Выбрать главу

Прыемна было мне чамусьці ад гэтага Алесевага расказу, а таксама i ад той дэталі, пра якую я зусім забыўся. Як Машэрава папракнулі зверху за тое, што работнікі абодвух ЦК прыходзяць на працу ў дзевяць гадзін, а наша рэдакцыя, ды ў новым доме ЦК камсамола, у дванаццаць. Пётр Міронавіч выклікаў нас на гутарку па гэтай прычыне, а я там прыгадаў вайсковае, капральскае: «Можаце ботаў не чысціць, абы толькі яны блішчэлі!» Ён засмяяўся, i на гэтым справа закончылася.

I такое яшчэ. Пакуль дайшло да Аляксея Кулакоўскага, быў намер паставіць на «Маладосць» універсала Паўла Кавалёва, нават па сумяшчальніцтву, бо ён жа сакратарыў у Саюзе пісьменнікаў. Калі, пасля асечкі з маім рэдактарствам, я быў зноў запрошаны да Машэрава, там былі Асіпенка i Кавалёў. Павел Нічыпаравіч па-сталінску ды панамарэнкаўску пакурваў ці так пасмоктваў люлечку i шматзначна ўсміхаўся. Стаць адказным сакратаром рэдакцыі я адмовіўся, згаджаўся толькі на загадчыка літаратурнага аддзела, а прыязна, па-свойску ўсмешлівы партызанскі Герой, камсамольскі важак ветліва муліўся, што «менш як другое месца ў рэдакцыі прапанаваць вам нязручна». Крыху пазней была зроблена такая камбінацыя: загадчык літаратурнага аддзела быў адначасна i намеснікам галоўнага. А мне прыемна згадваецца i такое, як я, гледзячы на адказную люлечку, спытаўся ў Машэрава: «Што — кіраваць ужо ёсць каму, а працаваць — няма?..» Ён, Пётр Міронавіч, i тут пасвойску засмяяўся.

* * *

Раптам жыва i сцішнавата ўявілася леташняе. Па залітым слякотным сонцам маскоўскім тратуары мы ішлі ўтраіх — Алёша Карпюк, яго заўсёды разважлівая, з добрай усмешкай Іна Анатольеўна i я. Каля сцяны аднаго з дамоў, у цяньку сядзеў з баянам ці паўнапраўны жабрак, ці нейкі, як палякі кажуць, zarobkiewicz [1]. Насустрач нам ён рэзнуў полечку. I тут Алёша — худы пасля асенняй аперацьй, небывала раней маўклівы, у светла-шэрым касцюме i белай шапцы — раптам... затанцаваў!.. Яшчэ зводдаль ад баяніста. За паўтара месяца, як потым аказалася, да смерці... А далей, ужо ўсміхнуўшыся, пайшоў побач ca мною, зноў амаль не прымаючы ўдзелу ў размове.

* * *

Прачытаў дзённік Варлена Бечыка. I сум, i святло ад яшчэ аднаго сутыкнення з чыстай душой таленавітага пакутніка, i ўдзячная радасць ад таго, што ў гэтай душы бываў сяды-тады i я.

Маці Варленава, выкладчыца Кароткая, якую толькі чуў разоў колькі па тэлефоне, а выгляду не ўяўляю, перадала мне ягоную кнігу «Радкі i жыццё» па дзіўнай сціпласці без надпісу. Пазваніў ёй учора, яшчэ раз сказаўшы паважанай Ларысе Лявонцьеўне пра яе святога хлопца...

* * *

Перад сном слухаў Варшаву. Дваюрадны брат Марака Гласкі хораша расказваў i пра свае пакуты ў савецкай ссылцы (сям'я асадніка), i пра Марака-пісьменніка, пра іхнюю дружбу. А на мяне, як ніколі раней,— так жа часта здаецца,— напала сумота ад раз'яднанасці з сябрамі ў Польшчы, на Украіне, у Расіі, у Прыбалтыцы...

Неяк Гілевіч пасля песні ў застоллі сам пачаў пра тое ж,— як балюча паменшала ў яго балгарскіх сяброў. А яму ж на чатырнаццаць гадоў менш, чым мне.

Да ўсіх бедаў нашага ліхалецця — яшчэ i гэтая міжнародная раз'яднанасць!..

* * *

Даў Вялюгіну прачытаць рукапіс «Сваіх старонак» i «Вячэрняга»,— так захацелася талковага позірку збоку. Бо ў рэдакцыі, хутчэй за ўсё, нічога не скажуць. I ўзрост, i пэўны аўтарытэт,— ад гэтага i самотнасць, зусім шчырага слова не пачуеш, як быццам яно табе не патрэбна.

...Пазней, ужо тэлефонна пачуўшы пра ягонае ўражанне ад прачытанага, выказаў сваё сумненне па адным запісе. Анатоль змахнуў яго, сказаўшы, што гэта ў кожнага з нас «за пазухай чырвоны рэдактарскі аловак».

Дадам: як запазушны камень — супраць належнай літаратуры?..

* * *

Шамякін здзівіўся, што я — за Ельцына, як пэўную апору рускай, а з гэтым i нашай дэмакратыі, пачаў бэштаць яго i ягоных, а я, засмяяўшыся, нагадаў яму размову Сталіна ці не ca Стаўскім, які скардзіўся правадыру на пісьменнікаў i пачуў адказ: «А где я возьму тебе других писателей?»

— Таксама, Ваня,— сказаў я,— дзе ж я табе вазьму другога Сталіна?

* * *

Каляровае фота сусветна мілых дзетак, дзяўчынка i два мальцы, i іхняя мамуся, паглядная кашубка з вялікімі блакітнымі вачыма. Расказваючы пра яе, мой малады польскі госць, сын майго даўняга сябра, сказаў, між іншым, як яна, ягоная Гражына, вярнуўшыся ca споведзі, паведамляла яму ў ціхай радасці пра палёгку вызвалення ад грахоў, пра сваё абнаўленне.

Я сказаў яму, што як wolnomyśliciel (якое добрае слова!) не маю такое магчымасці вызвалення ад грахоў, асуджаны пакугаваць ад ix у самоце.

вернуться

1

Чалавек, які толькі й думае, як бы найбольш зарабіць.