Выбрать главу

Барона Поля павесiлi.

Начальнiк палiцыi кiўнуў у мой бок.

- А вы паехалi дадому, - сказаў ён, - i потым ажанiлiся, у вас нарадзiлiся два сыны, а вы ўсё не маглi забыць дзяўчыну ў зялёным купальнiку з яснымi вачыма. Вельмi цiкавая гiсторыя, мiстэр Дэнтэл. Сумная. Але - прабачце - ну дык i што?

- А тое, - сказаў я, - што гадзiну назад, калi я iшоў з гэтэля да таго месца каля дарогi, дзе падаюць смажанае на вуголлi мяса...

- Шынок "Пралеска". У Доўгiм завулку.

- Так. Па дарозе якраз там, дзе канец галоўнай вулiцы i дзе два святлафоры, побач са мной спынiўся на чырвонае святло цёмна-фiялетавы "мерседэс-бенц" з шафёрам за рулём.

- Я ведаю гэту машыну, - кiўнуў галавой палiцэйскi. - Натуральна, бо гэта адзiная такая ў горадзе. Належыць уладальнiкам фабрыкi.

Чаму ж ён тады не ўдакладнiў назвы галоўнай вулiцы, падумаў я, губляючы цярпенне, калi ён такi ненажэрны на падрабязнасцi? Але...

- Уладальнiкам фабрыкi? - перапытаў я. - Я маю з ёю справы шмат год, але нiколi не думаў, што ёю "ўладаюць". Яна ж такая вялiкая - сапраўдны монстр. Хiба гэта не акцыянерная кампанiя?

- Не-а. Сямейнае ўладанне. Але ўладальнiк - не адмiнiстратар па складзе характару. Яны больш падарожнiчаюць. Тут бываюць рэдка. Адны гавораць, што ён добры гаспадар, другiя ж - што проста дрэнны камерсант, але дастаткова разумны, каб ведаць гэта... Ну, як я сказаў, а што?

- Тое, што на заднiм сядзеннi цёмна-фiялетавай машыны сядзела Эн.

Шэф выпрастаўся, зняўшы цяжар тулава з локцяў.

- Вы, - вымавiў ён паволi, - вар'ят. Хутчэй за ўсё жанчына, што сядзела ззаду, была мiсiс Фраўнфелд.

- Гэта была Эн. Карычневыя валасы пакрылiся серабром - не па гадах, але калi колер i штучны, яны вельмi прыгожыя. Яна вельмi прыгожая i вельмi халодная.

Палiцэйскi па-ранейшаму глядзеў на мяне як на поўнага вар'ята.

- Трыццаць пяць? Трыццаць шэсць? - спытаў ён.

- Ёй цяпер трыццаць сем, але выглядае на больш.

- Мiсiс Фраўнфелд падобна на жанчыну, якая "добра захавалася". Дзiўна, бо яна даволi маладая.

- Фраўнфелд?

- Я ж вам сказаў.

- Фраўнфелд. Чакайце. - Я нахмурыў бровы i раптам успомнiў. - Гэта было прозвiшча яе далёкай кузiны. Яго ўспамiналi ў судзе. Гэта было прозвiшча далёкай кузiны, якая атрымала спадчыну. Але ж - гэта была жанчына.

- Яго iмя Марыён.

- Ага. Дык вось яно што.

- Я сказаў нешта смешнае, мiстэр Дэнтэл?

- Я ўсмiхнуўся? Ну, што ж, гэта залежыць ад таго, якiм пачуццём гумару чалавек валодае. Я якраз пытаўся ў сябе, цi не ўзяла Эн гэта падобнае на жаночае iмя ў свой старанны разлiк, i вырашыў, што гэта было немагчыма. Таму што я таксама ўспомнiў той незвычайны, але не вельмi падыходзячы купальнiк. Адзiная рэч, што я бачыў на ёй, каштоўнасць якой не была заменшана. "Дзеля яго эканомiла на адзеннi некалькi месяцаў", - сказала яна мне.

Палiцэйскi ўтаропiўся ў мяне на цэлую хвiлiну - адну доўгую хвiлiну.

- Вы ўпэўнены, мiстэр Дэнтэл? - спытаў ён.

- Абсалютна ўпэўнены. Пастарэла, стала больш халоднай, прыгажэйшай. Тыя самыя вочы.

- Я звярнуў увагу на вочы мiсiс Фраўнфелд на адным дабрачынным мерапрыемстве, - сказаў паволi палiцэйскi. - Калi яна падавала мне кубак пуншу, яна была вельмi чароўная, вельмi прыемная. Але тады я падумаў, што мiсiс Фраўнфелд магла быць пад наркотыкам.

