* * *
Чытаючы ў «Литературной газете» пра барства старога Канстанціна Федзіна, успомніў, як напрадвесні шасцідзесятага года, у Яснай Паляне, Валянцін Фёдаравіч Булгакаў, не толькі рускі інтэлігент, але i еўрапеец, расказваў нам з братам пра тое барства старога класіка пры ўладзе. A Канстанціна Сіманава, наадварот, хваліў. Абодвух ён там, у розны час, прымаў, расказваў пра апошні год Льва Мікалаевіча.
* * *
У канцы сорак сёмага года, увечары мне пазванілі, што зараз па мяне прыедуць — просьба выйсці на двор. Насцярожанасць, страшнавата, .хоць i сказана было, што звоняць з Дома ўрада. Я выйшаў, неўзабаве падсунуўся яго вялікасць «ЗІС». На месцы мяне правялі на належны наверх, у патрэбны кабінет, i там страх зусім кончыўся. Там ужо былі Мікола Татур i Піліп Пестpaк. Як аказалася, таварышу Панамарэнку спатрэбіліся людзі з веданнем польскай мовы. У цяжкіх гамінах польскіх даведнікаў ці зводаў законаў (не памятаю дакладна) бялела мноства закладак, а на старонках — абведзеныя алоўкам мясціны, якія трэба перакласці. Над наглядам нейкага клерка мы пачалі. Па стылі таго часу — работа начная, як у сам ora таварыша Стал i на.
Ды працавалі мы нядоўга. Зайшоў сам гаспадар — Панцеляймон Кандратавіч. Першы раз я вітаўся за руку з такой высокай асобай. А ён разгаманіўся з намі — па гісторыі Беларусі. То седзячы, то больш ходзячы па вялікім кабінеце, з неадлучнай люлькай то ў руцэ, то ў зубах,— таксама ж сталінскі стыль. Цікава было i дзіўна, як ён разбіраецца. Скажам, у параўнанні з Гарбуновым, нядаўнім сакратаром па прапагандзе, пра якога ён кпліва сказаў:
— Историк! Перепер все у Язепа Найдюка...
На ўвазе мелася «Беларусь учора i сяння», якую я ў гады акупацыі бачыў, трохі чытаў.
I яшчэ што запомнілася,— як ён, Панамарэнка, раіў Пестраку напісаць пра перажытае ўспаміны.
— Пишу роман,— адказаў Піліп Сямёнавіч.
А той:
— Да что роман! Вы бы что-нибудь вроде «Былого и дум».
Дарэчы, у выдадзеным тады першым томе гісторыі Беларусі, у прадмове да яе «гісторык» Цімох Гарбуноў у пераліку найстарэйшых гарадоў нашай рэснублікі назваў ... Баранавічы.
Потым той самы «ЗІС» даставіў нас дахаты, на ўспакаенне стрывожаных жонак.
А дапамога найпершаму на тым вечары i закончылася.
* * *
У раі ў Адама з Евай, відаць, не магло быць такое заедзі — ноччу i днём,— як у нашым тут расквітнелым, вільготным i цёплым прылясным наднёманскім раі.
* * *
Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:
— Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił! [4]
«Дзесяціна» тая — касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.
* * *
Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, a нейкі іншы рэкорд.
Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком i смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне — выразная задаволенасць такою звышкрасой.
* * *
Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем'янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда — ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:
— Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць i другое яечка.
Жонка, сівенькая i ўвішная, калі прапанавала яму сесці:
— Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.
Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.
Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:
— Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.
I наогул там у ix, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...
* * *
У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі i безданаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».
* * *
На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу i машыны гудуць, i людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. A трохі ўзбоч ад ix — галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на ix, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.
* * *
«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб i мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»