Выбрать главу

* * *

«Входите узкими вратами» Рыгора Бакланава. Удзячна прачытаў. Знайшоў у шафе «афтографных» кніг ягоную «Пядь земли». «Милому... с давней любовью, с надеждой, что мы будем дружить. 3.Х.71 г.» Гэта — пасля нашага знаёмства ў Дубултах. Чытаючы цяпер яго жывы, таленавіты расказ пра перажытае пісьменнікам i рэдактарам «Знамени», падумваў нават, што можна было i напісаць яму, аднак неўзабаве пахаладзеў: яшчэ адзін камень у ваду?.. А на сустрэчу сёння разлічваць цяжка. Пагаварыць было б, здаецца, лепш.

Во раз'яднанасць!..

* * *

Продкі маліліся, пакланяліся Сонцу. A ці не найлепшы гэта быў Бог — найчысцейшы i найцяплейшы?..

Не дасужая думка ў мяне, а такое было днямі адчуванне перад тэлеэкранам, на якім прыгожа, велічна Я но заходзіла.

* * *

Ад беспрацоўя зранку ўзяўся за Барыса Мікуліча, «Аповесць пра сябе», беларускі перыяд. Як быццам я гэтага не чытаў, спачатку ў рукапісе, потым у «Немане». I не таму толькі, што захацелася прыемнасці, якую адчуў калісьці ад той старонкі, дзе ён гаворыць пра мяне,— зачытаўся, i вось, пасля гадзіннай паўзы, сумна ад гэтага перачытвання. Хоць i ведаю сам, i з Адамовічам у свой час, калі ў гросбуху чыталі, i з Вялюгіным сёння гаварылі пра тое, што вось чалавеку не далі пісаць мастацкай прозы, прымусілі пакутаваць з-за гэтага, а ён пра пакуты свае напісаў, i гэта — найлепшае з усяго, напісанага ім.

* * *

Дапісаў патрэбнае да ранейшага запісу, загарнуў сшытак, палажыў у шуфляду i нават уголас сказаў сам сабе: «Ziarnko do ziarnka i zrobi się miarka» [2]. Пра тое, што дапісаў.

Калі i будзе ў маім запісванні трохі графаманіі, дык што ж — ад гэтага ж не ўсюды, не заўсёды ўсцеражэшся.

* * *

Пачуў, што цыбаты развязны лахмей, рэдагуючы ў маладзёжнай газеце нейкі матэрыял, закрэсліў у сказе словы «вялікія рускія пісьменнікі» i паставіў: «рускія белетрысты» — Талстой i Дастаеўскі... A другі, крыху здальнейшы, прыкметнейшы, сказаў, выступаючы: «Трэба нам вызваляцца ад гэтых барадатых класікаў!»

А сабе эпітэтаў не шкадуюць. Трэці з гэтай змены, можа, найбольш туманны, у надрукаванай аўтабіяграфічнай даведцы ўжо не толькі паэт, але i філосаф. Сам пра сябе.

* * *

Былы сакратар абкома, а потым — так жа нядаўна — i яшчэ вышэйшы на партыйнай лесвіцы, стаіць у царкве са свечкай у руцэ. Не перад Богам — перад тэлекамерай.

Адна з нашых сярэдненькіх рыфмачак, што i партыйную школу без прымусу закончыла, i на партыйныя сходы хадзіла ўрачыста, як у царкву, цяпер — таксама перад тэлекамерай — істэрычна, як баба-клікуша, расчульваецца над апісаннем мошчаў нейкай святое княгіні...

Мода.

* * *

Пасля раённага свята працы i песні ў гарадскім парку — пяцігадзіннае сядзенне за багатым сталом, дзе i госці з суседніх раёнаў, i з «пабратанага» раёна падмаскоўнага, дзе ўсё раённае i калгаснае начальства з жонкамі. Тыя самыя савецкія тосты, тыя самыя рускія песні. Нават ажно такое было сказана адным з раённых кіраўнічкоў, які ў тосце славіў рускіх, гасцей i наогул: «Усё роўна ж вы будзеце нашымі правадырамі...» Не дзіва, што сумна, стомлена было за тым, здавалася, вечным сталом, з некаторымі прасветамі ў перапынках, калі знаёміўся з аднымі ці сёе-тое ўспаміналі са знаёмымі.

* * *

I чытаючы аднаго, i слухаючы з трыбуны другога, думаў, я к гэта ўсім нам уласціва — пра самога сябе гаварыць абярэжна, кажучы па-санаторнаму, «в щадящем режиме», больш вінаватых бачачы навокал...

I самому трэба гэтага баяцца.

* * *

«Молодой негодяй» Э. Лімонава. Калі паруску — мерзость, скверна, што па пэўным таленце гэтага літаратурнага хулігана, як па ральгангу, легка коціцца ў душы маладых стотысячнымі тыражамі.

* * *

У чорнага маленечкага цюцькі столькі прыязнасці, што ён ніяк не можа выменташыць яе сваім хвосцікам, кожнай раніцы вітаючы мяне, калі прыходжу ў насёлак па малако. I падхалімствам гэта не назавеш, бо ён жа яшчэ зусім дзіця.

* * *

Як часта гэта бывае, што ў нейчым расказе пра самога сябе харошага не сказаным застаецца такое трошкі не так,— не так было, не так запомнілася тым, хто быў пры гэтым i ведае. Ва ўспамінах, у інтэрв'ю бачыш гэтае не зусім так i не заўсёды хочацца рэагаваць. Каб не разменьвацца на дробязі, а то больш з дабрадушнай ляноты.

А тым пазёрам, ці як тут сказаць, гэта якраз i добра, што хтосьці прамаўчыць.

* * *

Дзве дачныя радасці — прыехалі ўнукі i пачаўся, нарэшце, дождж!

Дзед з бабай ператаміліся ад штодзённага шчодрага палівання градаў, а тут i вельмі чаканы, i ўсё ж неспадзявапы працяглы kapuśniak, як трапна кажуць палякі.

вернуться

2

Зярнятка да зярнятка i збярэцца мерка.