Выбрать главу
Nazywam się Milijon — bo za milijony Kocham i cierpię katusze [12].

I гэта высокае... убачылася рытарычным. Тут не мільёны, a сотні, дзесяткі, адзінкі цяжка дый немагчыма змясціць у душы...

Пазаўчора ноччу жахалі на ўсё неба над пушчай маланкі, за якімі далека ззаду пагруквала. Палавіна верасня, а там недзе навальнічыць, недабраўшы свайго за летнюю бязлітасна доўгую сухмень.

I думалася: ці мае жахалі — толькі ад жахнуць, моцна ўдарыць, ці разам з гэтым i жахнўцца, вельмі спалохацца?..

A ўчора позна вечарам над маладымі бярозамі за дарогай заўсёды загадкава, ледзь не шчасліва-сцішнавата стаяў, амаль у поўні, месяд, а лявей, ніжэй — раз-поразу вухаў пугач.

Згадаліся гдыньскія ночы, ваенны верасень трыццаць дзевятага, самы пачатак яго. Калі яны крычалі, пугачы, у прыморскім букавым лесе на ўзгорках, ранячы нашы маладыя душы. Бо гаварылася ў акопах, што гэта яны — пачуўшы першую кроў...

* * *

«Трое на велосипеде» Джэрома К. Джэрома. Пасля яўрэйскага гумару Шолам-Алейхема — англійскі. Кніга цікавая яшчэ i таму, што я ж у пэўнай меры ведаю Германію, у я кой адбываецца падарожжа. A які натуральны той гумар, што я, ва ўсёй яго нацыянальнай асаблівасці, смакаваў у альбіёнскай класіцы не раз i здаўна... I рантам такое сур'ёзнае (перакладаю):

«Мы ганарымся нашай гуманнасцю i цывілізацыяй, аднак, адкінуўшы набок крывадушнасць, усётакі павінны прызнаць, што пад крухмальнымі манішкамі ў кожным з нас сядзіць дзікун, з нечаканымі дзікунскімі інстынктамі; ён ніколі не знікне; часам ён нам патрэбен — i тады з'яўляецца на першае патрабаванне; але падкормліваць яго — лішне».

Такое ў містэра Джэрома — пасля не толькі дасціпна-едкага, але i прыкрага дзікасцю традыцыі апісання нямецкіх студэнцкіх паядынкаў, мензураў.

А я, чытаючы, успомніў, як наш Юрка Багушэвіч, не толькі празаік, але i суддзя рэспубліканскай катэгорыі па боксу, угаварыў-такі мяне прасядзець побач з ім дваццаць дзве сустрэчы баксёраў з розных рэспублік. З суддзёўскага крэсла, зблізку бачачы ў тварах спартсменаў, амаль ва ўсіх, проста дзікасць. Асабліва ў аднаго беларуса, пра якога Юрка, апраўдваючы любімы спорт, шапнуў, што хлопец той «закончыў толькі тры класы» i ён «проста злосна б'ецца», i ў аднаго латыша, старэйшага, лысага, з распатланымі рэшткамі доўгіх валасоў i выразам твару, азвярэлым яшчэ больш, чым у нашага суайчынніка, бо акрываўленым ад разбітага носа. Ён таксама «проста біўся», i гэта было агідна.

Як яно часта бывае пры чытанні таленавіта цікавага, паралельна ўспамінаецца штосьці сваё, у нейкай бліжэйшай ці далейшай падобнасці.

Там, дзе адзін з герояў Джэрома зблытаў у нямецкім магазіне ein Kuss (пацалунак) з eine Kissen (падушка), мне згадаўся суд над нямецка-фашысцкімі ваеннымі злачынцамі ў канцы сорак пятага года.

Калі на апытанні радавога падсуднага перакладчык, бландзініста-губаценькі савецкі лейтэнант, зблытаў die Küche i die Kirche. Ha пытанне суддзі, у якасці каго падсудны служыў у вермахце, той адказаў: «Bei der Küche», а лейтэнант пераклаў: «В кирхе». Суддзя не паверыў, перапытаў, падсудны яшчэ раз сказаў тое самае, лейтэнант пераклаў таксама. I тут падсудны не вытрымаў — па-свойму шапялява, але гучней вякнуў па-руску: «Кухня! Каптенармус!» I нават засмяяўся. Разам з усёй перапоўненай залай.

Паўтару: у снежні сорак пятага... Не памятаю, ці засмяяліся ў пагонна-важным прэзідыуме i ў загарадцы для злачынцаў рознага рангу.

Амаль праз паўвеку ў тым усплёску смеху адчулася мне жудасць справы, дзеля якое ўсе там сабраліся...

У «Роднай прыродзе» — перадрук маіх замалёвак «Перад яе красой».

Перачытваючы богведама каторы ўжо раз даўні запіс пра раніцу ў зімовым лесе, дзе: «Прьшадняўшы вуха трусінай шапкі, я спакваля настроіўся на калыханку ціхенькага пошуму ў вершняку», не ўпершыню бачу ўсмешку мілага Міхася Стральцова, калі ён мне гэтае месца хваліў.

* * *

З многімі — толькі па тэлефоне, не ведаючы, не ўяўляючы добра, што там ды як там у ix дома; за тэлефонным нумарам — толькі голас знаёмы, толькі ўяўленне, нібы бачанне знаёмага вобліку. I гэта ў сваім горадзе, у іншых гарадах, у некаторых іншых краінах...

Таксама ж дзіўна гэта, неяк нават па-дзіцячы, з наіўнасцю жадання пазнаваць, даведвацца як найбольш.

* * *

Прэтэнзіі значна большыя як на ўдзел у вырашальных гістарычных падзеях — бітвы пад Грунвальдам, пад Оршай,— i прэтэнзіі на беларускасць Касцюшкі, Міцкевіча, нават Дастаеўскага — раздражняюць i засмучаюць, вельмі падобна на «збеларушчванне», крыўлянне на «беларускі лад» песняў суседскіх — рускіх, украінскіх, польскіх, слухаючы якія, бывае i сорамна i балюча. Як сведчанне нашай беднасці, а можа, больш нашага жабрацтва пры сваіх нацыянальных багаццях.

вернуться

12

Я называюся Мільён — бо за мільёны люблю i пакутую. (Адам Міцкевіч. «Дзяды». Частка III. Імправізацыя.)