Выбрать главу

И роет могилу лопата,

и сыплется желтый песок,

и горем полмира объято —

преставился русский пророк...

Што яшчэ здзівіла тады, дык гэта мноства рабых ад воспы, «е» замест «ёсць», абсечанасць у назвах: «паехаў у Баранавіч», «быў у Ляхавіч» i сёе-тое іншае. Пяцідзесятнікі, напрыклад, вітаюцца словамі «слава нашаму Госпаду», а малёванцы «слава Богу», звяртаюцца таксама: «брат», «сястра», аднак яшчэ i цалуюцца, як родныя пасля доўгай разлукі.

Людзей у хаце, хоць i не малой, было поўна. Душна i потна. Побач са мною дзябёлая дзеўка, рабая ад воспы, рыжая i шчодра потная, у песнях галёкала як за ўвесь гурт. I Міша Касель, праціснуўшыся да мяне, вельмі дарэчы кіўнуў, каб выйсці, а за парогам прапанаваў прайсціся. Ад хутарское хаты Вінеляў мы памалу, гамонячы, пайшлі ў поле... Ад тых, у каго мы з братам спалі першую ноч, па Евангеллю зайшоўшы ў самую першую ў вёсцы крайнюю хату, я ўжо ведаў, што Касель, на сем гадоў старэйшы за мяне, нядаўна вярнуўся з турмы, дзе адбываў пакаранне за адмову служыць у войску. З яго намёкаў, уздыхаў, усмешак i больш адкрытай шчырасці я адчуў яго пэўнае расчараванне i ў пацыфізме, i яшчэ больш у малёваншчыне, у якой за такімі вось спевамі, братаннем-сястраннем з пацалункамі была i проста веска, як i ўсе навокал, з шэрай будзённай беднасцю, з нейкім трохі багаццем у адных i зайздрасцю ў другіх, з цемрай i варажнечай, не толькі дробязнай, бабскай, але i больш агіднай у праявах, да боек i судоў уключна...

Праз два гады пасля гэтай гутаркі, наведаўшы Рачканы на веласіпедзе, ды адзін, бо Міша мой сядзеў у турме, я запісаў у блакноце, а дома перапісаў у дзённікавы сшытак, які захаваўся:

«Малёванцаў ужо няма. Засталося некалькі сем'яў вегетарыянцаў, дый то яны спыняюцца толькі на вегетарыянстве, а матэрыяльная няроўнасць ужо не рэжа ім вочы... Чытаюць мала, дзяўчаты зусім не чытаюць. Многія нават не ведаюць, хто такі быў Малёваны. Бібліятэка разабрана, на руках, добрую частку яе Пятрусь Вінель павёз у Парагвай, частка, як хлопцы кажуць, «у музеі М.» (цяпер, цытуючы запіс, не магу ўспомніць, чыё гэта прозвішча), частка ў Вінцуся Вінеля i патаемна рыхтуецца да вы вазу ў Парагвай. Ад дзяўчат i маладзейшых хлопцаў аддае пустатой. Старэйшыя хлопцы выйшлі з абшчыны. Мужчыны крывадушнічаюць. Старыя ад Малёванага набраліся адмаўлення навукі, мастацтва, музыкі. Забубёныя «матэрыялісты» i сектанты...

Словам, прыехаўшы да ix з наіўнай надзеяй адпачыць душою, падмацавацца — робіцца сумна i ўзнікае пытанне: «Чым жа вы адрозніваецеся ад усіх людзей? Ці варта ехаць да вас за 60 кіламетраў?.. Паедзе Міша Касель у Парагвай, Вінель — таксама, толькі з-за Пашкі i буду тут калі-небудзь...»

У брэсцкае «więzienie karne», дзе наш Міша з вясны трыццаць сёмага сядзеў, адмовіўшыся ў баранавіцкім пяхотным палку не толькі ўзяць зброю, але i надзець салдацкую форму, пісаць можна было толькі адзін раз у месяц. Таму мае пісьмы яму былі вялікія, пісаў я ix у свабодны ад работы час, на працягу двух-трох вечароў. Па-журналісцку кажучы, цэлая «хроніка бягучых падзеяў», прытым, для большай зручнасці для пана цэнзара, на рускай мове. Пісаў я свайму пакутніку, вядома, i пра расчараванне ў малёванцах, i пра тое, як я падзяліўся гэтым расчараваннем з Вігдорчыкам i як ён мне адказаў. Цытую ў перакладзе:

«Твае заўвагі пра «растайванне» рачканскай абшчыны, пэўна ж, правільныя. Ды гэта, відаць, i непазбежна, i патрэбна. I тое, што адбываецца ў ёй, мусіць, лепш, чым рабіцца чаму-небудзь штучнаму, з намерам утрымаць у цэласці «шкарлупіну» (абшчыну). Уся справа цяпер у тых нешматлікіх паасобных птушанятах, здольных выконваць свае прызначэнне, якія вылупіліся з яйка (абшчыны). Аднак пры гэтым нам не трэба забывацца, што Богава сіла дзейнічае ў людзях i не заўважна для нас».

Да такіх «птушанят» належаў i Пашка, пра якога я пісаў Мішу:

«Слаўна мы з ім гутарылі начамі ў яго каморцы, куды ён заходзіў «прысыпаць» мяне. Ён мяне любіць, што асабліва паказаў пры развітанні».