- Не думаю. Проста зацыкленая сваёй мэтанакiраванасцю. Можа, гэта i лухта з боку гледжання медыцыны, але я заўсёды так лiчыў.

Палiцэйскi зiрнуў на гадзiннiк, што вiсеў за маёй спiнай. На тэлефон на стале. Потым глянуў на мяне.

- Нiчога, каб яго чорт узяў, не ведаем мы пра гэтых Фраўнфелдаў, - сказаў палiцэйскi суха. - Вiдаць, таму, што ў горадзе няма iм роўнi па сацыяльным статусе. Ходзяць чуткi - упэўнены, што гэта бабскiя плёткi, - што яна - вартая таго, чаго яна вартая, як бы сказала мая мацi. Жыве сваiм жыццём, як кажуць жанчыны. Не паважае мужа. Але ж ён - не моцны мужчына. Слабы падбародак. Завостраны. Адзiнае, што я ведаю напэўна, - ён горны iнжынер. Як i вы.

- Як я i як чалавек, якога яна любiла, - не камерсант i не багаты, ён быў слабы, але, як бы сказаць, адпавядаў ёй. Мае востры падбародак, так? Як яго жонка i кузiна? Значыць... "Дынастыя", - сказала яна. Можа, у яе бы думка, што калi яна выйдзе замуж за адзiнага сваяка, створыць нешта накшталт дынастыi, i грошы застануцца ў сям'i.

Рука палiцэйскага паволi пацягнулася да тэлефона, лягла на апарат i засталася там нерухомай.

- Не толькi яе, але i яго, - сказаў ён, вiдаць, сам сабе. - Саўдзельнiк... Значыць, вы сказалi наступнае: яна не магла атрымаць спадчыну на працягу трынаццацi год. Але калi б яна "памерла", яе кузен - чалавек, якога яна любiла, - атрымаў бы спадчыну. Такiм чынам, яна арганiзуе "сваё забойства", кузен атрымлiвае спадчыну, яна выходзiць за яго замуж i адразу ж атрымлiвае грошы... Трэба праверыць дэталi, пацвердзiць тое-сёе - завяшчаннi, пасведчаннi аб нараджэннi, аб шлюбе, тую частку трупа ў шматках ад зялёнага купальнiка. I, - ён глянуў на мяне, - нетаропкасць, упэўненасць, маўчанне - пакуль мы не забяспечым дакладнасцi. Вы далучыцеся да мяне ў забеспячэннi гэтых засцярог, мiстэр Дэнтэл?

- Так.

- Пракурор штата, - сказаў ён задумлiва, - занадта высока для мяне. - Ён па-ранейшаму трымаў руку на тэлефоне, разважаючы аб нечым. - Вы прыедзеце, калi спатрэбiцеся нам, мiстэр Дэнтэл?

- Я буду чакаць тут.

Мне здалося, што палiцэйскi сумняваецца.

- Не менш двух тыдняў. А можа, i намнога больш.

- Я чакаў на Блакiтным беразе два месяцы.

Ён глянуў на мяне з цiкавасцю.

- Вы адчуваеце неабходнасць адпомсцiць?

"Цi так?" - падумаў я i паволi сказаў:

- Усё менш з кожнай хвiлiнай. Спачатку мне зрабiлася шкада тых тыдняў агонii, ад якiх пакутаваў малады Ўiльям Дэнтэл, а потым многiх год з iх начамi, поўнымi болю i жалю. Але цяпер я думаю толькi пра звычайную справядлiвасць. Я лiчу, што мы павiнны зрабiць гэта, каб перамагла справядлiвасць. Дзеля Поля. Як я гаварыў Эн, ён быў сапраўды сiмпатычным хлопцам i чэсным, згодна з яго магчымасцямi.

- Гм. Ну, ведаеце, яна таксама. I я думаю, што вы маглi б таксама адчуваць у нейкай меры ўдзячнасць.

- За што?

- Нягледзячы на тое, што ваш твар мог бы зрабiць адпаведнае ўражанне на прысяжных, вашы бацькi былi неадпаведна заможныя. У вас не хапала матывацыi забiць яе, а матывацыя да яе забойства была адна з умоў шлюбу.

Ён прасачыў, як мой твар асвяцiла здагадка, усмiхнуўся, а потым перайшоў на з'едлiвы тон.

- Цi жадаеце вы, мiстэр Дэнтэл, афiцыяльна заявiць, што вы лiчыце: забойства было здзейснена над адным баронам Полем - мы павiнны даведацца яго прозвiшча - што забойства было здзейснена ў адносiнах аднаго барона Поля iмярэка, у горадзе Каны, у Францыi, у адна тысяча дзевяцьсот сорак сёмым годзе?

- Так.

Палiцэйскi ўзяў слухаўку.

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны