Выбрать главу

На Беларусь, зрэшты, толькі ў Рачканы, малёваншчына прыйшла дзякуючы рачканцу па прозвішчы Болтуць, які служыў салдатам у Фаставе пад Кіевам, сустракаўся з малёванцамі i самім Малёваным, i вярнуўся адтуль настолькі апантаным, што захапіў новай верай ці не большую палавіну вялікай паўночна-палескай вёскі. Імя i па бацьку таго Болтуця, якога ў трыццаць пятым ужо не было, я забыўся. Як быццам Іосіф, Юзік. Затое перад вачыма i цяпер стаіць адна незвычайная паперына — надрукаванае i пропісам запоўненае пасведчанне, выдадзенае Болтуцю пра тое, што ён па сваіх рэлігійных перакананнях сапраўды не можа прымаць удзелу ў вайне са зброяй i таму службу ў Чырвонай Арміі павінен адбываць санітарам у заразным шпіталі. Даведка падпісана ўпаўнаважаным па справах веравызнанняў Уладзімірам Чартковым, адным з найбліжэйшых сяброў i аднадумцаў Л. М. Талстога, а законную сілу гэтай даведцы давала надрукаваная на адвароце спасылка на адпаведную пастанову Савета Народных Камісараў ад 4 студзеня 1919 года — што мне запомнілася дакладна — за подпісамі Леніна i БончБруевіча. Такая вось гісторыя!..

На даўнім ужо, фармаце паштоўкі, здымку ў цэнтры невялікай групы рачканцаў — іхні высокі госць, Іосіф Вігдорчык, публіцыст Бен-Адам, прадстаўнік на Польшчу сусветнага пацыфісцкага «Интернационала противников войны». Ca свайго Беластока ён спачатку прыехаў у Мір, да Ката, адтуль да нас з Мішам, у Загора, а тады ўжо ў Рачканы. У нас ён спаў у гумне, на свежым сене (чым не раскоша ў параўнанні з душнай хатай!), аднак прастудзіўся, выглядае па-свойму ссутуленым ды яшчэ вусатапанураватым, хоць па натуры ён дабрадушны, нават крыху сентыментальны i вясёлы.

Гаспадар глінабітнай, пабеленай хаты, на рагу якое сабралася група — адзін ca старэйшых, актыўнейшых малёванцаў Вінцусь Вінель, з дзіцем на каленях, лысаваты дзядзька з гогалеўскай усмешкай пад вусамі.

Яго маладзейшага брата Пятра, якога мы з Мішам бачылі годам раней, на здымку няма. Інтэлігентны i майстравіты, прыемны ў гутарцы мужчына са сваёй гаспадарлівай жонкай i яшчэ недарослымі дзецьмі, ён падаўся ў Парагвай. Гаварылася — на разведку. Пачаўшы ці не з Баранавіч, а то i з найбліжэйшай чыгуначнай станцыі Рэйтанава,— на сушы, на моры i на месцы ўжо, у пажаданых, вымараных прэрыях поўнай свабоды,— Пятрусь вёў дзённік. Па-гаспадарску грунтоўна расказваючы ў ім пра ўсё, робячы справаздачу i дапаможнік у падарожжы для тых, хто накіруецца следам за ім. Былі там i шчырыя, паэтычныя адхіленні з гумарам i красою ўсяго пабачанага, да парагвайскіх кветак i матылёў уключна. Гэтыя рускамоўныя запісы ён прыслаў брату Вінцусю ці непасрэдна Вігдорчыку, а той размножыў ix на сваёй нястомнай машынцы. Адна гусценькая, на тоненькай паперы копія таго унікальнага дзённіка цалкам у мяне не захавалася, толькі першыя ды апошнія старонкі, сам не магу ўцяміць, чаму іменна так. A вельмі шкада, бо гэта ж цікава было б апублікаваць, балазе ў нас ёсць ажно тры часопісы пра родную гістарычную мінуўшчыну ды спадчыну.

Вінцусь Вінель пазней падасца таксама за акіян. Сын ягоны, падлетак Казік, які на здымку, да таго часу крыху пасталее, а потым i шчасліва ўратуецца ад злачыннага вайсковага абавязку. Быў i такі разлік у братоў Вінеляў наконт лёсу сыноў, у чым яны абодва нам прызналіся.

Чарнявы Міша Касель, з энергічна складзенымі на грудзях, да лакцёў аголенымі рукамі бондара, стаіць амаль зусім у профіль. Успамінаю наша знаёмства ў той сёмушны дзень.

На малітвенным зборы малёванцаў, якраз у гэтай пабеленай хаце, песні адразу нагадалі мне даўно знаёмае — «сабранія» пяцідзесятнікаў, пасля апісаныя мною ў «Праведніках i зладзеях», іхнія песні i пропаведзі па хатах, у тым ліку i ў нашай вёсцы, а больш у суседніх Маласельцах, дзе ў трыццаць пятым годзе «братья верующие», сярод якіх i добрыя цеслі, столяры былі, пабудавалі ладны малітвенны дом, які, дарэчы, стаіць, на святы гучыць у садзіку i сёння. Толькі ж спявалі рачканцы на свой, як падумалася тады, палескі лад, з большай цягучасцю i пэўным «падвываннем» у канцы. І песні ў ix — не з песеннікаў, якія пяцідзесятнікам прысылаліся з Амерыкі, a ca складзенага жонкай Чарткова «Сборника песен и гимнов свободных христиан», там былі, з нотамі, i рускія народныя песні, i даўно любімая мною «Молитва» Лермантава — «В минуту жизни трудную», i ўпершыню пачутая, ледзь не маршава бадзёрая песня на словы Някрасава «Средь мира дольного для сердца вольного есть два пути», i песні на словы іншых, больш ці менш знаёмых паэтаў, рускіх i замежных. Была i песня, аўтар якое не запомніўся,— пра пахаванне Льва Мікалаевіча, што да «мурашак на целе» ўразіла мелодыяй i словамі, найбольш такое страфы: