як падскочыць на пероне, як тузане! I вырваўся з рук гаспадынi. Я за iм, а ён драла. Чорт яго ведае, што яму прыйшло ў галаву. Хвiлiн дзесяць я патрацiў, пакуль злавiў яго.

- А гаспадар што? - хмура спытаў Ярмолаў. - Гэты самы Дзiма?

- Куды яму? - насмешлiва махнуў рукою Валодзя. - Па iм то сабака быў бы ўжо, напэўна, у Менску. Не хоча Цюльпан ехаць на курорт. Давай будзем абедаць! - звярнуўся лейтэнант да жонкi. - Есцi хочацца!

Зiна паспешлiва стала развязваць адной рукой клункi.

- На, патрымай трошкi Людачку, - няўпэўнена сказала яна, а сiнявата-шэрыя пакорлiвыя вочы так прасiлi, каб ён хоць на гэты раз не асаромiў яе перад чужым чалавекам, каб хоць для прылiку ўзяў на рукi дзяўчынку. Ярмолаву аж балюча было глядзець на гэтыя вочы.

- Пасадзi яе! - суха сказаў, нiбы аддаў загад, Валодзя.

Пакуль Зiна падрыхтоўвала ўсё на столiку, Людачка сама знайшла на полцы свой лысы каштан i пачала абедзвюма рукамi падымаць яго вышэй носа i апускаць унiз. Iншы раз пры такiм руху каштан дакранаўся да рота, i ад гэтага ўсе бакi яго хутка сталi мокрымi.

Ярмолаў выпяў з кiшэнi бразготку i працягнуў яе дзяўчынцы.

- Вазьмi, Людачка, вось гэтую цацу. Глядзi, якая прыгожая.

- У яе ёсць такая дома, - заўважыў Валодзя.

А Зiна чамусьцi разгубiлася ў гэтую хвiлiну, не ведала, што сказаць. I толькi калi ўжо Людачка добра завалодала новаю цацкаю i, махаючы ручкамi, пачала залiвацца ўцешным смехам, мацi села блiжэй да дзяўчынкi, сарамлiва паглядзела на Ярмолава i сказала:

- Нашто вы турбавалiся, дальбог праўда.

Тады Ярмолаў выняў з другой кiшэнi пляшку смятанкi.

- Мне здаецца, што гэта можна было б даваць дзяўчынцы, - цiха сказаў ён.

Зiна спалохана глянула на мужа: "Што вы, што вы!.. Не трэба!"

Валодзя ў гэты час прыдзiрлiвым вокам аглядаў падрыхтаваную закуску i таксама вымаў з кiшэнi пляшку, толькi не са смятанкай. Зiна пачырванела i апусцiла вочы.

- Дзякуй вам, - глыбока ўздыхнуўшы, сказала яна Ярмолаву.

- Я думаю, - гаварыў тым часам Валодзя, - я думаю, што мы з калегам... Ён азiрнуўся i ўбачыў у руках Зiны смятанку: - Дзе ўзяла? Ага. Вы купiлi? - Ён крыва ўсмiхнуўся суседу. - Ну, добра. Дык я думаю, што мы з вамi возьмем перад абедам па службовай. Га? Ледзь паспеў ухапiць у буфеце. Дастань, Зiна, шклянкi.

- Я не п'ю, - сказаў Ярмолаў, глянуўшы на столiк, - хiба ўжо толькi за кампанiю. - Ён мiжвольна павярнуўся да гаспадынi.

- Сядайце з намi! - запрасiла Зiна, i Ярмолаў адчуў у яе голасе шчырасць i быццам бы спадзяванне на нешта добрае. Звыклы ўглядацца ва ўсякую з'яву, ён падумаў, што Зiна баiцца пакiдаць свайго мужа аднаго з пляшкаю. Таму, падзякаваўшы, ён стаў даставаць з-пад полкi свой чамадан.

Пасля першай шклянкi Валодзя стаў на рэдкасць гаваркiм i бадзёрым. Кожнае слова, кожны жэст, трапныя яны былi цi не, з'яўлялiся ў яго надзвычай лёгка, мiмаволi. Вiдно было, што выпiўка для гэтага чалавека - справа звыклая i што тут ён умее паказаць сябе.

- Жонка мая не п'е, - ужо ў каторы раз паўтараў ён Ярмолаву. - Зусiм не п'е. Так што вы яе i не прасiце. Артыстка i не п'е. Дзiўна? Праўда, яна былая артыстка. Ну, i дзякуй богу! Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Правiльна я сказаў, таварыш Ярмолаў? Адмiрал Ярмолаў?

"Адмiрал" без крыўды ўсмiхнуўся i хацеў нешта сказаць Валодзю, але Зiна так паглядзела на яго, што ён не рашыўся ўступаць у размову. Зiна i сама ўвесь час маўчала, бадай-што мала i слухала, аб чым гаварыў муж. Яна старанна кармiла свежай смятанкай Людачку. Скажы Валодзю адно слова, ён табе дваццаць. Скажы яму ласкава, ён табе адкажа груба i жорстка. Гэта, вiдаць, добра разумела Зiна, таму i сама маўчала i прасiла, каб Ярмолаў нiчога насупроць не гаварыў. Калi не раззадорваць гэтага чалавека, не падлiваць масла ў агонь, то ён пагаворыць, потым пасвiшча крыху ды ляжа спаць. Зачапiся ж з iм, - усю ноч прагаворыць.

Дапiўшы гарэлку i назваўшы Ярмолава яшчэ разоў дзесяць то адмiралам, то генералам, Валодзя сапраўды неўзабаве палез у ботах на верхнюю полку, i як толькi паклаў на падушку галаву, дык адразу i захроп. Зiна пачала прыбiраць са стала, а Ярмолаў выйшаў, каб не перашкаджаць ёй. Калi ён вярнуўся, то заўважыў, што Валодзя ляжаў ужо разуты, вялiзныя ступнi з шырокiмi пяткамi звiсалi пальцамi ўнiз з полкi. Гэта, вядома. Зiна разула яго. Ярмолаў уявiў, як для гэтага яна, напэўна, падстаўляла да полкi лесвiчку, як спяшалася, каб зрабiць гэта да яго прыходу, i яму стала шкада жанчыну. Вiдаць, не першы раз яна разувала свайго мужа...