Выбрать главу

Словам, патрыётам роднага я быў, а нацыяналістам, хоць у нейкай меры, ніколі. Што трэба было тады i трэба сёння.

Успамінаў сёння А. Г. Астроўскага i Уладзіслава Бранеўскага,— як яны ў палавіне пяцідзесятых гадоў, кожны па сабе, хвалілі маю рускую i польскую мовы, Арсеній Георгіевіч безагаворачна, a Уладзіслаў дадаўшы: «Jako kresowiak» [13], на ўвазе маючы спеўны акцэнт.

Чытаючы, а тады i перадрукоўваючы пісьмы да Мішы ў турму, рады быў, як... ну, няхай сабе толькі як яны зусім нядрэнна гавораць пра маё юнацкае самавуцкае веданне рускай мовы. З польскай было ўсётакі інакш — школа. А з украінскай, якое не было бліжэй, чым Гарошкава камора, а потым месяцы вайсковай службы ў Хэлме, дзе я пасябраваў з украінцамі, да часу пасляваеннага было ў мяне значна бядней.

* * *

На гэтым тыдні двойчы прыйшлося цяжка пахвалявацца.

На паседжанні рады Саюза пісьменнікаў, калі Савіцкі, што любіць амаль на кожным сходзе даваць пад канец высакапафасны акорд, зачапіў i мяне,— што я, народны, нічога, маўляў, не раблю для справы адраджэння. «Я рабіў гэта яшчэ тады, калі ты працаваў у ЦК i не даваў мне гэтага рабіць». (Аплодисменты, смех.) I хапіла б такога адказу, а я загарэўся, панёс i пра мітынг у падтрымку ўвядзення войскаў у Чэхаславакію, i пасылку ім Снечкусу стэнаграмы выступлення Пяткявічуса...

Ды тое пераняслося лягчэй. А вось учора, калі М. другі раз пазваніў, каб прадоўжыць сватанне ў «Народную газету», я выказаў прадуманае — i пра двухмоўнасць газеты, i пра выступленні Будзінаса i Якубовіча... Дастойна, доказна, аднак пасля пяці гадзій за машынкай, перад гэтай тэлефоннай гутаркай, яна не прайшла для нерваў лёгка, хоць i прагуляўся па парку, па сонечным марозіку адвячорка, i нават паспаў гадзіну пасля гэтага. Галава балела, як н i кол i дагэтуль, i сэрца таксама.

Трэба ўсё-такі больш думаць пра галоўнае.

Учора ўсмак папрацаваў над падрыхтоўкай сёлетніх запісаў для публікацыі. Цяпер прадоўжу перадрук, як быццам скінуўшы з сэрца лішне цяжкае ў дарозе.

* * *

Паўза ў рабоце. Па Гогалю: «Иду я — идет работа...» А я не іду наперад, дык i не ведаю, што рабіць. Чытаю.

У «Немане» — успаміны бацькі Багдановіча. Гэта цікава, так расказаць пра час i пра сябе ў тым часе, гаварыць, што табе хочацца. Пакуль што ў яго пра маленства, сям'ю, свой род. I «як найбольш падрабязнасцей», як вучылі вялікія.

Прачытаў «Масееву кнігу» Сяднёва. Штосьці падобнае на маю «Пішу як жыву», нават i выдадзена шэранька-падобна, i ў тым самым Маладзечне набрана-надрукавана. Зроблена зусім па-свойму, спачатку гэта здавалася дзіўным, але цэльнасць уражання атрымалася, i чытаў з цікавасцю.

...Чытаю далей Адама Ягоравіча. Трохі як быццам i рыхлавата пайшло i зацягнута, але пайду да канца.

Сёе-тое з нядаўна падараванага: «Радаводнае дрэва» Генадзя Кісялёва, «Пакуль не завялі кветкі» Алеся Масарэнкі, «Ледніковыя валуны Беларусі», падараваную Радзімам Гарэцкім у Таргунах.

Добра было там, у роднай вёсцы Леанілы Усцінаўны [14], у школе, душа якое выхаванка Федзі Янкоўскага, Ганна Парфёнаўна Корсак. Там i сказаць можна: жыве Беларусь!

* * *

Неяк быў жыва, выразна падумаў пра тое, як гэта некаторыя адраджэнцы час ад часу зноў падкрэсліваюць, што ўдзельнікі Дзядоў у кастрычніку 88-га, разагнаныя міліцыяй, ад Усходніх могілак i ад Курапатаў вярталіся «ўжо не як насельніцтва, а як народ». Ці не залішне гэта саманадзейна, перабольшана?.. Ва ўсякім выпадку, ёсць жа нямала i такіх, што сынамі народа, народам адчувалі сябе i «трохі» раней...

У пэўнай сувязі з такім наіўным патрыятызмам згадаем i тое, як на прыёме нашых маладых літаратараў у Саюзе пісьменнікаў яшчэ СССР адзін з ix патрабаваў для свайго выступлення перакладчыка з беларускай мовы; як на беларускім вечары ў зале імя Чайкоўскага, наладжаным для маскоўскай дыяспары нашым пасольствам, маладыя энтузіясты абураліся, што гардэробшчыца гаворыць з імі не па-беларуску; як на паседжанні рады ТБМ, куды я зайшоў, адзін з членаў рады, работнік Акадэміі навук, пералічваючы беды беларусізацыі, сказаў, як ён чуў у «Кнігарні пісьменніка», што адзін з народных «гаварыў з суседкай па-расійску». Аказалася, што гэта быў я...

* * *

Дробязь: на вечары памяці Семяжона я гаварыў пра яго ў маладыя гады як пра элегантнага афіцэра, згадаўшы «тонкага дасціпніка» Вялгогіна, што «абцасікамі лясь, ручку цмок!» — так пра нашага Юзіка.

вернуться

13

Як жыхар «усходніх крэсаў».

вернуться

14

Чарняўская Л. У. (1893-1976), пісьменніца, жонка Максіма Гарэцкага.